Хто выйшаў пераможцам з саміту лідэраў ЗША, Кітая і Расеі? Ці стала Беларусь адным з пляцдармаў расейскай гібрыднай вайны супраць Эўразьвязу? Як ставіцца да беларусаў, завэрбаваных Расеяй на вайну супраць Украіны — як да ахвяраў прапаганды ці як да людзей са сьвядомым выбарам? У «ПіКу Свабоды» з Ганнай Соўсь падсумоўваем падзеі тыдня з гісторыкам і палітолягам Розай Турарбекавай і прадстаўніком ініцыятывы Belpol Аляксандрам Кабанавым.
Глядзець размову на відэа цалкам.
0:46 Ці магчымае зьніжэньне ўзроўню рэпрэсій, пакуль Лукашэнка ва ўладзе
7:06 Хто выйграў на саміце Трампа, Сі і Пуціна
13:18 Чаго Лукашэнка хоча ад Трампа і ці патрэбны ён Пуціну як перамоўнік
17:15 Ці стала Беларусь часткай інфраструктуры расейскай гібрыднай вайны супраць Эўразьвязу
19:16 Хто будзе выначаць будучыню Беларусі, калі Лукашэнкі ня стане
22:55 Ці ёсьць у дэмакратычных сілаў і грамадзтва шанец паўплываць на транзыт улады
24:00 Што беларусам варта рабіць, каб не дапусьціць расейскага сцэнару
26:51 Як ставіцца да гісторыі 18-гадовага беларуса, які паехаў на вайну супраць Украіны
31:41 Ці пачнуць беларусы гаварыць пра «нашых хлопчыкаў», якіх шкада
34:42 Чаму супраць беларусаў, якія ваююць на баку Расеі, не ўжываюць артыкул Крымінальнага кодэксу за найміцтва
38:28 Якія грошы атрымліваюць сем'і загінулых беларусаў
Тут фрагмэнты гутаркі з Розай Турарбекавай.
— Аляксандар Лукашэнка заявіў на сустрэчы з судзьдзямі, што арышты будуць працягвацца, калі яны "парушаць закон". Паводле Лукашэнкі, амэрыканская дэлегацыя падчас перамоваў зьвяртала ўвагу на тое, што пасьля вызваленьня некалькіх дзясяткаў палітвязьняў сілавікі затрымалі ўтрая больш людзей, каб папаўняць так званы «абменны фонд». «Нават калі ў пяць, дзесяць разоў больш будзе тых, каго мы адпусьцілі на просьбу Трампа, — сядзець будуць», — заявіў Лукашэнка. Ён патлумачыў гэта нежаданьнем дапусьціць паўтарэньня пратэстаў 2020 году. Спадарыня Роза, пракамэнтуйце гэтую заяву ў кантэксьце чаканага візыту Джона Коўла і анансаванага ім вызваленьня палітвязьняў. Ці магчымае зьмягчэньне рэжыму, зьніжэньне ўзроўню рэпрэсій, пакуль Лукашэнка ва ўладзе?
— Я прытрымліваюся сваёй ранейшай пазыцыі: Лукашэнка наўрад ці зьмякчыць рэпрэсіі, наўрад ці зьмякчыць рэжым. Магчыма, нейкая магчымасьць зьмякчэньня рэпрэсій і была. З гэтым была зьвязаная надзея, калі пачаўся працэс вызваленьня палітвязьняў. Але ў цэлым маё меркаваньне застаецца ранейшым: Лукашэнка ня здольны зьмяніць гэтую сыстэму, гэты рэжым. Больш за тое, ён зьяўляецца аўтарам масавых рэпрэсій, разгорнутых пасьля 2020 году.
Гістарычны досьвед паказвае, што аўтары такой палітыкі, як правіла, яе не мяняюць, бо гэта можа пацягнуць для іх нейкія адказныя дзеяньні ці адказнасьць. І ў гэтай сувязі, на жаль, я вымушаная яшчэ раз сказаць: хутчэй за ўсё, зьмякчэньня ня будзе. Пра гэта пастаянна гавораць і праваабаронцы, і экспэрты, і палітыкі. На сёньня, на маю думку, мала хто спадзяецца, што сытуацыя можа сур’ёзна і якасна зьмяніцца.
— Ці магчымыя яшчэ вызваленьні канкрэтных палітвязьняў, пра якія дамовяцца з амэрыканскай дэлегацыяй, наўзамен на пэўныя саступкі, напрыклад, зьняцьцё санкцыяў?
— Адно не выключае другога. Я не выключаю, што такія вызваленьні магчымыя. Але яшчэ раз паўтаруся: тое, што мы цяпер назіраем, — гэта торг, абмен. Найбліжэйшы гістарычны прыклад — тое, што рабіла ГДР са сваімі палітвязьнямі. Улады літаральна гандлявалі імі і такім чынам вырашалі, у тым ліку, свае эканамічныя праблемы. Але гэта не прыводзіла да зьмякчэньня рэжыму, зьмяншэньня рэпрэсій ці іх спыненьня. Наадварот, улады ГДР пераканаліся, што гэта даволі эфэктыўны інструмэнт ціску і гандлю.
— Напрыканцы кастрычніка былыя палітвязьні зьвярнуліся да эўрапейскіх лідэраў з заклікам актывізаваць намаганьні дзеля вызваленьня зьняволеных і спыненьня рэпрэсій у Беларусі. Ці ёсьць цяпер патэнцыял, каб эўрапейцы далучыліся да працэсу вызваленьня? Ці застаецца актуальнай дыскусія пра тое, як вызваляць палітвязьняў, пасьля апошняй заявы Лукашэнкі?
— Я думаю, што гэтая дыскусія будзе актуальнай заўсёды. Для нас гэта вельмі сур’ёзная праблема. Я б сказала, што гэта першачарговая задача, у тым ліку для беларускіх дэмакратычных сілаў. Іншая справа — якія пэрспэктывы. На жаль, цяпер яны ня вельмі аптымістычныя, бо сытуацыя пагаршаецца. Надзея на тое, што беларускі трэк будзе ўключаны ў агульны перамоўны працэс паміж Украінай і Расеяй, пакуль не апраўдваецца. Самі перамовы праходзяць вельмі складана, можна нават сказаць, што цяпер яны буксуюць.
На гэтым фоне ў мяне ёсьць пэўны пэсымізм. Але гэта не азначае, што ня трэба гаварыць пра праблему і што яна страчвае актуальнасьць. Яна будзе актуальнай да таго часу, пакуль існуюць палітвязьні і працягваецца рэпрэсіўная палітыка Лукашэнкі. Я лічу, што трэба працягваць нагадваць пра гэтае пытаньне, каб у больш спрыяльны момант міжнароднай сытуацыі можна было дасягнуць пэўных станоўчых вынікаў.
Магчыма, Коўл усё ж прыедзе і паспрыяе вызваленьню вялікай колькасьці палітвязьняў. Мы на гэта спадзяёмся. Але, на жаль, сёньня сытуацыя выглядае ня вельмі аптымістычна. І ўсё ж гэтая дыскусія, на маю думку, будзе заўсёды актуальнай для беларусаў. Спадзяюся, што і для эўрапейцаў. Іншая справа, што Эўропа цяпер не ставіць перамовы з Лукашэнкам пра вызваленьне палітвязьняў на першае месца. Як бачым, уся ўвага засяроджаная на Ўкраіне, на разыходжаньнях і рознагалосьсях паміж Эўрапейскім Зьвязам і Злучанымі Штатамі. Мы фактычна назіраем за цяперашнім дыпляматычным пікам у рэальным часе. Увесь сёньняшні міжнародны перамоўны кантэкст для нашай праблемы — вызваленьня зьняволеных і спыненьня рэпрэсій — неспрыяльны.
Форум