Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Набліжэньне эпохі


Сяргей Дубавец, Вільня Калі пры поўнай залі чынавенства на чале з Лукашэнкам канфэрансье абвясьціў 2-і канцэрт Рахманінава для фартэпіяна з аркестрам, я быў перакананы, што зайграюць папулярны пачатак гэтага клясычнага твору. Аднак зайгралі не пачатак, а – “фрагмэнт фіналу”. Ці быў у гэтым намёк музыкаў, ці не, але ўпершыню з савецкіх часоў па-асабліваму ёкнула сэрца...

Аглядаючы сёньняшнія літаратурныя дасягненьні, ты зноў шукаеш між іх нейкага этапнага твору, нейкага бясспрэчнага адкрыцьця, новага імя ці хоць бы якога выверту літаратурнага працэсу. Але замест знаходак чарговы раз прыходзіць канстатацыя літаратурнага бясчасься, якое доўжыцца ўжо два дзясяткі гадоў. Штосьці, зразумела, і пішацца, і зьяўляецца, але так, каб... Памятаю, даўным-даўно, яшчэ ў Каралішчавічах, мы слухалі дэклямацыю вершаў. І калі чытальнік закончыў, паўхвіліны трымалася паўза, а пасьля заля проста выбухнула воплескамі, і ўсе ўзбуджана паўтаралі толькі адно слова: паэт, паэт, паэт...

Сучасьнік можа цешыць сябе спадзевам, што ў ягоныя вершы папросту не ўчыталіся, не разгледзелі ў ім паэта... І нельга адмаўляць яму ў рацыі. Бо каб публіка вычытвала і “вычувала” ў культуры сапраўдныя абэртоны, яна, публіка, павінна быць настроеная на адну хвалю, жыць у адной сыстэме каардынат, мець адну іерархію каштоўнасьцяў. А гэта якраз тое, што за мінулыя дваццаць гадоў публіка страціла.

Сёньня, каб дачакацца зьяўленьня шэдэўраў і геніяў, патрэбныя ня толькі аўтары і творы, але тая пазнавальная адзіная хваля, на якую аўтар і твор маглі б арыентавацца і ў якой маглі б прагучаць як геній і шэдэўр. Патрэбная эпоха. А яе няма. “Ну дзе вашы шэдэўры?” -- пытаецца чытач у літаратара, наіўна думаючы, што гэта пісьменьнік стварае эпоху. Ён, вядома, на яе ўплывае, але зноў жа, толькі тады, калі яна, гэтая агульная хваля, ёсьць.

Хрэстаматыйны прыклад -- апавяданьне Леніда Дранько-Майсюка, якое адкрывае апошні нумар часопіса “Дзеяслоў”. І чытаецца, і напісана культурна, акуратна, але адкуль і куды – адкуль узята і куды скіравана, да чаго гэта можна было б прыладзіць, – невядома. Міма эпохі, бо эпохі няма. Між тым, многія яшчэ памятаюць паэтычны дэбют гэтага аўтара ў савецкія часы, калі ні да каго не падобныя вершы пра цукровых пеўнікаў адразу і дарэчы леглі ў агульны малюнак літаратуры той дадатковай фарбай, якой у ім, у малюнку, яшчэ не было.

Гэта значыць, што за савецкім часам была тая агульная хваля, была публіка і разам яны ўтваралі эпоху, дзякуючы чаму сталі магчымымі дзясяткі выдатных беларускіх літаратараў і твораў. Мы ўсе стаялі насуперак сыстэмы, цэнзуры і маналітнага абсурду застойнага жыцьця і наша адзінства, наша эпоха выяўляліся ў паўслове, паўнамёку, паўжэсту. Але пасьля хваля была страчана. Да разбурэньня агульнае сыстэмы каардынат спрычынілася шмат што: і распад саюзу, і рынак, і сучасная Лукашэнкава русыфікацыя. Толькі ж іншага шляху, апроч як адбудоўваць гэтую сыстэму, няма. Прычым мы не адбудуем яе на ўзор заходніх дэмакратыяў, дзе свае сыстэмы складаліся стагоддзямі. Не адбудуем і таму, што цалкам пазбаўленыя такога досьведу, і таму, што сёньняшні аўтарытарны рэжым не пакідае выбару. Падман цэнзуры, эзопава мова ды іншыя хітрыкі, што часьцяком прыводзілі да зьяўленьня клясычных твораў беларускае літаратуры, – вось той шлях, да якога падштурхоўвае нас рэчаіснасьць.

