Шубадзёраў лічыць, што палітыкі пакуль ня могуць спыніць вайну, а рэальны ўплыў на сытуацыю маюць тыя, хто непасрэдна ваюе і трымае зброю ў руках. Ён заклікае дагрукацца да палявых камандзіраў празь іхных родных і блізкіх, а таксама праз мэдыя і грамадзкія ініцыятывы.
Андрэй Шубадзёраў — палкоўнік Узброеных сіл Беларусі ў адстаўцы. Кіраваў вайсковым інфармацыйным агенцтвам «Ваяр». У інтэрвію Свабодзе Шубадзёраў расказаў, чаму вырашыў пачаць гэтую місію, як уяўляе яе рэалізацыю, ці ёсьць шанец быць пачутым вайскоўцамі і якую ролю ў гэтым могуць адыграць беларусы.
Каго тычыцца місія «Дадому»?
— Вы абвясьцілі пра ініцыятыву «Дадому». Наколькі я разумею, яе асноўная ідэя — дагрукацца да палявых камандзіраў, да людзей, якія непасрэдна ваююць, каб менавіта яны маглі спыніць вайну.
— Давайце спачатку расставім акцэнты. Місія «Дадому» тычыцца ўсіх вайскоўцаў з абодвух бакоў. Пытаньне ў тым, што я, напэўна, больш акцэнтую ўвагу на расейскім баку, таму што ў той краіне большая інфармацыйная блякада. Значная частка людзей ня мае доступу да максымальна магчымай колькасьці інфармацыйных рэсурсаў, празь якія можна было б распаўсюджваць гэтую ідэю. Але адназначна, што я працую ў абодвух кірунках, бо дамаўляцца давядзецца ім разам. Хочацца, каб яны прыйшлі да разуменьня, што могуць дамовіцца паміж сабой.
У мяне ёсьць факты і інфармацыя ад маіх украінскіх калегаў, што людзі дамаўляюцца пра спыненьне агню, каб забраць загінулых з зоны баявых дзеяньняў. Бывае, што нават перакідваюць адзін аднаму цыгарэты. Таму гэта відавочны факт: місія тычыцца і тых, і другіх.
— Што падштурхнула вас да гэтай ініцыятывы?
— Прычынаў некалькі. У кожнага з нас ёсьць асабістыя матывы. Я дакладна разумею, што для мяне галоўная прычына — я не хачу, каб мае дзеці і ўнукі жылі ва ўмовах, калі вайна бачная на кожным кроку і перашкаджае ім паўнавартасна жыць, быць шчасьлівымі. Яна ўплывае на ўсе сфэры жыцьця: цэны ў крамах, кошт адукацыі, пытаньні міграцыі, магчымасьці свабоднага перамяшчэньня і шмат што іншае. Я кожны дзень жыву ў гэтай рэальнасьці. Калі хтосьці спытае, ці быў я сам на вайне, то мне ня трэба быць на вайне, каб адчуваць яе дыханьне.
Другая прычына — гінуць людзі. Гінуць мае таварышы з абодвух бакоў. З Украіны я дакладна ведаю двух сваіх аднагрупнікаў, зь якімі вучыўся ў Львове амаль чатыры гады і потым шмат гадоў падтрымліваў сувязь. Адзін падарваўся на мінах, другі загінуў ад снараду.
З расейскага боку я нават баюся ўявіць, колькі людзей загінула сярод маіх знаёмых. Ведаю толькі адзін дакладны факт: у майго аднакурсьніка, былога вайсковага пракурора, сын прапаў бязь вестак. Я нават не ўяўляю, як пакутуюць іхныя сем’і, родныя і блізкія. Гэта жахліва. Пакутуюць мільёны людзей. Атрымалася так, што палітыкі давялі сытуацыю да абсурду, і становіцца відавочным, што людзі для іх — маленькая хібнасьць.
Як дагрукацца да вайскоўцаў
— Як вы плянуеце данесьці да вайскоўцаў інфармацыю пра вашу місію?
— Гэта ключавы фактар рэалізацыі місіі. У маім Telegram-канале ёсьць чатыры важныя пункты. І цяпер я найперш імкнуся рэалізаваць адзін зь іх — каб як мага больш людзей даведаліся, што ў вайскоўцаў ёсьць такая магчымасьць. Трэба зразумець, што можна і трэба дагрукацца да вайскоўцаў. Як гэта зрабіць? Праз родных і блізкіх, праз свае блогі, інфармацыйныя крыніцы. Кажыце ім: «Хлопцы, дамаўляйцеся, хлопцы, спыніцеся». Я паступова буду публікаваць звароты і важныя словы для людзей, якія знаходзяцца там. Я разумею, што адчуваюць тыя, хто на полі бою. Я ведаю, што цяпер адбываецца на фронце. Ключавы фактар, які назіраецца, — татальны страх, асабліва з расейскага боку. Гэта страх пакараньня за невыкананьне загадзя невыканальнай задачы. Я думаю: няўжо страх сьмерці меншы за страх быць пакараным?
Важна данесьці да людзей простую думку: вас чакаюць дома, і ўсё гэта трэба спыняць. Гаворка зусім ня йдзе пра тое, каб узяць зброю і кудысьці пайсьці нешта вырашаць. Гаворка пра тое, каб людзі, якія бачаць адзін аднаго ў прыцэлы, чуюць адзін аднаго праз радыёперахоп, дамовіліся і сказалі: «Слухай, усё, так далей нельга».
Гэтыя дзесяць мэтраў зямлі, за якія гінуць сто чалавек, не прынясуць шчасьця ні сям’і, ні каму іншаму. Трэба стаць перад люстэркам і падумаць пра тое, што прыносіць тваёй сям’і ўсё, што ты цяпер робіш. Не незразумелай дзяржаве, не палітыкам і ня нейкім ідэалягічным мэтам, а менавіта тваёй сям’і. І тады ты зразумееш, што для яе ў гэтым няма нічога важнага.
Я чалавек вайсковы, мяне вучылі берагчы людзей. Я не разумею, што адбылося з палявымі камандзірамі, якія гоняць сваіх падначаленых на сьмерць. Гэта прынцыповае пытаньне. Трэба зразумець, чаму яны ня хочуць берагчы людзей. І трэба падумаць, колькі яшчэ маладых хлопцаў загіне, калі цяпер усё гэта не спыніць. Інакш у будучыні туды ж пойдуць іхныя дзеці і ўнукі.
Тры дні таму я размаўляў са сваім украінскім калегам, які толькі што дэмабілізаваўся. Ён сказаў: «Андрэй, я такі шчасьлівы, што нарэшце выйшаў з гэтага. Ты ня ўяўляеш, колькі дзяцей я пахаваў». Спачатку я не зразумеў, пра якіх дзяцей ён гаворыць. У яго ж адзін ці двое дзяцей. І толькі потым да мяне дайшло: ён пахаваў шмат тых, хто быў маладзейшы за яго, тых, хто мог быць ягонымі дзецьмі.
Што адбываецца ў асяродзьдзі расейскіх вайскоўцаў
— Вы маеце даволі шмат кантактаў з украінскімі вайскоўцамі. Але што вам вядома пра настроі сярод расейскіх вайскоўцаў?
— У мяне няма прамых кантактаў зь людзьмі, якія ваююць на расейскім баку. Я спыніў зносіны з большасьцю сваіх былых калегаў яшчэ з 2014 году. Але мне ня трэба мець такія кантакты, каб разумець, што там адбываецца. Я гляджу Telegram-каналы, бачу, як з абодвух бакоў рэгулярна публікуюць допісы пра стомленасьць, пра тое, навошта людзі там знаходзяцца і што яны робяць. Відавочна, што і там, і там ёсьць экзістэнцыйны страх і безвыходнасьць. Людзі разумеюць, што гэтаму ня будзе канца і краю.
Мне здаецца, што менавіта гэтае разуменьне — што так больш нельга і трэба знайсьці нейкі спосаб спыніць вайну — і павінна стаць галоўным. Я паглядзеў на сытуацыю і зразумеў: палітыкі не змаглі вырашыць праблему, не вырашаюць яе цяпер і, відаць, ня вырашаць далей. У каго ў руках зброя? Толькі ў вайскоўцаў. Хто можа перастаць страляць? Толькі вайскоўцы.
Мне часта тэлефануюць былыя калегі і кажуць: «Андрэй, ты разумееш, што гэта пераварот, што гэта дэзэртырства?» Я ім тлумачу: калі гаворка ідзе пра адэкватныя загады, адэкватныя мэты і задачы, тады мы можам пра гэта размаўляць. Але калі сёньня без зразумелых мэтаў і задачаў гіне вялікая колькасьць людзей, то тут гаворка ня пра палітыку. Гэта гуманітарнае пытаньне.
Ці мог быць пачуты зварот расейскага генэрала Івашова?
— Перад пачаткам вайны, за некалькі тыдняў да ўварваньня, высокапастаўлены расейскі вайсковец у адстаўцы Леанід Івашоў заклікаў Пуціна не пачынаць вайну. Ён папярэджваў пра вялікія чалавечыя страты, пра тое, што расейцы і ўкраінцы стануць ворагамі, і пра пагрозу самому існаваньню Расеі. Цяпер Івашоў зноў выступіў з больш рэзкім зваротам і заявіў, што для спыненьня вайны трэба зьмяніць кіраўніцтва Расеі. Ці меў ён тады шанец быць пачутым і ці мае ягоны голас значэньне цяпер?
— Не, гэта немагчыма. Такія рэчы фармуюцца, арганізуюцца і плянуюцца гадамі. Гэта ж не адбываецца за месяц ці два, калі машына раптам перадумала і пайшла ў іншы бок. У гэтай сыстэме ўсё робіцца загадзя, і ўсе цудоўна разумеюць, што гэта фармавалася вельмі доўга. Калі плян ужо падрыхтаваны, калі пад яго заточаная вялікая колькасьць людзей, калі падрыхтаваныя ўзбраеньне, тэхніка і сыстэмы, голас аднаго чалавека ўжо нічога ня зьменіць.
Вы ведаеце інфармацыю пра тое, што эканамісты прыходзілі да Пуціна напярэдадні вайны і тлумачылі, да чаго ўсё гэта прывядзе. Але гэта не спыніла яго. Таму Івашоў, нягледзячы на тое, што ён вельмі папулярны і разумны чалавек, ня мог паўплываць на сытуацыю. І цяпер ягоны голас таксама наўрад ці нешта зьменіць, бо ёсьць іншыя палітычныя мэты, якія зусім не супадаюць з разумнымі паводзінамі.
Мне наогул цяжка зразумець тое, што цяпер адбываецца з абодвух бакоў. Самае страшнае, што ў сьвеце перасталі разумець, што ёсьць чалавек. Нас падзялілі паводле нацыянальнасьцяў, нацыяў і гэтак далей. А слова Human, чалавек, зьнікла. Хоць мы ўсе аднолькавыя: аднолькава хварэем, нараджаемся і паміраем.
Ці можа грамадзкі рэзананс дапамагчы спыніць вайну?
—Пры якой умове ваш голас можа быць пачуты? Ці разьлічваеце вы, што вас пачуюць вайскоўцы або кіраўніцтва?
— Я зусім не перасьледую мэты, каб мой голас пачулі палітыкі. Для мяне важна, каб мы ўсе зразумелі: ня трэба думаць, што нехта за нас нешта вырашыць. Ніхто за нас нічога ня вырашыць. Камандзір на полі бою сядзіць і думае, што нехта дапаможа яму спыніць баявыя дзеяньні. Але ніхто, акрамя яго самога, гэтага ня зробіць. Гэта самы важны момант.
Я даўно не публікаваў нічога ў Facebook. Апошнія два гады мая жонка хварэла на анкалягічнае захворваньне, і мне было не да сацыяльных сетак. Я вёў сваю вайну. Гэта таксама адзін з фактараў. Калі губляеш блізкага чалавека, узьнікае страх страціць іншых блізкіх. Ты здольны рабіць цуды. Таму хочацца, каб цуды адбыліся.
Калі я апублікаваў першыя допісы пра місію, адзін набраў амаль пяць тысяч праглядаў, другі — каля трох тысяч. Людзі пачынаюць задумвацца: а ці атрымаецца, а што будзе далей? Але ніхто ня зрабіў ніводнага рэпосту. Ніхто не падумаў, што трэба хаця б неяк пашырыць гэтую інфармацыю. Людзі пачынаюць будаваць складаныя канструкцыі замест таго, каб проста сказаць: гэта ж праўда, трэба, каб яны вярнуліся дадому.
Я хачу, каб першым вынікам місіі стала тое, што хаця б мільён чалавек даведаецца пра яе і пачне распаўсюджваць гэтую інфармацыю. Каб людзі пісалі ў сваіх допісах слова «Домой», выкарыстоўвалі адпаведны хэштэг.
І самае галоўнае — каб родныя і блізкія людзей, якія знаходзяцца ў зоне баявых дзеяньняў, напісалі ім, патэлефанавалі і сказалі, чаго яны хочуць. Яны хочуць, каб тыя вярнуліся дадому. І што ў іх ёсьць такая магчымасьць, бо цяпер яны нават яе не дапускаюць. Каб вы разумелі, як працуе гэтая сыстэма: цяпер яны ўсе знаходзяцца нібыта ў коме. Каб прыняць нейкія рашэньні, трэба спыніцца, сабраць загінулых, пахаваць іх і хаця б некалькі дзён адпачыць, каб зразумець, што рабіць далей. Я ўпэўнены, што сярод камандзіраў ёсьць людзі, здольныя прыняць такое рашэньне. Ім галоўнае пераадолець страх.
Гэта людзі са зброяй, яны могуць абараніць сябе і гарантаваць уласную бясьпеку. Іхны галоўны страх — што іх пакараюць за тое, што яны спынілі баявыя дзеяньні. Але можна сказаць: я спыніў гэта, каб захаваць сваіх людзей. І гэта будзе азначаць захаваньне жыцьцяў з абодвух бакоў. Мы гаворым толькі пра ўзаемную дамоўленасьць, а не пра тое, што адна сторона нешта зробіць, а другая — не. Мэта гэтай місіі — захаваць жыцьці і здароўе людзей. Далей няхай палітыкі гадамі вядуць перамовы, мяняюць тэрыторыі і вырашаюць, што хочуць. Галоўнае, каб у гэты час людзі не гінулі.
Якая роля беларусаў у місіі?
— Ёсьць грамадзяне Беларусі, якія ваююць на баку Ўкраіны, ёсьць тыя, хто ваюе на баку Расеі. Беларускія прадпрыемствы падтрымліваюць расейскую ваенную машыну. Ці бачыце вы асобную ролю беларусаў у гэтай місіі?
— Я не хачу дзяліць удзельнікаў місіі паводле нацыянальнасьці. Для мяне гэта прынцыпова. Хоць беларусы, мне здаецца, найбольш хочуць міру ў гэтым сьвеце. Я лічу, што ўсе павінны данесьці гэтую інфармацыю да сваіх родных і блізкіх любымі спосабамі: баявыя дзеяньні можна спыніць, калі данесьці інфармацыю да палявых камандзіраў і папрасіць іх абмеркаваць паміж сабой магчымасьць прыняць такое рашэньне.
— Вы гаворыце пра колькасьць праглядаў допісаў. Ці ёсьць ужо нейкія рэакцыі на місію?
— Рэакцыі ёсьць, але ў асноўным людзі ўсё ўскладняюць. Чалавек прыходзіць, чытае, і ўсё, што яму трэба зрабіць, — калі ён згодны з гэтай пазыцыяй, выказаць яе ў сябе, распаўсюдзіць інфармацыю, зрабіць рэпост. Але ў нас пачынаецца экзыстэнцыйны страх: а ці не адбудзецца нешта са мной? Калі я апублікаваў інфармацыю пра місію, многія тэлефанавалі і пыталіся: «Андрэй, у цябе нешта здарылася? Можа, цябе ў закладнікі ўзялі?»
Я адказваў: «Не, хлопцы, вы проста ўчытайцеся». Хтосьці баіцца, што я займаюся нейкай палітычнай дзейнасьцю. Але гаворка ідзе пра захаваньне жыцьцяў людзей. Таму рэакцыі ёсьць, але яны вельмі складаныя. Людзі пачынаюць дыскутаваць: а што адбудзецца, а што будзе, а ці атрымаецца? Але цяпер няма сэнсу ўваходзіць у такія дыскусіі. Ёсьць прынцыпова важны момант: данесьці інфармацыю.
Напішыце слова «Домой». Падзяліцеся з тымі, чые блізкія ваююць. Скажыце ім: ёсьць такая місія. Трэба сканцэнтраваць намаганьні і данесьці простую думку да палявых камандзіраў, да людзей са зброяй: мы хочам, каб вы вярнуліся дадому. Мы хочам, каб вы зрабілі ўсё, каб мы вас дачакаліся.
Найперш хацелася б, каб гэта сказалі маці, жонкі, родныя і блізкія. Але важна, каб гэта прагучала ад усіх, каб вайскоўцы адчулі сваю значнасьць. Бо цяпер гэтыя людзі нікому не патрэбныя. Яны гінуць сотнямі, а сьвет жыве зусім іншым жыцьцём.
Я буду спрабаваць працаваць ня толькі праз мэдыя і грамадзкія ініцыятывы. У мяне ёсьць кантакты з аднаго боку, я паспрабую аднавіць кантакты і з другога боку. Буду імкнуцца данесьці гэтую інфармацыю ў прыватным парадку. Але гэта ня будзе так эфэктыўна, як распаўсюджваньне ідэі празь людзей і мэдыя. Гэтую ідэю трэба прасоўваць. Яна не бессэнсоўная і можа даць вынік.
— Раскажыце пра сваю вайсковую службу.
— Я скончыў Львоўскую вышэйшую ваенна-палітычную вучэльню, а потым з адзнакай — Ваенную акадэмію Рэспублікі Беларусь. Служыў спачатку ў Грузіі, з 1989 да 1993 году, а потым — ва Ўзброеных сілах Беларусі да 2015 году. Апошняя частка маёй службы была зьвязаная з працай з інфармацыяй. У асноўным гэта была інфармацыйная праца ва Ўзброеных сілах і пашырэньне магчымасьцяў інтэрнэту для падтрымкі гэтай дзейнасьці.
Форум