Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская Атлянтыда. Голад: выжываньне і супраціў


Вячаслаў Ракіцкі, Менск Удзельнічае гісторык Ірына Кашталян. Эфір 22 лістапада 2007 году

“Сакрэтна. 11 ліпеня 1947 году.

Сакратару ЦК КП (б) Беларусі Таварышу Гусараву М.І.

Дакладваю, што 16 ліпеня гэтага году ў вёсцы Піркі Камарынскага раёну Палескай вобласьці зьніклі двое дзяцей: ШУБЁНАК Ваня 9-і гадоў і САМОЙЛЕНКА Галіна 6-і гадоў. Накіраваны ў вёску Піркі нарсьледчы Камарынскага раёну т. Хмялёнак высьветліў, што Шубёнак Ваня і Самойленка Галіна былі забітыя грамадзянкай вёскі Піркі РУДЗЁНАК Кацярынай, а мяса забітых дзяцей выкарыстана ёю ў ежу. Сьледзтва высьветліла, што РУДЗЁНАК ніякай асабістай уласнасьці ня мела і жыла вельмі бедна. РУДЗЁНАК арыштаваная і прыцягнутая да крымінальнай адказнасьці.

ПРАКУРОР БЕЛАРУСКАЙ ССР І. Ветраў”.




Вячаслаў Ракіцкі: “У менскай студыі без бар’ераў мы гутарым зь гісторыкам Ірынай Кашталян. Сучаснаму чалавеку цяжка паверыць у рэальнасьць гэтага факту. Дык ці гэта праўда? Ці гэта выпадак канібалізму? А мо звычайнае забойства?”

Ірына Кашталян: “У архівах знаходзіцца яшчэ шмат дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць жахлівасьць становішча насельніцтва ў першыя пасьляваенныя гады, у першую чаргу ва ўсходняй частцы Беларусі. Крыху раней у тым жа самым 1947 годзе ў дакладной запісцы таму ж Гусараву сакратар таго самага Палескага абкаму партыі, дзе меў месца выпадак канібалізму, Карасёў паведамляў, што ў вобласьці болей як 20 тысяч сем’яў калгасьнікаў знаходзяцца ў напаўгалодным стане, а гэта каля 70 тысяч чалавек. Стан быў асабліва вострым таму, што многія з гэтых сем’яў ня мелі ні кароваў, ні іншых крыніцаў харчаваньня. Шэраг сем’яў выяжджалі ў заходнія вобласьці БССР і наймаліся там у батракі. Болей як 4 тысячы дзяцей з прычыны голаду не хадзілі ў школу” .

Ракіцкі: “Чаму мы раней пра гэта ня ведалі? Чаму і ў сучаснай Беларусі гэта замоўчваецца?”

Кашталян: “Гэта ня дзіўна, бо палітыка цяперашняй улады ў Беларусі працягвае палітыку савецкай Беларусі ў галіне гістарычнай навукі. Фактычна адбываюцца пастаянныя маніпуляцыі зь гісторыяй у палітычных мэтах, адна зь якіх ідэалізацыя савецкай мінуўшчыны. У іншых краінах, дзе асуджаны злачынствы рэжыму у СССР, пацярпелых у голад 1946 – 1947 гадоў называюць беспадстаўна рэпрэсаванымі. А сам голад лічыцца злачынствам камуністычнага рэжыму”.

Ракіцкі: “Значыць, голад быў ня толькі ў БССР, але і ў іншых рэспубліках былога СССР?”

Кашталян: “Акрамя паўднёвых раёнаў Беларусі, голад 1946 – 1947 гадоў ахапіў большасьць тэрыторыяў Расеі, Украіны, Малдовы, некаторыя вобласьці Казахстану. Эпіцэнтрам былі зерневыя раёны, якія пакутавалі ня столькі ад засухі, колькі ад нарыхтоўчай кампаніі” .

Ракіцкі: “У чым прычына масавага голаду? Перадусім ён стаў вынікам разбуральнай вайны, ці былі іншыя прычыны? Ці ўсё рабіла дзяржава, каб перамагчы голад, нястачы?”

Кашталян: “З прычыны дэфіцыту, выкліканага наступствамі вайны, было шмат галодных. Аднак ключавой падзеяй стаў неўраджай 1946-1947 гадоў. Яго вынік мог бы быць іншым, калі б дзяржава рэальна дапамагла людзям. Аднак для вышэйшага кіраўніцтва СССР была больш важнай палітыка падтрымкі камуністычнага сьвету і захаваньне свайго іміджу. Хаваючы цяжкае ўнутранае становішча, урад адмовіўся ад міжнароднай дапамогі, патрэбнае сваім грамадзянам зерне адправіў у краіны сацыялістычнага лягеру. Так, у 1946-1947 гадох 2,5 мільёны тон зерня былі накіраваны ў Баўгарыю, Польшчу, Чэхію, Румынію, іншыя краіны. У той жа час, нягледзячы на голад, выкананьне плянаў дзяржавы на папаўненьне запасаў ставілася вышэй за жыцьці грамадзянаў. Замест рэальнай дапамогі галодных змушалі зьбіраць на пазыкі дзяржаве грошы, якія не вярталіся. А ў заходніх абласьцях нарыхтоўшчыкі хлеба ўключалі як мага больш гаспадарак у сьпісы кулацкіх, каб абкласьці дзяржпастаўкамі па завышаных нормах. Невыкананьне паставак пагражала прыцягненьнем да суду з магчымым выракам у выглядзе пазбаўленьня волі на тэрмін ад 5 да 10 гадоў. Што і рабілася”.

Ракіцкі: “ Улады ведалі пра голад і ніяк не дапамагалі людзям. Не хацелі ці не маглі?”

Кашталян: “Кіраўніцтва СССР прадугледзела дапамогу галодным, але вельмі хітрую -- толькі ў форме пазыкі з працэнтамі. БССР папрасіла дапамогі ў Масквы толькі аднойчы, у 1946 годзе. Дапамога прыйшла са спазьненьнем на 6 месяцаў і прызначалася з прычыны свайго малога памеру (500 тон ячменю і аўсу) толькі партыйна-савецкаму апарату на ўмовах вяртаньня з ураджаю 1947 году пад 10 працэнтаў. У заходніх раёнах БССР дапамогу давалі ў асноўным актывістам сельсаветаў і калгасьнікам, тым самым улады спрабавалі паказаць, што для аднаасобнікаў выратаваньне толькі ў калгасах. Памеры дапамогі былі недастатковымі. Вынікам – рост хваробаў, сьмяротнасьці і нават выпадкі канібалізму. Нават калі б яе разьмеркавалі справядліва, дык на рукі людзі на працягу ўсяго пэрыяду голаду, гэта дзесьці каля году, атрымалі б толькі па некалькі кіляграмаў зерня. Звышсакрэтныя дакумэнты таго часу сьведчаць, што кіраўніцтву рэспублікі дакладалі пра сытуацыю на месцах, хаця хутчэй за ўсё, памяншаючы маштабы голаду”.

Ракіцкі: “Як я разумею, хлеб усё ж зьбіраўся, але яго высокая ўлада не давала простым людзям. А мясцовае кіраўніцтва не спрабавала нейкім чынам дапамагчы людзям, не паглядаючы на цэнтар? Як людзі сябе паводзілі? Ведама, каб выжыць, чалавек гатовы на ўсё...”

Кашталян: “Мясцовыя ўлады вымушаныя былі лічыцца з сытуацыяй на месцах. І таму не заўсёды дзейнічалі ў межах рашэньняў, якія прыходзілі зьверху. Іх таксама каралі. Да крымінальнай адказнасьці былі прыцягнуты да адказнасьці каля 500 старшыняў калгасаў, якія давалі галодным зерне зь семяннога фонду, спрабавалі разьлічыцца зь людзьмі да таго, як разьлічыліся зь дзяржавай у абавязковых пастаўках. Дзяржава замест змаганьня з сапраўднай прычынай – голадам -- зрабіла больш жорсткімі пакараньні. 4 чэрвеня 1947 году выйшаў указ аб адказнасьці за крадзеж дзяржаўнай і грамадзкай маёмасьці. Асуджаныя паводле гэтага ўказу склалі каля паловы ўсіх тых, каго выслалі ў лягеры. Як правіла, гэта былі калгасьніцы, якія абвінавачваліся ў стрыжцы калгасных каласкоў. ГУЛАГ фактычна ператварыўся ў дом маці і дзіцяці, бо з жанчынамі перамяшчаліся ў лягеры і іх маленькія дзеці. Гэта была не адзіная рэпрэсыўная мера, скіраваная на кантроль над сялянамі. Сярод захадаў, якія павінны былі актывізаваць працу калгасьнікаў, стала прыняцьце ў чэрвені 1948 году указу аб высяленьні зь вёскі без суду і сьледзтва гэтак званага паразытычнага элемэнту – тых, хто не выконваў мінімуму працадзён».

Ракіцкі: “А ці былі нейкія законы, якія абаранялі б самыя элемэнтарныя правы простых людзей? Ці можна было выжыць у межах законаў?”

Кашталян: “Закон у савецкай дзяржаве абараняў правы чалавека, калі яны не супярэчылі інтарэсам дзяржавы. Засуха і голад павялічылі колькасьць злачынцаў, у тым ліку, дзяцей. Вырасла колькасьць крадзяжоў, забойстваў. Большасьць прыцягнутых да адказнасьці ня мелі пэўных заняткаў і нават маёмасьці. Сярод асноўных злачынстваў былі таксама спэкуляцыя і самагонаварэньне”.

Ракіцкі: “Людзі пераносілі голад моўчкі, ці нейкім чынам выказвалі пратэст? Якое выйсьце знаходзіў просты чалавек?”

Кашталян: “Улады ўважліва сачылі за тым, як рэагавала насельніцтва на голад. Пра гэта ёсьць шмат дакумэнтаў у звышсакрэтных архіўных фондах ЦК КП(б)Б. Напрыклад, у калгасе імя Варашылава ў Лоеўскім раёне калгасьнікі нават адмовіліся выходзіць на працу ў сьнежні 1946 году. Быў праведзены сход, на якім калгасьнікі заявілі: «Дайце нам бульбы зараз, а не вясной, бо мы паміраем з голаду». У адказ старшыня калгасу сказаў, што яго за гэта ў Сыбір сашлюць, а калгасьніцы адказалі: «Хай цябе аднаго вышлюць, затое мы ўсе будзем сытыя». Стратэгіі супрацьдзеяньня былі розныя -- ад пасыўнай, негвалтоўнай, да актыўнай, тэрарыстычнай, формы. Кожны выбіраў свой шлях. Хтосьці ад недахопу ежы еў крапіву, лебяду і выракаў сябе на галодную сьмерць, хтосьці сыходзіў працаваць у горад, хтосьці рабаваў і забіваў за кавалак хлеба”.

Ракіцкі: “Каму лягчэй было выжываць – гараджаніну ці вяскоўцу?”

Кашталян: “Гараджанам было выжываць лягчэй. Яны падчас вайны былі пераведзены на сыстэму нармаванага атрыманьня прадуктаў па картках. Па-другое, дзяржава зьдзяйсьняла афіцыйны кантроль за перамяшчэньнем насельніцтва па краіне, што асабліва адбілася на жыхарах сельскай мясцовасьці. Ім выдавалі пашпарты толькі ў выпадку ад’езду з дазволу мясцовых начальнікаў. Па-трэцяе, у гарадох была больш стабільнай сыстэма аплаты працы. І, нарэшце, калгасьнікаў абкладалі большымі падаткамі. Такім чынам, дзяржава сваёй палітыкай выштурхоўвала калгасьнікаў у гарады. Аднак, там цяжка было атрымаць жыльлё і прапіску. Пры зьмене працы ім пагражала залічэньне ў катэгорыю летуноў і наступны перасьлед з боку карных органаў”.

Ракіцкі: “Дзе сялянам жылося лягчэй -- у заходняй Беларусі, дзе да вайны не было калгасаў, а была прыватная ўласнасьць на зямлю, ці ва ўсходняй, калгаснай Беларусі?”

Кашталян: “Пра гэта можна шмат даведацца з успамінаў заходніх беларусаў таго часу. Яны прыгадваюць, як галодныя людзі – калгасьнікі, жанчыны зь дзецьмі, калекі -- з усходніх раёнаў з торбамі за плячыма запаўнялі вакзалы і станцыі ўздоўж чыгункі. Імкненьнем уратавацца ў заходняй Беларусі ад голаду народ паказваў, наколькі адрозьніваўся дабрабыт ў розных частках БССР”.

Ракіцкі: “Ці разумелі ўлады, што калгасы – гэта шлях да голаду, а не да дабрабыту? Ці паўставала пытаньне пра роспуск калгасаў і пра перадачу зямлі сялянам?”

Кашталян: “Чыноўнікаў самага высокага рангу інфармавалі, што становішча калгасьнікаў кепскае. Аднак адмена калгасаў разышлася б з самымі важнымі прынцыпамі палітыкі партыі, а на гэта ўлада пайсьці не магла. Толькі падчас вайны ў адказ на настроі насельніцтва ўлада прагматычна не перашкаджала (але і не падтрымлівала) распаўсюджваньню чутак пра роспуск калгасаў, каб павысіць жаданьне савецкіх грамадзянаў імкнуцца да перамогі ў вайне. Пасля яе заканчэньня перасьлед за распаўсюджваньне такіх чутак аднаўляецца”.

Ракіцкі: “А калі б усё ж калгасы зьліквідавалі і раздалі зямлю людзям, якія наступствы ў БССР былі б і для людзей, і для ўлады?”

Кашталян: “Для ўлады -- кепскія, бо калгасы зьяўляліся адным з асноўных слупоў савецкай дзяржаўнай сыстэмы. Гэта магло б прывесьці да распаду СССР задоўга да 1991 году. Вяртаньне сялянам свабоды ў індывідуальным гаспадараньні справакавала б патрабаваньні насельніцтвам свабоды і ў іншых галінах, а значыць, існаваньне дзяржавы, дзе асноўную ролю выконвала камуністычная партыя, стала б непатрэбным. У той жа час гэта б пераломна зьмяніла беларускую гісторыю, хаця б тым, што магла быць хутка палепшана сытуацыя ў вёсцы, дзе яшчэ жылі працаздольныя сяляне, якія памяталі, як пасьпяхова весьці аднаасобную гаспадарку”.



“Беларускі народ на шматгадовым досьведзе пераканаўся, што бальшавіцкая партыя вядзе адзіна правільную палітыку, палітыку, якая адпавядае карэнным інтарэсам працоўных, што ўся дзейнасьць Камуністычнай партыі зьяўляецца адданым служэньнем народу... Перамога калгаснага ладу ў СССР пераўтварыла нашу сельскую гаспадарку ў перадавую, сацыялістычную, абсталяваную першакляснай тэхнікай, забясьпечыла савецкаму сялянству культурнае і заможнае жыцьцё... Партыя і ўрад заўсёды лічылі адным са сваіх абавязкаў клапаціцца аб паляпшэньні матэрыяльнага дабрабыту працоўных”.

Са звароту ЦК КП(б)Б да ўсіх выбаршчыкаў у сувязі з выбарамі ў Вярхоўны Савет БССР. 4 лютага 1947 году”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG