Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Мінкін пра новую кнігу: “Гэта выніковы твор маёй паэзіі”


Тацяна Поклад, Прага У Менску выдадзеная кніга Алега Мінкіна “Пэнаты”. Гэта новая кніга з сэрыі “Бiблiятэкі “Фрагмэнты”, распачатай ў 1988 годзе Цэнтрам Эўрапейскага супрацоўнiцтва “Эўрафорум” i часопiсам “Фрагмэнты”.

Калі казаць дакладна, Алег Мінкін – паэт, перакладчык, празаік, казачнік, выдавец і аўтар прынамсі аднаго слоўніка, толькі яшчэ не выдадзенага.

Але найперш, вядома, Алег Мінкін – паэт, што, уласна, улучае ў сябе ўсё іншае, што ён робіць. Пра яго новую кнігу “Пэнаты” ужо пішуць на беларускіх форумах – прыгадваюцца і колішнія словы паэта, што вершы яго “пісала “Сама Мова” і тое, што “ўсё ім напісанае сталася клясыкай беларускай паэзіі XX стагодьдзя”.

Алег Мінкін кажа пра новую кнігу:

“Выніковы твор маёй паэзіі. Фактычна, усё, што я напісаў, – вершаванае, – туды увайшло. Там ёсьць нават тое, што нідзе не друкавалася. Альбо нешта, што адзін раз недзе мільганула ў друку... Але гэта даўно ўсё было, так што, я думаю, кніга будзе ўспрымацца як новы твор”.

Наклад новай кнігі – 1000 асобнікаў. Паэт кажа, што, натуральна, “Пэнаты” будуць распаўсюджвацца пераважна ў літаратурных колах. А яго цешыць, што кніга выйшла ў Менску, а ня недзе за мяжой Беларусі.

“Ну, гэта і добра, таму што я ўжо адарваны як бы ад літаратурнага працэсу па-сапраўднаму. Тое, што кніга выйшла ў Менску і патрапіць у нейкія “пэнаты” – гэта добра.

Нават і ня ведаю, што выйшла (сьмяецца). Зараз ня маю сувязі, праблемы з інтэрнэтам, – можа, мне і дасылалі нейкае паведамленьне, але я не чытаў яшчэ”.

“Працую на будоўлі. Электрыкам”

Што робіць цяпер паэт, як і чым жыве? Алег Мінкін мае штодзённую працу, ніяк не зьвязаную з літаратурай – з тым, у чым ён зьяўляецца і сам сябе прызнае прафэсіяналам.

“Працую на будоўлі. Электрыкам. Шчыра кажучы, мог бы і ў нейкім больш творчым працэсе ўдзельнічаць. Ну, усё ж такі.. Не таму, што мне цяжкая гэтая цяперашняя праца, а таму што – часу шкада. Не маё гэта, канешне, уся праца гэтая, але... гэта толькі заробак, грошы ды і ўсё. Нічым фактычна больш не займаюся... Увечары хіба часам “шкрабаю” яшчэ нешта”.

А ў ліку гэтага “нечага” – і паэтычныя пераклады, і апрацаваныя два чарговыя тамы анталёгіі беларускіх вершаў для дзяцей, і вынік шматгадовай працы – складзены ўжо “Слоўнік рыфмаў беларускай мовы”.

Алег Мінкін – таксама і выдавец, але яго віленскае выдавецтва “Рунь” самога паэта не друкуе – Алег кажа, што гэта ўжо зусім апошняя справа для творцы, самога сябе выдаваць. Гэтак дасюль і ня выдадзены яго “Слоўнік рыфмаў беларускай мовы” – няма каму.

“Пакуль што няма цікавасьці ні ў каго, а самому выдаваць не хочацца. Добра было б, каб знайшоўся выдавец – выдалі б слоўнік беларускіх рыфмаў. “Слоўнік рыфмаў беларускай мовы” – такая назва. Шмат што ляжыць у мяне нечапанае, непатрэбнае пакуль што...”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG