Лукашэнка наконт папаўненья «абменнага фонду» палітвязьняў: «Нават калі ў 10 разоў больш будзе — будуць сядзець»

Аляксандар Лукашэнка падчас нарады, 19 лістапада 2020 году
Аляксандар Лукашэнка падчас нарады, 19 лістапада 2020 году

19 лістапада Аляксандар Лукашэнка сабраў у Палацы незалежнасьці судзьдзяў і выступіў перад імі з прамовай. У ёй сярод іншага ён расказаў, што амэрыканская дэлегацыя падчас перамоваў зь ім уздымала праблему таго, што канвэер зьняволеньняў паводле палітычных прычынаў не спыняецца.

Прычым колькасьць вызваленых палітвязьняў Лукашэнка акрэсьліў як «некалькі дзясяткаў».

«…Узяўшы інфармацыю ад нашых беглых, што мы вось адпусьцілі там энную колькасьць, дзясяткаў некалькі чалавек, а ў гэты час гэтыя Кубраковы і Тэртэлі на чале з Гарой, генпракурорам, схапілі ўтрая больш і пасадзілі — каб мець абменны фонд (…)

Такую тэму амэрыканцы ўзьнялі перада мной. На што я ім жорстка адказаў, проста рэзка: „Закон парушыць — будзе сядзець. Нават калі ў пяць, дзесяць разоў больш будзе, [чым] тых, каго мы табе тут аддалі, адпусьцілі на просьбу Трампа, — сядзець будуць“», — заявіў Лукашэнка, назваўшы «дурным» выраз «абменны фонд».

Не хаваў Лукашэнка і прычынаў такой палітыкі.

«Другое, што я ім тады сказаў: я не дапушчу паўтарэньня 20-га году. Гэта і мая віна была, што мы так, Андрэй Іванавіч [Швед], лёгка аднесьліся да дваццатага году. І калі мне спэцслужбы дакладалі нейкую інфармацыю, думаў: „Ды ня можа ж быць, гэта ж мы, гэта ж беларусы, мы ж не дапусьцім таго, каб за нейкія там невялікія пернікі разбурылі краіну“. Аказваецца, маглі.

Таму мы ня можам дапусьціць разбурэньня краіны. Жыць нам няма дзе, толькі тут. І мы павінны прымаць рашэньні», — сказаў Лукашэнка, згадаўшы цяперашняга старшыню Вярхоўнага суду Андрэя Шведа.

Варта адзначыць, што да выбараў 2020 году і першы месяц пасьля іх Швед займаў пасаду старшыні Дзяржаўнага камітэту судовых экспэртызаў. І толькі 9 верасьня Лукашэнка прызначыў яго генэральным пракурорам замест Аляксандра Канюка, якога неўзабаве адправілі паслом у Армэнію.

Аляксандар Лукашэнка таксама параіў перш, чым выступаць з крытыкай, паглядзецца ў люстэрка. І расказаў, як лаяўся матам на міністра.

«Так, дзесьці вы ня згодныя, дзесьці часам крытыкуеце ўладу, мяне перадусім, і гэтак далей. Але давайце цярпліва да гэтага ставіцца. Ня будзем гэта рабіць рэвалюцыйным чынам, бо гэта прывядзе да самага страшнага — грамадзянскай вайны. Калі вашыя дзеці будуць адно аднаго забіваць або ж вашыя дзеці супраць вас будуць ваяваць. Гэта недапушчальна, гэта катастрофа», — сказаў Лукашэнка, правёўшы паралелі з грамадзянскай вайной, якая ўспыхнула пасьля рэвалюцыі 1917 году.

«А мой прынцып вазьміце на ўзбраеньне: у люстэрка на сябе паглядзі, перш чым выстаўляць прэтэнзіі іншым. Я гэта раблю кожны дзень. Кожны дзень і сябе пытаюся: правільна я раблю ці не? На міністра сельскай гаспадаркі ў полі матам лаюся — гэта правільна ці не? Потым выбачаўся перад ім», — расказаў Лукашэнка.

«Быў такі выпадак, калі я паехаў у гаспадарку, у якой я працаваў, праехаў па полі, а там дзясяткі рознага роду тэхнікі. Ну, я ж разумею, што ў гэтай гаспадарцы ня можа быць столькі тэхнікі. Яны з усёй вобласьці сагналі. Вы каму акуляры настаўляеце? Было такое. Гэта недапушчальна», — патлумачыў Лукашэнка, чаму нецэнзурна лаяў міністра.

Што папярэднічала

Кантакты Беларусі і ЗША аднавіліся ў 2025 годзе пасьля працяглага пэрыяду жорсткіх санкцыяў і закрыцьця амбасадаў.

Амэрыканскі бок аказвае Джон Коўл, якога прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп прызначыў сваім спэцыяльным пасланьнікам для Беларусі.

З публічных паведамленьняў вядома, што перамовы вядуцца аб вызваленьні ўладамі Беларусі палітычных зьняволеных у абмен на скасаваньне ЗША эканамічных санкцыяў.

За час перамоў вызвалілі 671 чалавека, але ня ўсе яны былі палітвязьнямі. У абмен ЗША заявілі аб скасаваньні санкцыяў зь «Беларуськалію» і «Белінвэстбанку», а таксама з ААТ «Лакафарба» і канцэрну «Белляспаперпрам».

На апошняй сустрэчы з Коўлам 15 верасьня Аляксандар Лукашэнка заклікаў ЗША «няўхільна» выконваць усе дамоўленасьці.

«Адзінае — гэта не патрабаваньне, гэта мая просьба да вас — каб мы няўхільна выконвалі дамоўленасьць з нашага боку і з боку Злучаных Штатаў Амэрыкі. Мы нямала дасягнулі дамоўленасьцяў, што датычаць нашых эканамічных дачыненьняў», — працытавала Лукашэнку ягоная прэсавая служба.

Так Лукашэнка выказаўся пасьля таго, як прэм’ер Аляксандар Турчын, які таксама быў на сустрэчы з Коўлам, агучыў праблему замарожаных 43–44 мільёнаў даляраў «Беларуськалію» ў амэрыканскім Citibank.

21 верасьня прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп паведаміў пра ўгоду зь Беларусьсю аб пастаўках калію ў ЗША. Допіс ён зьмясьціў на сваёй старонцы ў Truth Social.

«Злучаныя Штаты працуюць над маштабнай угодай аб закупе калійных угнаеньняў у Беларусі. Цана будзе значна ніжэйшай за тую, якую мы цяпер плацім Канадзе, — гэта выдатная навіна для нашых фэрмэраў і жывёлаводаў. Дзякуй за ўвагу да гэтага пытаньня!» — напісаў ён.

Санкцыі зь беларускай калійнай вытворчасьці ЗША канчаткова зьнялі сёлета ў сакавіку, калі Менск вызваліў вялікую групу беларускіх палітзьняволеных. Эўразьвяз у сваю чаргу пакінуў санкцыі ў сіле. Краіны ЭЗ ня проста не набываюць беларускіх угнаеньняў, але і забараняюць іх транзыт праз свае морскія парты.

21 кастрычніка ЗША зьнялі санкцыі з кіраўніка «Беларуськалія» Андрэя Рыбакова.

​
XS
SM
MD
LG