* * *

Развагі пра літаратуру праектуюцца і на палітыку. Калі няма эпохі, няма адкуль брацца адэкватным грамадзкім лідэрам, няма з чаго нараджацца і куды скіроўваць сваю дзейнасьць. Таму на прэзыдэнцкія выбары ў нас ідзе шмат кандыдатаў, практычна з аднаго кошыка, але кожны са сваёй тактыкай, ажыцьцяўленьне якой без удзелу астатніх немагчымае. І гэта таксама – выпадзеньне з эпохі, якой няма.

Была б яна – можна было б падумаць, што яны наўмысна сварацца, гуляюцца ў лебедзя, рака і шчупака, каб абдурыць галоўнага апанэнта. Але эпохі – таго таемнага інтэлектуальнага абэртону, злучва “тых, хто ўсё разумее” – няма.

Чаму яна, эпоха, не нарадзілася за гэтыя 12 гадоў? Таму што ўвесь гэты час ішло самасьцьверджаньне новае ўлады, а публіка няспынна была гатовая да самых нечаканых перамен. Напэўна, сёлета ўвесну сытуацыя зьменіцца. Бо ўсе раптам зразумеюць, што апынуліся ў “вечным царстве”, што больш ужо ніякіх пераменаў чакаць не выпадае. І гэта будзе галоўная перадумова набліжэньня эпохі.

* * *

Пра літаратуру спрачацца можна бясконца, але ёсьць у ёй і абсалютныя канстанты. Напрыклад, лірычны герой. Гэта – праекцыя аўтара. Вось ён – жывы чалавек на вуліцы горада, і вось – тое, што ў яго ў галаве. Часта ён так і кажа – гэта я, часам ён гаворыць ад свайго імя, хоць ты разумееш, што ён усё прыдумаў. А часам яго і ўвогуле няма, але ўсё, што адбываецца ў творы – адбываецца ў ягонай галаве. У кожным разе, лірычны герой – гэта такая самая праекцыя аўтара, як і аўтар – праекцыя свайго лірычнага героя. Хто ён і хто я? Хто я і хто ён? З гэтага нараджаецца творчасьць.

За савецкім часам праблемы самавызначэньня ў беларускага літаратара не было. Я – прыстойны літаратар, я – літаратурны хуліган, я – горкі п’яніца, я -- ... Праблема ў тым, які я і наколькі мне хопіць сілы быць тым ці іншым і, натуральна, праблема ў таленце. Ці я геній? – задумляўся Мікола Мятліцкі, ці я графаман? – не даваў сабе спакою Алесь Асташонак. Але праблемы з самавызначэньнем не было. І зь вечнасьцю наперадзе таксама. Значыць, не было праблемы зь лірычным героем, з творам, з творчасьцю. Урэшце кожны пісьменьнік заўсёды піша пра сябе і пра сваё.

А тут – “лузер”. Не, ніхто не паддаецца гэтай спакусе – вызначыць сябе як няўдачніка. Наадварот. Я не няўдачнік! А хто? – вось пытаньне для кожнага літаратара, якое сёньня часьцяком застаецца без адказу. А калі я ня ведаю, хто я, дык такі ў мяне і лірычны герой, такі твор, такая творчасьць. На адмоўным усьведамленьні сябе ня-лузерам, не-няўдачнікам, ня-кімсьці ніякіх посьпехаў не дасягнеш.

Вядома, ёсьць яшчэ вера ў чыстую эстэтыку. Адзін празаік нядаўна сказаў свайму крыўдзіцелю самае крыўднае, што толькі мог: “Сёньня я занатую ўсё гэта ў сваім дзёньніку!” Гэта значыць, раскажу ўсю праўду пра твой непрыглядны ўчынак -- вечнасьці.

* * *

Беларуская літаратура даўно забылася пра тое, што значыць падмануць цэнзуру – пра інтэлектуальныя перамогі, пра сам смак гэтага занятку і асалоду ад таго, што твае эзопавы радкі патрапілі ў друк і былі адпаведна зразуметыя публікай. Жывучы ў краіне дыктатуры і аўтарытарызму, татальнага кантролю і ўціску, беларускі літаратар, тым ня менш, піша тое, што хоча, друкуе тое, што піша, і чытае тое, што друкуе.

Ён нібы ўхіліўся ад цэнзуры, а яна – ад яго. Прынцыповага літаратара ніхто не ўціскае. Цэнзура кантралюе сваю вузкую палоску, на якой сабралася купка беспрынцыпных графаманаў, задаволеных адсутнасьцю крытыкі. Усім добра.

Падманваць цэнзуру няма патрэбы, пакуль ёсьць незалежныя выданьні. Мы кажам, што гэтыя выданьні ледзьве ліпяць апошнія дні, тым ня менш, іх прысутнасьць пазбаўляе сытуацыю таго напружаньня, якое і натхняе літаратара на інтэлектуальныя перамогі. Мы пішам як эўрапейцы, саміх сябе ўсьведамляючы паўночнымі карэйцамі. Адсутнасьць чыстага жанру пасяляе сьвядомасную эклектыку, у якой мы адначасова і змагары, і тыя, хто ня надта верыць у патрэбу свайго змаганьня. Мы не разумеем, ці мы ўжо ці яшчэ Кундэры ў Парыжы, ці мы ўжо ці яшчэ Кундэры ў Празе 1968-га. Што тут скажаш або напішаш?..

* * *

Каб параўнаць тыповыя ўчынкі мастака ў сытуацыі чыстага жанру і нячыстага, падвешанага, прывяду два прыклады. Напачатку 1980-х на рэспубліканскай мастацкай выставе Ўладзімер Крукоўскі выставіў сваю працу, якая адразу стала клясыкай беларускае культуры. На плякаце былі напісаныя радкі зь беларускага савецкага гімну – “У бітвах за волю, у бітвах за долю”, што, напэўна, і прымусіла цэнзуру гэты плякат “прапусьціць”. Бо намаляваная на ім была жанчына-Беларусь, вялікая і дужая, у ваяцкай кальчузе, складзенай са старадаўніх гербаў гарадоў, зь вялізным мячом, словам, такая, у якую мы ўсе і верылі і якая бяз гімнавых радкоў ніколі б не патрапіла на выставу, бо была абсалютна адваротным вобразам таму, які насаджаўся – пра Беларусь несамастойную і цалкам залежную ад Расеі.

Другі прыклад – росьпіс Алеся Пушкіна, які ў вясковай царкве намаляваў люцыпаравы катлы, у якіх гарыць у агні Лукашэнка. Гэты вобраз – нібы крык ад бясьсільля. Сваёй стылістыкай ён блізкі да верша Славаміра Адамовіча “Убей преизента” і да пэрформансаў самога Пушкіна, а працяг мае ў галадоўках, якія так пашырыліся ў лукашэнкаўскія часы. Найвялікшы сэнс усіх гэтых дзействаў зусім дзіцячы – “вось памру, тады плакаць будзеце”... Але я вярнуся да таго царкоўнага росьпісу. На добры лад, такі ўчынак мастака вымагаў бы шырокага грамадзкага абмеркаваньня, чаго, на жаль, не адбылося ані ў афіцыёзнай, ані ў незалежнай прэсе. Зь іншага боку, мне цяжка ўявіць чалавека, які стане хадзіць у такую царкву дзеля сваіх рэлігійных патрэбаў і далучацца да сакруму, гледзячы на Лукашэнку ў пякельным катле.

Уладзімер Крукоўскі даў прыклад клясычнага пераігрываньня цэнзуры. Алесь Пушкін выпусьціў пару ўласнае ярасьці. Па вялікім рахунку, гэтыя два матывы і адрозьніваюць беларускую культуру за савецкім часам і ў нашы дні.

Няма сумневу, што цэнзура дысцыплінуе, раздражняе і нават натхняе творцу. І калі яна раптам зьнікае, разам зь ёй прападае звыклая сыстэма каардынат. Творца шукае іншай сыстэмы, але не знаходзіць, бо не прывык кіравацца адно эстэтычнымі матывацыямі. Тым часам Лукашэнкава дыктатура дала яму толькі ілюзію вяртаньня старых парадкаў. Пакуль, прынамсі, гэта так.

Творца мусіць расказаць пра сваю эпоху, а ён яе не намацвае, і зрабіць гэта яму замінае падвешаны стан. Ён раптам перастаў разумець, хто ён. Ад яго чакаюць адказаў іншыя, а ён і сам рады запытацца. А тут яшчэ гэты гадзіньнік так праціўна такае над вухам. Гэтай ноччу.

Гэтай ноччу могуць зачыніць “Нашу Ніву”.

Гэтай ноччу можа сысьці ў невараць Лукашэнка.

Гэтай ноччу...

Гэтай ноччу гадзіньнік такае ўжо 10 гадоў.

За 10 гадоў наш літаратар так і ня вызначыўся да канца, хто ён: змагар, затворнік, нонканфарміст ці проста сядзіць у пачакальні на чамадане. Адпаведна тое самае адбылося і зь ягоным лірычным героем, і зь ягоным творам і зь ягонай творчасьцю.

* * *

Чаму савецкая эпоха беларускага пісьменьніка не навучыла, дык гэта пісаць у стол. Без пэрспэктывы друку, бяз шанцаў на вядомасьць, бязь відаў на ганарар. Беларускія пісьменьнікі ніколі нічога істотнага ў стол не пісалі. Зараз бы гэткі досьвед прыдаўся. Бо стол – гэта дом, а дом – гэта крэпасьць.

Для крытыка сёньня дзіўная дылема: альбо чакаць вяртаньня эзопавай мовы, альбо чакаць Нобэлеўская прэміі для беларускага пісьменьніка. Вырашыць яе можна так: а што больш чакаецца? З гледзішча крытыкі – першае, бо другое – падзея больш палітычная, чым літаратурная.

“І гэты час, і гэты лад не назаўсёды” – гэтыя словы Алеся Разанава былі ўкладзеныя ў песьню, а песьня запакаваная ў пераклад п’есы літоўскага драматурга. Але гэтыя словы напачатку 1980-х прагучалі як набат. Хіба сёньня яны не гучаць гэтаксама?

Праўда, як сам паэт сказаў у інтэрвію “Вострай Браме”, сёньня гэтыя словы павінны прамаўляцца іншымі вуснамі.

* * *

... І працэс, здаецца, пачаўся. Неўзабаве Радыё Свабода будзе адзначаць кожны прыклад падману цэнзуры, як гэта было ў 70-я і 80-я гады.

Вось у страшна прапагандысцкую перадачу “Панорама” на БТ запрашаюць тэатральнага рэжысэра Барыса Луцэнку, які ставіць п’есы ў расейскім тэатры. Луцэнка – постаць такога даробку і велічыні, што юліць ды хлусіць яму няма патрэбы. Маладыя вядучыя насядаюць на мэтра, каб распавёў ім пра мараль, з чаго, так бы мовіць, пачаць... Ідзе просты эфір. Гледачы замёрлі ў чаканьні адказаў. Луцэнка гаворыць пра беларускую мову, на якой мусіла б ісьці беларуская тэлевізія. Замяшаньне на тварах трэніраваных вядучых доўжыцца чвэрць сэкунды. Мэтра нясе не туды! Канечна, канечна, -- нібы супакойваюць яны Луцэнку, але вы лепш -- пра самаўдасканаленьне чалавека, пачні зь сябе і ўсё такое... Натуральна, падхоплівае мэтар, вось толькі б мову беларускую вярнуць...

Гэта -- учынак. На самай лукашэнкаўскай тэлевізіі ў самай лукашэнкаўскай перадачы прыйсьці і сказаць самую антылукашэнкаўскую думку, ды так, каб ніхто не насьмеліўся яе аспрэчыць!

Ня ведаю, чаго гэта ўсё каштавала ўдзельнікам сюжэту, але публіка – дасьведчаная, натуральна – перанэрвавалася. І вось у мяне ўжо прагучала слова – публіка. Яшчэ трохі, і само вырвецца – эпоха...

Між іншым, у той самы вечар паказвалі ўзнагароды за духоўнае “вазраждзеньне” і было радасна, што Барыса Луцэнкі сярод атрымальнікаў прэміі няма. Наагул, “лаўка запасных” дзеячоў культуры ў галоўнага хакеіста краіны выглядала ў культурным сэнсе больш чым убога. Нават у параўнаньні з папярэднімі гадамі. Сярод папоў, ідэалягічных чыноўнікаў і прапагандыстаў хіба што два рэальныя творцы ратавалі гэты безаблічны шэраг – артыстка Акружная і кінаапэратар Гарулёў – людзі вядомыя і сапраўды заслужаныя.

Але хто ж там намінаваны ў галіне літаратуры? Не, нават ня так стаіць пытаньне. Хто зь літаратараў згадзіўся выйсьці на гэтую сцэну? Скобелеў. Верны змагар за чысьціню расейскай крыві і супраць жыдоўскае змовы, а самае галоўнае – асабісты пісьменьнік прэзыдэнта. Пра што гэта сьведчыць? Пра тое, што пісьменьнікі “скончыліся” і што пасьля Скобелева можа быць толькі... сам Лукашэнка. Сёлета ён ужо атрымаў гран-пры свайго імя ў хакеі, налета атрымае ў галіне літаратуры. Вядома, сам ён нічога пісаць ня будзе – напіша Скобелеў, а Лукашэнка зацьвердзіць. Кніжку можна назваць “Цаліна” ці – “Вазраждзеньне” ці зусім проста – “Малая зямля”.

Нездарма прыклады новае эзопавай мовы пачынаюцца з тэлевізіі. Калі пэўны зазор незалежнае тэрыторыі застаецца ў літаратараў, мастакоў, артыстаў тэатра, нават у кіношнікаў, дык яго цалкам пазбаўленыя тэлевізійшчыкі. Вось тая тэрыторыя, дзе цэнзура татальная і нават больш татальная, чым за савецкім часам. І гэта якраз на тэлевізіі трэба чакаць зьяўленьня падманшчыкаў цэнзуры, інтэлектуальных пераможцаў.

Гульня ў кошкі-мышкі павінна скончыцца пасьля выбараў. І тады пачнецца клясычны таталітарызм. Слушна, у цывілізацыйным пляне гэта будзе ніжэйшы жанр, чым тое, у чым мы думаем, што жывем. Але як ні парадаксальна, менавіта чысты жанр дасьць магчымасьць разьвіцьця літаратуры.

Мы гаворым пра дыктатуру, а ў нашым прыгожым пісьменстве няма эзопавай мовы. Так не бывае. Альбо гэта не дыктатура, альбо... Аказалася, што проста ўсё даходзіць да свайго лягічнага афармленьня. Спусьціцца на ніжэйшую прыступку грамадзкага разьвіцьця зусім не прасьцей, а можа і цяжэй, чым падняцца на вышэйшую. Спускацца па стромай і крывой сьлізкай сьцяжыне ўніз, дарэчы, заўсёды цяжэй, чым падымацца ўгору.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG