Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На сустрэчы з дэлегацыяй М’янмы Лукашэнка пахваліўся паляпшэньнем адносінаў з ЗША

Аляксандр Лукашэнка і сьпікер Палаты нацыянальнасьцей М’янмы Аўнг Лін Двэй. Менск, 22 кастрычніка 2026 году
Аляксандр Лукашэнка і сьпікер Палаты нацыянальнасьцей М’янмы Аўнг Лін Двэй. Менск, 22 кастрычніка 2026 году

Старшыня Палаты нацыянальнасьцяў (парлямэнту М’янмы) Аўнг Лін Двэй гэтымі днямі наведвае Беларусь. Нядаўна ў М’янме адкрылі амбасаду Беларусі.

22 кастрычніка Аўнг Лін Двэй у Менску сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам. Апошні згадаў у размове з госьцем адносіны афіцыйнага Менску і ЗША.

ЗША ўвялі санкцыі супраць вайсковай хунты М’янмы, а зь Беларусі некаторыя санкцыі зьнялі ў абмен на вызваленьне часткі палітвязьняў.

«Крыху больш за месяц таму падчас апошніх перамоваў з амэрыканскай дэлегацыяй мы дамовіліся, што сустрэнемся і абмяркуем беларуска-амэрыканскія адносіны, іх стан на сёньня і нашыя дзеяньні на пэрспэктыву. Мы з свайго боку сьвята выконваем тое, што абяцалі амэрыканцам. Вельмі хацелася б, каб амэрыканцы ў гэтых адносінах на сто працэнтаў выконвалі дамоўленасьці», — сказаў Лукашэнка дэлегацыі М’янмы, паведамляе тэлеграм-канал «Пул Первого».

«Мушу сказаць, што адміністрацыі Злучаных Штатаў Амэрыкі сёньня няпроста, працы хапае. Але я вельмі шаную, што Дональд Трамп і яго людзі надаюць увагу нашым кантактам. Ёсьць зрухі ў многіх пытаньнях, нягледзячы на тое, што выпучваюцца асобныя праблемы, як яны кажуць, з абменам палітвязьняў на скасаваньне санкцыяў і гэтак далей. Шмат і іншых пытаньняў, зьвязаных з пасольствам і гэтак далей, сёньня ў нас на стале», — заявіў Лукашэнка.

Адносіны Беларусі і М’янмы

Паварот замежнай палітыкі афіцыйнага Менску ў бок «глябальнага Поўдня» і Паўднёва-Ўсходняй Азіі адбыўся адначасова з канфліктам уладаў Беларусі з Захадам.

У М’янме Лукашэнка выказваў захапленьне гэтай краінай і рэжымам, які там кіруе. Між тым М’янма — адна з самых праблемных, бедных і ізаляваных краінаў сьвету. Там кіруе вайсковая хунта. У краіне ідзе грамадзянская вайна.

Пракурор Міжнароднага крымінальнага суду запрасіў ордэр на арышт кіраўніка вайсковай хунты Мін Аўнг Глайнга, які стаў прэзыдэнтам.

У 2025 годзе Мін Аўнг Глайнг двойчы наведваў Беларусь. Галоўнай тэмай абодвух візытаў была вайскова-тэхнічная супраца — на сустрэчах найперш абмяркоўвалі пытаньні паставак, мадэрнізацыі тэхнікі, а таксама пляны паглыбленьня абароннага супрацоўніцтва.

У жніўні 2026 году Мін Аўнг Глайнг зноў пабываў зь візытам у Менску.

Дыпляматычныя адносіны паміж Беларусьсю і М’янмай былі ўстаноўленыя ў 1999 годзе. Ганаровае консульства Беларусі ў Янгоне адкрыта ў 2011 годзе. За апошнія дзесяць гадоў актывізаваліся афіцыйныя візыты, падпісаньне пагадненьняў і арганізацыя сумесных абаронных праграмаў.

У жніўні 2026 году М’янма адкрыла ў Менску сваю амбасаду, а ў кастрычніку беларуская амбасада зьявілася ў М’янме.

Вайсковая супраца каардынуецца праз сумесную камісію, у рамках якой абмяркоўваюць пытаньні вытворчасьці, рамонту, трансфэру тэхналёгіяў і навучаньня.

Праваабарончая арганізацыя Justice For Myanmar заклікае заходнія юрысдыкцыі каардынаваць адсочваньне і надгляд падазроных грузаў на судах і самалётах, якія курсуюць паміж Беларусьсю і Мʼянмай, у прыватнасьці праз транзытныя краіны, а таксама ўзмацніць мытны кантроль у транзытных вузлах, празь якія могуць накіроўвацца грузы зь Беларусі ў Мʼянму.

Арганізацыя таксама заклікае пашырыць санкцыі ў адказ на беларускі саўдзел у дзеяньнях хунты ў Мʼянме. У прыватнасьці, на БДУІР, БДТУ і БДУ і іх кіраўніцтва павінны быць накладзеныя санкцыі і акадэмічны байкот з прычыны іх сувязяў з мʼянманскай хунтай, лічаць праваабаронцы.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG