Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шэсьць тыдняў да Марсу, кісларод зь Месяцу і зарапады


Тацяна Поклад, Прага Чалавецтва ізноў пачынае актыўна цікавіцца падарожжамі ў космасе пасьля перапынку ў некалькі дзесяцігодзьдзяў. Касьмічнае агенцтва NASA днямі пацьвердзіла пляны высадкі чалавека на Марсе да 2037 году. І ЗША, і шэраг іншых краінаў рухаюцца наперад у ажыцьцяўленьні новых палётаў на Месяц і далей, на Марс.

Напрыканцы верасьня (24-28 верасьня) ў Індыі адбываўся міжнародны кангрэс астранаўтаў, на які сабраліся некалькі тысячаў навукоўцаў і адмыслоўцаў у касьмічнай сфэры. Яны абмяркавалі будучыню “глябальнай стратэгіі дасьледваньня космасу”, – ідэі міжнароднага касьмічнага супрацоўніцтва, якая рыхтавалася цягам некалькіх апошніх гадоў.

Вучоныя: Месяц трэба засяляць

Паводле адмыслоўцаў, гэтая ідэя папросту бясцэнная, таму што пры ўзаемным абмене распрацовак і адкрыцьцяў у касьмічнай сфэры прагрэс у асваеньні космасу будзе каштаваць меней і рухацца значна хутчэй.

Адміністратар амэрыканскага касьмічнага агенцтва NASA Майкл Грыфін гаварыў на кангрэсе ў Індыі пра пабудову “трывалай цывілізацыі” на Марсе і Месяцы. А кіраўнік японскага касьмічнага агенцтва JAXA Кэйджы Тачыкава цьвердзіць, што на Месяц трэба ўжо ня проста лятаць, але засяляць яго і камэрцыйна выкарыстоўваць.

Месяц уяўляецца як першы этап для далейшага засваеньня космасу – Марсу і іншых плянэт.

Зь месяцовых камянёў будуць вырабляць кісларод?

Адмыслоўцы кажуць пра магчымасьць выкарыстаньня рэсурсаў на Месяцы, напрыклад, для далейшых касьмічных палётаў. У прыватнасьці, пра магчымасьці выпрацоўкі кіслароду з камянёў зь Месяцу, – гэта таксама абмяркоўвалася на міжнародным навуковым кангрэсе астранаўтаў.

Нягледзячы на падарожжы да Месяцу, навуковых дадзеных і экзэмпляраў пароды зь Месяцу на сёньняшні дзень маецца недастаткова. Экзэмпляры мінэралаў зь Месяцу, прывезеныя ў выніку місій амэрыканскіх “Апалёнаў”, даюць няшмат навуковай інфармацыі.

Але цяпер, паводле навукоўцаў, сытуацыя кардынальна зьмяняецца. 16 верасьня Японія запусьціла свой першы арбітальны карабель на Месяц, “Кагуя” (Kaguya) – для абароту вакол Месяцу і збору навуковай інфармацыі, у тым ліку і інфармацыі пра мінэралы, хімічныя складнікі пароды на Месяцы.

І цяпер праводзяцца асабліва інтэнсіўныя дасьледваньні ў сфэры фізіялёгіі чалавека, каб вырашыць, да прыкладу, праблему значнай страты чалавечым арганізмам кальцыю цягам доўгіх касьмічных палётаў.

Шмат што залежыць ад разьвіцьця тэхналёгіяў. Калі з рухавікамі ранейшага кшталту палёт на Марс заняў бы каля 6 месяцаў, то цяпер карабель зь ядзерным рухавіком дасягне Марсу за 6 тыдняў, так што значна зьмяншаецца рызыка для чалавечага арганізму.

Адкуль чакаць падаючых зорак?

А для тых, хто застаецца на зямлі, навукоўцы з абсэрваторыі БДУ нагадваюць, што ў кастрычніку пачынаецца новы сэзон зарападаў. У кастрычніку Зямля пройдзе празь некалькі мэтэарытных плыняў – праз Драканіды (8-10 кастрчніка), Арыяніды (14-26 кастрычніка), і Цэтыды (13-24 кастрычніка). Самымі зорнымі, паводле навукоўцаў, павінны быць 10, 20 і 22 кастрычніка.

Як вядома, штогод Зямля праходзіць праз 30 касьмічных плыняў. Найбольш вядомыя зь іх – Леаніды (мэтэарытная плынь, якая штогод зьяўляецца ў лістападзе з боку сузор’я Льва), а таксама Пэрсэіды, Арыяніды і Лірыды.

Чаму мы бачым зарапад? Мэтэарытная плынь атрымліваецца ад таго, што дробныя часьцінкі адзьдзяляюцца ад камэтаў і згараюць у зямной атмасфэры – утвараецца зорны дождж.

Паводле спэцыялістаў, найбуйнейшую плынь мае сузор’е Арыёна – у часе праходжаньня гэтай плыні можа назірацца да 45 мэтэарытаў у гадзіну. У сузор’і Драканіды і Цэтыды – каля 10 падаючых зорак у гадзіну.

Мэтэоры розных плыняў таксама крыху адрозьніваюцца адзін ад аднаго. Напрыклад, марудныя падаючыя зоркі Цэтыды маюць чырвонае адценьне, Арыяніды і Драканіды – больш сьветлыя і яскравыя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG