Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Нашы палітычныя партыі — сумнае відовішча”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Ці стане толькі што створанае грамадзкае аб’яднаньне “Белая Русь” партыяй улады? Ці не чакае краіну вяртаньньне да аднапартыйнай сыстэмы, якую многія памятаюць з савецкага мінулага?

Адзін з тых слухачоў, якія спрабуюць адказаць на гэтыя пытаньні, — Мікалай Любчанка з Гомельскага раёну:

“Нашы палітычныя партыі — сумнае відовішча. Маю на ўвазе ня толькі апазыцыйныя партыі, але і тыя, што нібыта падтрымліваюць уладу. Тыя ж праўладныя кампартыя ці партыі інвалідаў і спартоўцаў… Сур’ёзныя людзі туды ня пойдуць.

Вось “Белая Русь” — іншая рэч. За яе стварэньне ўзяліся тыя, у каго рэальная ўлада і рэальныя грошы. Тут можа атрымацца цікавая зьява. Можа, нават новая “кіроўная і накіроўвальная сіла савецкага народу”.

Хочаш заняць высокую пасаду — павінен мець партбілет. А каб атрымаць партбілет, павінен адпавядаць усім крытэрам: сацыяльнае становішча, няўдзел у апазыцыі, адсутнасьць палюбоўніц і сваякоў за мяжой. Пільныя парткамісіі пацікавяцца ў кандыдата ў члены партыі: “Чым займаўся падчас перабудовы?” “Што рабіў 19 жніўня 1991 году?” “За каго галасаваў на прэзыдэнцкіх выбарах?”.

Ну і, натуральна, павінны быць адпаведныя партыйныя ўнёскі. Дала табе партыя хлебную пасаду — падзяліся зь ёй сваімі прыбыткамі. Працэнтаў дзесяць ад заробку, думаю, будзе дастаткова. Трэба ж зь нечага фармаваць партыйныя фонды і ствараць райкамы, абкамы і ЦК партыі”.

Напэўна, гэтак жа іранічна глядзяць на спробы стварэньня новай праўладнай партыі многія з тых, хто памятаюць манапольнае партыйнае панаваньне КПСС у Савецкім Саюзе.

Вядома, сёньняшняя намэнклятура была б ня супраць займаць тое ж становішча, якое мелі партыйныя функцыянэры ў 1970-я гады. Але ж усе памятаюць і фінал: 20-мільённы камуністычны авангард савецкага народу і пальцам не паварушыў, каб абараніць партыйных правадыроў у жніўні 1991-га.

Эканамічная катастрофа ў СССР і распад краіны — галоўны вынік дзейнасьці аднапартыйнай сыстэмы, якая задумвалася як сродак бясконца доўгага ўтрыманьня ўлады аднымі і тымі ж асобамі.

Наступны ліст — са Слуцку, ад нашага слухача Алеся Застарынскага. Ён паведамляе, што у гэтыя дні на Меншчыне ва ўсіх раёнах ідэалягічныя ўправы праводзяць так званыя “патрыятычныя акцыі”, прысьвечаныя 70-годзьдзю заснаваньня Менскай вобласьці:

“Нядаўна завіталі прапагандысты і ў Слуцак. Сабралі ў Доме культуры так званы актыў з калгасаў, дзяржпрадпрыемстваў, суполкі кампартыі. Выступоўцы з трыбуны хвалілі дасягненьні вобласьці і раёну за гады савецкай улады — на расейскай мове, як і ў гады “разьвітога сацыялізму”.

Шкада, што яны ў сваіх прамовах абышлі той факт, што заснаваньне сталічнай вобласьці прыйшлося на самы разгул сталінскіх рэпрэсіяў. Толькі са Слуцкага раёну ў 1930—1950-я гады было рэпрэсавана каля трох тысяч чалавек, чые прозьвішчы занесеныя ў кнігу “Памяць”. На самай справе ахвяраў было значна больш. І пра гэта ў горадзе — ніякага знаку.

У свой час усе ахвяры праходзілі праз Слуцкую акруговую турму. На тым месцы сёньня ўзьведзены ўнівэрмаг. Якраз варта было б замацаваць на сьцяне мэмарыяльную дошку — як напамін пра тысячы бязыменных ахвяраў, якіх везьлі адсюль на сьмерць, у лес паблізу вёсак Кучына і Каліта, ва ўрочышча “Гараваха” паблізу вёскі Селішча, за дзесяць кілямэтраў ад гораду”.

Якіх толькі юбілеяў ні прыдумаюць чыноўнікі. Адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка — гэта ня горад і не мястэчка. Межы яе ня тое што на працягу стагодзьдзяў — за некалькі дзесяцігодзьдзяў мяняюцца і пераглядаюцца.

Геаграфічныя абрысы сёньняшняй Менскай вобласьці выглядаюць зусім ня так, як у 1938 годзе. І чаму цяпер важнай датай лічыцца 70-годзьдзе вобласьці, калі, напрыклад, Менскае ваяводзтва існавала 230 гадоў і было ліквідаванае толькі ў выніку расейскай акупацыі напрыканцы XVIII стагодзьдзя? А потым больш за сто гадоў існавала Менская губэрня.

