Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” – 1 кастрычніка


Юлія Шарова, Менск Агляд беларускага сеціва

На форумах парталу TUT.by абмяркоўваюць папярэднія вынікі парлямэнцкіх выбараў ва Ўкраіне. Удзельнікі форумаў камэнтуюць:

“Віншую ўкраінцаў! На самой справе расклад палітычных сілаў на Беларусі амаль такі ж як і ва Ўкраіне, але цераз аднаго чалавека ў нас усе дэмакратычныя працэсы заціснутыя й няма канкурэнцыі. Калі правесьці паралелі з Украінай і крыху пафантазіраваць, можна атрымаць наступную карціну парлямэнцкіх выбараў у Беларусі скажам так у 2012 годзе...”

“Няма каго віншаваць “зь перамогай”. Якая можа быць перамога, калі “сінія” маюць 70 адсоткаў на Ўсходзе, а “памаранчавыя” – 80 на Захадзе. У такіх умовах ніякай “перамогі” быць ня можа, можа быць толькі часовая перавага аднаго з бакоў. Толькі ідыёт ня бачыць, што “перамога” – гэта РАСКОЛ Украіны. Беларусам у кожным разе трэба трымацца падалей ад гэтага славянскага балагану”.

“Так, так, так! Раскол! Канец сьвету! Каравул! Адны прагаласавалі за адну партыю, а іншыя за іншую! Гэта ж дзікасьць! Гэта ж немагчыма! Павінна быць так, каб усе прагаласавалі толькі за адну партыю. Каб увогуле адна партыя была на выбарах! Каб расколу не было. А то, бач ты, разьвялі тут дэмакратыю! Хто за каго хоча, за таго й галасуе!”

На сайце Indymedia.org зьявілася такая інфармацыя: “Днямі Гомель наведаў кінацягнік. Паказвалі фільмы пра саміт Вялікай Васьмёркі ў Растоку й пра рэвалюцыйныя падзеі ў Аргентыне. Сабрацца ў наш час на мерапрыемства няпроста (скажам так, па тэхнічных прычынах, пагатоў, што ў той дзень выпускалі двух моладзевых апазыцыянэраў з “сутачнай” турмы, аднаго зь іх напярэдадні адлічылі з унівэрсытэту за арганізацыю канцэрту), але ж людзі прыйшлі. Гэта вельмі важна – не выпадаць з глябальнага кантэксту, унураючыся ў праблемы чыста беларускага характару...”

Чальцоў суполкі Жывога Журналу minsk_by турбуе той факт, што ў былой краме “Ноты” на вуліцы Леніна ў Менску цяпер уладкавалася крама “Сувязны”. “Дзе цяпер шукаць ноты?” – запытваецца адзін з удзельнікаў.

“Я таксама была ў шоку”.

“А чаго зьдзіўляцца? Тэлефоны прадаюцца лепей за ноты. Некаму арэнда вельмі дарагая: прадаючы ноты, за газ не разьлічысься”.

Літаратуразнаўца Ганна Кісьліцына піша ў сваім блогу: “Бабуля на лецішчы чарговы раз тлумачыць васемнаццацігадоваму ўнуку, як раскладваць старую канапу. Унук чуў гэта безьліч разоў, і безьліч разоў раскладаў, таму на твары – поўная абыякавасьць.

Жанчына патасна:

– Што – я так і памру – НЕ ПЕРАДАЎШЫ ТАБЕ СВОЙ ЖЫЦЦЁВЫ ДОСЬВЕД

Мяне ахоплівае жаль. І таму, што жыццёвы досьвед можа абмяжоўвацца канапай, і таму, што людзі ўпэўненыя, што гэта і ёсць "досьвед ", які трэба перадаваць... І таму, што паміж пакаленьнямі – прорва...

Колькі такіх жа "бабуль" сярод пісьменнікаў! Палова паліцы ў беларускім аддзеле – інструкцыі да нікому нецікавых жыцьцяў. Але колькі патасу ў пісьменьніцкіх інтэрвію, колькі крыўды – маўляў, мы пішам, пішам, а чытачы/крытыкі абыякавыя...”

Дасылайце свае ідэі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце смс-паведамленьні на нумар 391-22-24.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG