Спэцыяльны пасланьнік ЗША Джарэд Кушнер «ня робіць заяваў, не абдумаўшы іх і ня ўлічваючы пазыцыяў усіх зацікаўленых бакоў — асабліва прэзыдэнта Трампа», — паведаміў Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода амэрыканскі службовец.
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп можа разгледзець магчымасьць надаць Украіне гарантыі бясьпекі на ўзор абавязаньняў NATO ў калектыўнай абароне, калі пераканаецца, што рызыка чарговага расейскага ўварваньня зьнізілася дастаткова, заявіў спэцыяльны пасланьнік Джарэд Кушнер, піша карэспандэнт Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода ў Вашынгтоне Алекс Раўфоглу.
У паведамленьні ў сетцы X ад 22 лістапада Кушнер ахарактарызаваў гатоўнасьць Расеі абмяркоўваць такія гарантыі як «важны крок наперад» і патэнцыйнае сьведчаньне таго, што Масква сур’ёзна настроеная на мір. Але публічна Масква адхіліла гарантыі, падобныя да гарантыяў NATO, для Ўкраіны.
На мінулым тыдні намесьнік міністра замежных справаў Расеі Сяргей Рабкоў назваў іх непрымальнымі, што выклікала пытаньні аб тым, як Кушнер ахарактарызаваў пазыцыю Масквы. Кушнер таксама не сказаў пра абавязаньні ЗША, заявіўшы, што Трамп мусіць ухваліць якую-хаця прапанаваную гарантыю з улікам канстытуцыйных і парлямэнцкіх працэдураў.
Амэрыканскі службовец зазначыў для Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, што заява Кушнера істотная з увагі на яго ролю ў перамовах.
«Спэцыяльны пасланьнік ня робіць заяваў без разважаньняў або разуменьня ўсіх зацікаўленых бакоў, асабліва прэзыдэнта Трампа, які давярае яму весьці перамовы», — сказаў службовец.
Што разглядае Вашынгтон
Кушнер сказаў, што надзейная гарантыя, падмацаваная стрымліваньнем і дамоўленасьцямі аб перадухіленьні ваеннай эскаляцыі, можа «значна зьнізіць рызыку чарговай вайны». Ён пагадзіўся з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім у тым, што гарантыі маюць быць «канкрэтнымі, надзейнымі і выразна задакумэнтаванымі».
Кушнер прапанаваў шырэйшую структуру, якая ўключае пастаянныя каналы для кансультацыяў, крызіснай камунікацыі, перадухіленьня ваенных канфліктаў, празрыстасьці і ўзаемных мер для зьмяншэньня эскаляцыі. Ён заявіў, што мэтай павінна быць будучыня, у якой «Украіна бясьпечная, Эўропа мацнейшая, Расея ўпэўнена, што NATO не імкнецца да канфрантацыі, а NATO і яго партнэры ўпэўненыя, што Расея будзе паважаць сувэрэнітэт і бясьпеку сваіх суседзяў».
Ён падкрэсьліў, што гарантыі бясьпекі Ўкраіны ня могуць давацца асобна ад шырэйшай пасьляваеннай эўрапейскай архітэктуры бясьпекі і што якая-хаця дамоўленасьць мае захоўваць сувэрэнітэт і незалежнасьць рашэньняў краін-удзельніц.
Кушнер таксама заявіў, што для запэўненьня трывалай бясьпекі патрэбны надзейны плян дасягненьня дабрабыту для Ўкраіны, які ўключае рэформы, накіраваныя на ўмацаваньне яе інстытутаў, эканомікі і самадастатковасьці.
Спасылаючыся на размову Трампа зь лідэрамі Кааліцыі ахвочых, ён адзначыў, што сотні мільярдаў даляраў, якія выдаткоўваюцца на вайну, можна было б накіраваць на стварэньне працоўных месцаў, эканамічны рост, зьніжэньне цэнаў энэрганосьбітаў і разьвіцьцё інфраструктуры.
Паводле Кушнера, у бліжэйшыя тыдні Вашынгтон мерыцца працаваць з Кіевам, з эўрапейскімі партнэрамі і Масквой над укладаньнем прапанаваных дамоўленасьцяў.
Зяленскі патрабуе большага
Публікацыя Кушнера зьявілася ўсьлед за нядаўнімі заявамі Зяленскага, зробленымі пасьля сустрэчы Кааліцыі ахвочых у Бэрліне. Прэзыдэнт Украіны заявіў, што паўнапраўнае сяброўства ў NATO застаецца найбольш відавочнай гарантыяй бясьпекі для яго краіны, яно таксама ўмацавала б сам альянс.
Зяленскі запытаўся, якую альтэрнатыву азначаў бы на практыцы мэханізм, падобны да «артыкулу 5»: якія краіны ў ім удзельнічалі б, як яны абаранялі б Украіну і ці гатовыя яны адбіць чарговую расейскую атаку. Адказы на гэтыя пытаньні, падкрэсьліў ён, павінны быць зафіксаваныя пісьмова, а не заставацца проста агульнымі палітычнымі абяцаньнямі.
Зяленскі таксама настойваў на тым, што якія-хаця гарантыі маюць дзейнічаць і пасьля завяршэньня прэзыдэнцкага тэрміну Трампа. Іначай — сказаў ён, — «гэта не трывалы мір. Гэта двухгадовая паўза».
Адмова Масквы
Дэніел Фрыд, былы памочнік дзяржаўнага сакратара ЗША ў справах Эўропы і Эўразіі, які працаваў пры сямі адміністрацыях, заявіў у інтэрвію Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, што ня бачыць ніякіх прыкметаў гатоўнасьці Масквы абмяркоўваць падобныя гарантыі.
«Я хацеў бы пачуць гэта ад самых расейцаў. Але яны гэтага не казалі», — адзначыў Фрыд, спасылаючыся на публічныя выказваньні Рабкова і на тое, што Расея надалей ставіць максымалісцкія ваенныя мэты.
«Слова „абмяркоўваць“ тут мае вырашальнае значэньне», — падкрэсьліў ён. Паводле Фрыда, сапраўдная гарантыя, падобная да прадугледжанай артыкулам 5, азначала б, што ЗША і ключавыя эўрапейскія краіны (магчыма, у тым ліку ўдзельніцы Кааліцыі ахвочых) абавязваюцца разглядаць напад на Ўкраіну як напад на ўсіх іх. «Гэта было б вельмі сурʼёзна», — сказаў ён. Такая дамоўленасьць магла б працаваць, дадаў ён, але Расея, хутчэй за ўсё, яе адхіліць. Паводле Фрыда, поўнае сяброўства Ўкраіны ў NATO было б больш прымальным для Кіева.
Фрыд паставіў пад сумнеў, ці Кушнер апісаў узгодненую палітыку ЗША, ці спрабаваў заручыцца падтрымкай Трампам ягонай прапановы. «Было б значна лепш, калі б ён сказаў, што Дональд Трамп падтрымлівае гэтую гарантыю пры ўмове захаваньня канстытуцыйных і парлямэнцкіх працэдураў», — сказаў Фрыд.
Стаўленьне Пэнтагону да ўступленьня Ўкраіны ў NATO
Фрыд таксама паставіў пад сумнеў, як патэнцыйныя абавязаньні ЗША ў галіне бясьпекі будуць адпавядаць прыярытэтам, публічна заяўленым кіраўніком палітыкі Пэнтагону Элбрыджам Колбі. У асобным допісе ў сацыяльных сетках 22 лістапада Колбі апісаў пераход да таго, што ён назваў «NATO 3.0», сьцьвярджаючы, што эўрапейскія хаўрусьнікі мусяць узяць на сябе лідэрства ў галіне звычайнай абароны ў рамках альянсу.
Колбі сказаў, што падтрымка ЗША для Ўкраіны мае канцэнтравацца на дапамозе ўтрымліваць лініі фронту і выконваць удары сярэдняй далёкасьці. Ён назваў гэта найбольш эфэктыўным спосабам умацаваньня абароны Ўкраіны і стварэньня ўмоваў для трывалага міру.
Ён зазначыў, што пераход да канвэнцыйнай абароны пад кіраўніцтвам эўрапейцаў ужо дае вынікі, а саюзьнікі ЗША дэманструюць прамысловы патэнцыял і палітычную волю ўзяць на сябе большую адказнасьць.
«Калі мы зьбіраемся ўзяць на сябе дадатковыя абавязаньні ў бяспецы, гарантыі, падобныя да Артыкулу 5, для Ўкраіны, я хачу ведаць: якія дадатковыя сілы спатрэбяцца і як гэта будзе зроблена?» — спытаў Фрыд.
Ён таксама папярэдзіў, што перамовы аб захадах зьніжэньня напружанасьці могуць даць Маскве магчымасьць выставіць свае ўласныя патрабаваньні.
Нягледзячы на агаворкі, Фрыд сказаў, што допіс Кушнера быў дастаткова прагрэсіўным і таму заслугоўвае сурʼёзнай увагі.
Гарантыі павінны быць надзейнымі
Крыстына Квін, былая дырэктарка ў пытаньнях Эўропы ў Радзе нацыянальнай бясьпекі ЗША і былая часовая павераная ў справах ЗША ва Ўкраіне, была больш скептычная.
Квін, цяпер старшыня Ціхаакіянскай рады міжнароднай палітыкі, заявіла Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, што фраза «гарантыі, падобныя на артыкул 5», занадта расплывістая без выразна акрэсьленых і выканальных мэханізмаў.
Яна таксама паставіла пад сумнеў заяву Кушнера пра тое, што Расея спакойна абмяркоўвае гэтую канцэпцыю, асабліва зважаючы на адмову Рабкова. Нават пісьмовае абавязаньне, зь яе словаў, будзе надзейным роўна настолькі, наколькі Вашынгтон гатовы яго выконваць.
«Адміністрацыя Трампа не стварыла даверу, патрэбнага, каб запэўніць выкананьне абавязаньняў», — сказала Квін.
«Найбольш надзейная гарантыя бясьпекі для Ўкраіны — гэта паўнапраўнае сяброўства ў NATO», — дадала яна.
Між тым Кушнер адзначыў, што прапанаваныя захады бясьпекі — у спалучэньні з эканамічным аднаўленьнем і шырэйшай эўрапейскай сыстэмай бясьпекі — павінны стаць грунтам для ўстойлівага ўрэгуляваньня. Ён акрэсьліў як канчатковую мэту «сувэрэнную, бясьпечную, квітучую і свабодную Ўкраіну, больш моцную і стабільную Эўропу, а таксама трывалы мір, заснаваны на дамоўленасьцях, якія робяць наступную вайну значна менш імвернай».
«Нічога ня ўзгоднена, пакуль яно ня ўзгоднена, — падкрэсьліў Кушнер. — Але гатоўнасьць абмяркоўваць гэтыя гістарычныя пытаньні стварае важную магчымасьць спыніць кровапраліцьце».