Наш слухач Бярнард Пакульніцкі з пасёлку Гарадзея Нясьвіскага раёну напісаў ліст, пачуўшы па “Свабодзе” паведамленьне з Астраўца, дзе 7 лістапада ўрачыста адкрылі новы бронзавы помнік Леніну — замест старога бэтоннага, які пачаў развальвацца.

Астравеччына — радзіма спадара Пакульніцкага, і паведамленьне пра помнік выклікала ў яго цікавы ўспамін:

“У 1977 годзе ў мяне была ўрачыстая вясельная цырымонія рэгістрацыі шлюбу ў астравецкім Доме культуры. Згодна з новымі абрадамі, неабходна было, каб маладыя і госьці ішлі да помніка Леніну і ўскладалі кветкі. Пасьля віншаваньняў сакратароў райкаму камсамолу я сеў разам з гасьцямі ў аўтобус і ад’ехаў без належнай увагі Леніну, адмовіўшыся ўскладаць кветкі. На той час такі ўчынак лічыўся незвычайным”.

У сваім лісьце Бярнард Пакульніцкі тасама зьвяртае ўвагу на выгляд могілак у заходнебеларускіх гарадах і мястэчках:

“Нідзе так выразна гісторыя не пераплятаецца з сучаснасьцю, як у месцах вечнага спачыну. Надмагільныя пліты, як ніякая кніга, пераказваюць нашчадкам зьмест мінулага. Тут усё, чым жылі нашы папярэднікі, — культура, навука, рэлігія, дабрачыннасьць, узьлёты і падзеньні народнага духу. Пра ўсё можна даведацца з надмагільных камянёў.

Яшчэ стаяць помнікі ХІХ стагодзьдзя з польскімі надпісамі. Затое зусім не знаходжу на старых і сучасных помніках надпісаў на беларускай мове. Усё часьцей трапляюцца на расейскай. Некалі ў дзяцінстве вельмі зьдзіўляўся, убачыўшы рэдкія магілы, дзе замест крыжа была чырвоная зорка. Карысна пахадзіць сярод магіл і помнікаў, чытаючы надпісы, думаючы пра людзкія лёсы”.

Напэўна, спадар Пакульніцкі, у маладосьці вы былі камсамольскім актывістам. Асабіста я не прыпомню, каб сакратары райкаму прыходзілі віншаваць са шлюбам шараговых камсамольцаў.

Ды і да помніка Леніну вясельныя картэжы ня надта часта пад’яжджалі — ведаю гэта, прынамсі, на прыкладзе другога заходнебеларускага гарадка — Шчучына, дзе мне давялося працаваць у 1980-я гады. Часьцей несьлі кветкі да помнікаў мінулай вайны альбо на могілкі — да помнікаў родным людзям.

17 лістапада я цытаваў ліст Аляксандра Рудзьмана са Смалявічаў. Слухач наракаў на тое, што ў кнігарні немагчыма знайсьці адрыўны каляндар на беларускай мове “Родны край”.

“Пытаю ў кнігарні гэты каляндар, а на мяне як на сабаку: “Нету! Ходзіце тут, беларускае вам нада!” — пісаў Аляксандар Рудзьман.— Я тады ня ведаў, што ўлада ўжо рыхтавалася спыніць яго выданьне з наступнага году. Упэўнены, што дзе-небудзь у цэнтры Расеі ніхто не папракаў бы мяне за маю мову, а намагаўся б падтрымаць. Не разумеюць беларусаў на нашай зямлі”.

Гэты ліст пачуў па “Свабодзе” старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў. І перадаў нам у рэдакцыю копію адказу Міністэрства інфармацыі на свае звароты з нагоды таго, што выдавецтва “Беларусь” адмовілася выпускаць беларускамоўны каляндар.

Намесьнік міністра інфармацыі спадар Лапцёнак паведамляе спадару Трусаву:

“Вашу прапанову аб выданьні беларускамоўнага календара на 2008 год, прысьвечанага Дню беларускага пісьменства, падтрымліваем і лічым мэтазгодным падрыхтаваць і выдаць каляндар напярэдадні сьвята (зь пераходам на 2009 год).

Выпуск адрыўнога каляндара “Родны край” выдавецтвам “Беларусь” на 2008 год не плянаваўся паводле аб’ектыўных прычынаў. На сёньняшні дзень рэшткі розных відаў беларускамоўных календароў мінулых гадоў складаюць больш як 6000 асобнікаў на агульную суму 12 мільёнаў рублёў.

Аднак, улічваючы пэўную патрэбу насельніцтва ў айчынных беларускамоўных календарах, пры фармаваньні плянаў выпуску сацыяльна значных выданьняў на наступны год выдавецтву “Беларусь” будзе даручана аднавіць выпуск адрыўнога календара “Родны край”.

Такім чынам, перад Новым годам каляндар ня зьявіцца, але да лета ўсё ж будзе выдадзены — пасьля таго, як дзяржаўнаму выдавецтву дадуць адпаведны загад і падтрымаюць фінансава.

Цікава, а калі б не было гэтых трох лістоў Алега Трусава ў Міністэрства інфармацыі з пратэстамі і настойлівымі просьбамі — так і зьнік бы адзіны ў краіне беларускамоўны каляндар з паліцаў кнігарняў?

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG