Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стала вядома, чаму амбасада ЗША не аднаўляе сваю дзейнасьць у Менску

Джон Коўл і Валянцін Рыбакоў, 19 сакавіка 2026 году. Ілюстрацыйнае фота
Джон Коўл і Валянцін Рыбакоў, 19 сакавіка 2026 году. Ілюстрацыйнае фота

Сталы прадстаўнік Беларусі ў ААН Валянцін Рыбакоў пералічыў некаторыя тэмы, якія абмяркоўваюцца з адміністрацыяй ЗША.

Валянцін Рыбакоў паведаміў, што амэрыканскі бок выставіў пэўныя ўмовы для аднаўленьня дзейнасьці сваёй дыпляматычнай установы ў Менску.

«Яна (амбасада. — РС) зьехала зь Беларусі, пераехала ў Літву. Як амэрыканскі бок тады сьцьвярджаў, у сувязі з пытаньнямі бясьпекі. Пачаліся ваенныя дзеяньні на тэрыторыі суседняй Украіны, і з гэтай нагоды яны перабраліся ў Літву. Амэрыканскія дыпляматы маюць усе неабходныя дакумэнты — візы, дазволы. Што тычыцца вяртаньня амбасады, амэрыканцы перад намі паставілі пэўныя пытаньні, якія, зь іхнага пункту гледжаньня, дазволяць ім цалкам перабрацца ў Менск. Пытаньні вырашаюцца», — працытавала Рыбакова дзяржаўнае агенцтва БелТА.

Паводле яго, сярод іншых тэм — адкрыцьцё наўпроставых авіярэйсаў паміж ЗША і Беларусьсю.

«Каб адкрыць прамы рэйс, неабходна вырашыць цэлы шэраг розных пытаньняў: гэта і пытаньні бясьпекі, пытаньні сэртыфікацыі і самалётаў і пілётаў, асабовага складу, аэрапорту і гэтак далей. Таму мы працуем. Гэта адно з пытаньняў, якія мы стала абмяркоўваем», — адзначыў Валянцін Рыбакоў.

Што папярэднічала

22 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка правёў нараду аб выніках перамоўнага працэсу з адміністрацыяй ЗША. У нарадзе ўдзельнічалі Валянцін Рыбакоў, прэм’ер-міністар Аляксандар Турчын, генэральны пракурор Дзьмітры Гара, старшыня КДБ Іван Тэртэль і міністар замежных справаў Максім Рыжанкоў. Пра зьмест дакладу паведамленьняў не было.

Пасьля нарады Валянцін Рыбакоў заявіў, што неўзабаве ў ЗША накіруюць наступную партыю калійных угнаеньняў зь Беларусі. Першая партыя, на момант гэтай заявы, знаходзілася ўжо на разгрузцы ў порце Новага Арлеану.

У той жа час сталы прадстаўнік Беларусі ў ААН заявіў, што пакуль рана казаць аб наступнай сустрэчы ў межах перамоў, бо пакуль нявыкананыя папярэднія дамоўленасьць — скасаваньне санкцый і размарожваньне сродкаў «Беларуськалію» на рахунку ў Citibank. Але паводле дыплямата, усе яны паступова вырашаюцца.

21 кастрычніка стала вядома, што ЗША зьнялі санкцыі з кіраўніка «Беларуськалія» Андрэя Рыбакова.

Чаму гэта важна

Кантакты Беларусі і ЗША аднавіліся ў 2025 годзе пасьля працяглага пэрыяду жорсткіх санкцыяў і закрыцьця амбасадаў.

Амэрыканскі бок прадстаўляе Джон Коўл, якога прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп прызначыў сваім спэцыяльным пасланьнікам для Беларусі.

З публічных паведамленьняў вядома, што перамовы вядуцца аб вызваленьні ўладамі Беларусі палітычных зьняволеных у абмен на скасаваньне ЗША эканамічных санкцыяў.

За час перамоў вызвалілі 671 чалавека, але ня ўсе яны былі палітвязьнямі. У абмен ЗША заявілі аб скасаваньні санкцыяў зь «Беларуськалія» і «Белінвэстбанку», а таксама з ААТ «Лакафарба» і канцэрну «Белляспаперпрам».

На апошняй сустрэчы з Коўлам 15 верасьня Аляксандар Лукашэнка заклікаў ЗША «няўхільна» выконваць усе дамоўленасьці.

«Адзінае — гэта не патрабаваньне, гэта мая просьба да вас — каб мы няўхільна выконвалі дамоўленасьць з нашага боку і з боку Злучаных Штатаў Амэрыкі. Мы нямала дасягнулі дамоўленасьцяў, што датычаць нашых эканамічных дачыненьняў», — працытавала Лукашэнку ягоная прэсавая служба.

Так Лукашэнка выказаўся пасьля таго, як прэм’ер Аляксандар Турчын, які таксама быў на сустрэчы з Коўлам, агучыў праблему замарожаных 43–44 мільёнаў даляраў «Беларуськалія» ў амэрыканскім Citibank.

21 верасьня прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп паведаміў пра ўгоду з Беларусьсю аб пастаўках калію ў ЗША. Допіс ён зьмясьціў на сваёй старонцы ў Truth Social.

«Злучаныя Штаты працуюць над маштабнай угодай аб закупе калійных угнаеньняў у Беларусі. Цана будзе значна ніжэйшай за тую, якую мы цяпер плацім Канадзе, — гэта выдатная навіна для нашых фэрмэраў і жывёлаводаў. Дзякуй за ўвагу да гэтага пытаньня!» — напісаў ён.

Санкцыі зь беларускай калійнай вытворчасьці ЗША канчаткова зьнялі сёлета ў сакавіку, калі Менск вызваліў вялікую групу беларускіх палітзьняволеных. Эўразьвяз у сваю чаргу пакінуў санкцыі ў сіле. Краіны ЭЗ ня проста не набываюць беларускіх угнаеньняў, але і забараняюць іх транзыт праз свае марскія парты.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG