Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Капіталістычная рэклама існуе больш для таго, каб пусціць у абарот дрэнь, што заляжалася”


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі “Звезда”, 1926 год:

“Менская шырокавяшчальная радыёстанцыя, якая адкрылася яшчэ ў лістападзе, дагэтуль ня здолела наладзіць рэгулярнай і цікавай перадачы. Менскія радыёаматары ня маюць магчымасьці атрымаць дзе-небудзь параду ці праверыць свае самаробныя прылады. Дарэчы, адзінае прадстаўніцтва распаўсюду радыёапаратуры ў Менску, агенцтва “Сувязь”, ня лічыць чамусьці патрэбным набыць дробныя радыёпрыстасаваньні, а прылады, якія маюцца, такія дарагія, што зусім не па кішэні шараговаму аматару”.

“Комуніст”, 1936 год. Даклад народнага камісара харчовай прамысловасьці СССР А.Мікаяна:

“Трэба пачаць развіваць советскую рэкламу, каб людзі ведалі і куплялі новыя віды харчовых прадуктаў, каб развіваліся густы людзей, каб укараніць у быт новыя прадукты і тавары. Адрозненне советскай рэкламы ад капіталістычнай заключаюцца ў тым, што капіталістычная рэклама існуе больш для таго, каб пусціць у абарот дрэнь, што заляжалася, спусціць спажыўцу фальсіфікаваны прадукт”.

“Народная Воля”, 1996 год. Выступ старшыні Канстытуцыйнага суду В.Ціхіні ў парлямэнце:

“На мінулым тыдні з вуснаў прэзыдэнта рэспублікі прагучала думка пра тое, што прынцып падзелу ўладаў зрабіўся пагрозаю для нашай дзяржавы і што Канстытуцыйны суд гэтым прынцыпам спэкулюе. Адказ наш такі. Увесь цывілізаваны сьвет… жыве сёньня згодна з гэтым прынцыпам. Прынцып падзелу ўладаў уваходзіць у залаты фонд прававых каштоўнасьцяў. Канстытуцыйны суд ніколі гэтым прынцыпам прававой дзяржавы не спэкуляваў і не зьбіраецца спэкуляваць. Мы ў Канстытуцыйным судзе разумеем яго гэтак жа, як запісана ў артыкуле 6 беларускай Канстытуцыі, у адпаведнасьці зь якім тры галіны ўлады (заканадаўчая, выканаўчая, судовая) у межах уласных паўнамоцтваў самастойныя, узаемадзейнічаюць, стрымліваюць і ўраўнаважваюць адна адну”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG