Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў: Зьмітру Салаўёву далі пяць сутак


Радыё Свабода Ленінскі суд Магілёва сёньня пакараў намесьніка старшыні гарадзкой суполкі партыі БНФ Зьмітра Салаўёва пяцьцю суткамі адміністрацыйнага арышту. Судзьдзя Ірына Сарока прызнала яго вінаватым у зьдзяйсьненьні адміністрацыйнага правапарушэньня. Паводле пастановы, ён нібыта спраўляў патрэбу на вуліцы Крыленкі, у цэнтры гораду.

Суд над актывістам праходзіў з адвакатам, дамову зь якім заключыла ягоная жонка Надзея. Абвешчаны ўчора ў судзе перапынак Зьміцер Салаўёў правёў у ізалятары часовага ўтрыманьня. Ён сядзеў у камэры адзін.

Сёньняшняе судовае паседжаньне доўжылася амаль чатыры гадзіны.

Судзьдзя сфармулявала вырак на падставе паказаньняў сьведкаў, якія ёй падаліся больш праўдападобнымі. У суд не зьявіліся міліцыянты з роты хуткага рэагаваньня, якія затрымлівалі Зьмітра Салаўёва. Міліцыянты Крывулін, Астапаў ды Драздоў тэрмінова выехалі ў службовую камандзіроўку ў Менск.

Супраць актывіста сьведчылі двое маладых людзей: судовы выканаўца гаспадарчага суду Аляксандар Гладкі, ды будаўнік фірмы “Армстрой” Андрэй Гладынец. Абодва, нібыта, бачылі як актывіст зьдзяйсьняе правапарушэньне.

Гладкі і Гладынец а палове на дванаццатаю ночы пілі безалькагольнае піва на дзіцячай пляцоўцы каля дома, дзе затрымалі Зьмітра Салаўёва.

Паказаньні сьведкаў абвінавачваньня ў судзе супярэчылі таму, што яны пісьмова тлумачылі ў міліцыі. Адвакатка Зьмітра Салаўёва назвала такія паказаньні “выбарачнай памяцьцю”. Сьведкі бачылі, што Салаўёў робіць, але дакладна не маглі апісаць таго месца, дзе яны знаходзіліся. Ня здолелі яны апісаць і затрыманьне, бо яно ў іх ня выклікала цікавасьці.

Судзьдзя не зьвярнула на ўвагі на супярэчнасьці, аднак зазначыла, што паказаньняў сьведак абвінавачваньня дастаткова, каб прызнаць Зьмітра Салаўёва вінаватым.

Вырак суда адвакатка назвала не аб’ектыўным і надуманым.

Зьміцер Салаўёў вінаватым сябе не прызнаў. Затрыманьне і прысуд, ён лічыць палітычна матываванымі. “Усё зроблена, каб я не патрапіў на “Эўрапейскі марш”, зазначыў “Свабодзе” па сканчэньні суда Зьміцер Салаўёў. • Магілёў: Зьміцер Салаўёў застанецца ў турме да заўтра, 12.10.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG