Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што можа Эўрапейскі суд па правах чалавека?


Юры Дракахруст, Менск Сёньня Рада Эўропы адзначае дзень грамадзянскай юстыцыі. Грамадзянская юстыцыя – пашырэньне магчымасьцяў грамадзянаў адстойваць свае правы, адной з такіх магчымасьцяў зьяўляецца эўрапейскі суд па правах чалавека. Для многіх людзей – гэта адзіная магчымасьць змагацца з несправядлівым правасудзьдзем у сябе на радзіме.

Штогод дзясяткі тысяч людзей з 47 краінаў, што ўваходзяць у Раду Эўропы, зьвяртаюцца са скаргамі ў Эўрапейскі суд па правах чалавека ў Страсбуры. Усё больш зваротаў у суд паступае ад грамадзянаў постсавецкіх краін. Летась суд атрымаў 112 зыскаў з Грузіі, 641 з Малдовы і 4146 – з Украіны.

Адна зь нядаўніх справаў – зыск азэрбайджанкі Шэіды Назібавай, кіраванаму ёй цэнтру свабоды друку было адмоўлена ў дзяржаўнай рэгістрацыі. Усе нацыянальныя судовыя інстанцыі адхілілі яе скаргу. А Страсбурскі суд прызнаў яе рацыю. Гаворыць Шэйда Назібава:

“Мне было складаней атрымаць “не” ад азэрбайджанскага суду, чым “так” ад эўрапейскага суду па правах чалавека. Справы цягнуцца ў азэрбайджанскіх судах бясконца. Але я ў рэшце рэшт здолела зьвярнуцца ў эўрапейскі суд”.

Суд вырашыў, што азэрбайджанскія ўлады парушылі права грамадзянкі на свабоду асацыяцыі, азэрбайджанская дзяржава павінны заплаціць ёй 4260 даляраў кампэнсацыі.

Раней суд вынес рашэньне па скарзе малдаўскага журналіста Петру Пояту. Ён быў асуджаны малдаўскім судом да штрафу паводле абвінавачаньня ў паклёпе на аднаго дэпутата парлямэнту. Поята пісаў пра фінансавыя злоўжываньні палітыка. І хаця журналіст прадставіў у малдаўскі суд сьведкаў, якія пацьвердзілі ягоныя словы, суд вырашыў справу не на ягоную карысьць. А эўрапейскі суд па правах чалавека вынес рашэньне на карысьць журналіста. Гаворыць Петру Поята:

“На мой погляд, гэта перамога для ўсіх журналістаў. Амаль кожны дзень я чую, што камусьці з маіх калегаў выстаўляецца зыск толькі за тое, што ён перадае меркаваньні іншых людзей. Усё , што мы журналісты робім – гэта даем магчымасьць людзям выказаць іх меркаваньні”.

Вельмі шмат зыскаў паступае ў Страсбурскі суд ад грамадзянаў Расеі, якія абвінавачваюць расейскую дзяржаву ў забойствах і катаваньнях у Чачні. Нядаўна такую справу выйграла ў Страсбурскім судзе Марзэт Імакаева, былая жыхарка Чачні, чые сын і муж зьніклі пасьля затрыманьня іх расейскімі фэдэральнымі сіламі ў 2000 і 2002 годзе адпаведна. Марзэт Імакаева гаворыць пра свайго сына:

“Мы шукалі яго на працягу 6 месяцаў. Я падумала, што зварот да страсбурскага суду дапаможа мне знайсьці сына. Я меркавала, што магчыма ўлады аддадуць мне яго, каб пазьбегнуць судовага разбору. Я сказала ім, што ніякія грошы не кампэнсуюць мне страту сына, што я накіравала зыск у спадзяваньні, што мне вернуць сына. Таму я падрыхтавала дакумэнты і накіравала іх у суд”.

Суд пастанавіў, што Расея павінна заплаціць Імакаевай, якая цяпер эмігравала ў Злучаныя Штаты, 128 тысяч даляраў кампэнсацыі.

Варта дадаць, што Беларусь не зьяўляецца сябрам Рады Эўропы, адпаведна, на яе грамадзянаў не распаўсюджваецца юрысдыкцыя Эўрапейскага суда па правах чалавека, яны ня могуць зьвяртацца туды са скаргамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG