Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускіх таваравытворцаў не цікавіць унутраны рынак


Ігар Карней, Менск Сёньня прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Сідорскі пакрытыкаваў аграрны сэктар. Ён абурыўся тым, што вытворцы вязуць харчовую сыравіну ў Расею, а мясцовыя малаказаводы і мясаперапрацоўчыя прадпрыемствы стаяць бяз працы. Кіраўнік ураду прызнаў: вынікам такой палітыкі стаў рост коштаў на малако і мяса на 30–40% за год. Незалежныя экспэрты заклікаюць урад не сьпяшацца з радыкальнымі захадамі — бо, калі забароняць свабодны гандаль, галіна застанецца бяз сродкаў.

Аляксандар Лукашэнка пасьля сустрэчы ў мінулую пятніцу з расейскім прэм’ерам Віктарам Зубковым заявіў: неўзабаве Расея зможа істотна павялічыць імпарт беларускай сельгаспрадукцыі, паабяцаўшы зьнізіць увозныя пошліны на асобныя катэгорыі харчовых тавараў.

Лукашэнка перакананы: Беларусь толькі выйграе ад таго, што цэны на харчы сёньня ў сьвеце высокія. “Трэба скарыстацца момантам, бо цэны не ўпадуць”, — канстатаваў беларускі лідэр і заклікаў аграрны комплекс выйсьці на рэнтабэльнасьць, ня меншую за 10%.

За год мяса і малако падаражэлі на 40%

Тым часам прэм’ер Сідорскі сёньня заявіў: за дзевяць месяцаў малака ў краіне выраблена 104% ад узроўню мінулага году. Між тым перапрацоўчая галіна загружаная толькі на 56%.

Сідорскі таксама пацікавіўся: чаму пры росьце пагалоўя буйной рагатай жывёлы на 50 тысяч галоў і сьвіней на 4 тысячы мяса не трапляе на беларускія мясаперапрацоўчыя заводы? І сам адказаў: няма кантролю за таварнымі патокамі. Таму і цэны на малако і мяса вырасьлі на 30–40%, — дадаў Сідорскі.

Аляксандар Ярашук, які пры канцы 1990-х на пасадзе першага намесьніка старшыні Менскага аблвыканкаму курыраваў аграрны сэктар, а пасьля кіраваў прафсаюзам работнікаў аграпрамысловага комплексу, не сумняецца ў названых Сідорскім лічбах.

Аднак ён перакананы: у цяперашняй эканамічнай сытуацыі іншага выйсьця ў таваравытворцаў няма: “Так, гэта лічбы за год, бо яны фактычна стаялі да апошняга часу... Што да таваравытворцаў: вязуць перш за ўсё непадкантрольную сыравіну. З пункту гледжаньня вытворцаў гэта добра: цэны на малочную сыравіну ў Расеі значна вышэйшыя, чым у нас.

Сёньня рэнтабэльнасьць сельгаспрадукцыі, таго ж малака і мяса, нулявая, а то і мінусавая. І калі забараняць таваравытворцу рэалізоўваць сваю прадукцыю па цане, у паўтара-два разы вышэйшай, можна ў выніку загубіць сельскую гаспадарку.

Насамрэч гэта сытуацыя, якая дае падставу для развагаў. Столькі ўкладаецца ў сельскую гаспадарку! Але паколькі няма сапраўднага гаспадара, то ў гэтым прычына ўсіх няшчасьцяў. Паколькі няма эканамічнага інтарэсу, то і выдаткі вельмі высокія; прадукцыя робіцца неканкурэнтаздольнай.

Прычым усё роўна той жа старшыня калгасу разумее: неяк трэба канцы з канцамі сточваць – і шукае любой магчымасьці, каб гэтую прадукцыю вывезьці й прадаць на тых рынках, дзе за яе больш плацяць. Гэта значыць, на расейскім рынку”.

Дзяржаўны курс — выключна на падвышэньне цэнаў

Міністэрства эканомікі Беларусі вызначыла ўзровень адпускных цэнаў на малако, кефір, сьмятану і тварог у кастрычніку, лістападзе і сьнежні. Цэнавы ўзровень вызначаны з улікам падвышэньняў у папярэднія месяцы.

Прыкладам, закупныя цэны на малако ў кастрычніку падвышаныя на 10%. На масавыя гатункі сыроў да канца кастрычніка цэны будуць падвышаныя на 5%. Да канца году тэндэнцыя росту цэнаў захаваецца.

Экспэрт у энэргетычнай галіне Валянцін Мацкевіч кажа, што ў цяперашняй сытуацыі ўлады ўсё часьцей будуць спасылацца на аб’ектыўную неабходнасьць падвышаць цэны на ўсе групы тавараў, аргумэнтуючы гэта надыходам ацяпляльнага сэзону і ростам энэргавыдаткаў:

“Калі надалей рост цэнаў набудзе больш шырокія маштабы, то ўладам будзе найбольш зручна аргумэнтавацца. Аргумэнтацыя, вядома, можа гучаць розная. З аднаго боку, ацяпляльны сэзон, зь іншага, завязаная на энэрганосьбітах вытворчасьць.

Таму важкая і прычына, да якой будуць пастаянна апэляваць: дарагія энэрганосьбіты. Бо трэба ўжо рахункі за ацяпленьне і гарачую ваду ставіць паводле новых тарыфаў — што-што, а энэргетыка ня можа быць стратнай.

Энэргетыка калі стратная, то фактычна і эканоміка дзяржавы ідзе пад адхон. Паказьнікі, вядома, не ў разы павялічваюцца — для кожнай групы тавараў, для кожнай часткі падвышэньне складае асобныя прапорцыі”.

Адзіныя адпускныя цэны ў жніўні-верасьні падвысілі на асноўныя гатункі пшанічнай мукі на 9%, на масавыя віды хлебабулачных вырабаў — на 6%.

• Апытаньне “Свабоды”: рост цэнаў на што найбольш непакоіць?, 24.09.2007 • Ці пасьпяваюць заробкі за цэнамі?, 21.09.20 • Кошты вырастуць амаль на ўсё, 28.08.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG