OFAC (Управа кантролю замежных актываў Міністэрства фінансаў ЗША) на сваім сайце апублікавала афіцыйнае паведамленьне, зь якога вынікае, што шэраг прадпрымальнікаў, караблёў і іншых асоб і арганізацый трапіла ў сьпіс абмежаваньняў.
У той жа час шэраг асоб і ўстаноў зь яго выключылі. У іх ліку генэральны дырэктар беларускага дзяржаўнага прадпрыемства «Беларуськалій» Андрэй Рыбакоў. Менавіта пра такога грамадзяніна, 1976 году нараджэньня паходжаньнем з Магілёва гаворыцца ў паведамленьні.
Выключэньне генэральнага дырэктара прадпрыемства адбылося пасьля перамоў спэцыяльнага прадстаўніка прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа Джона Коўла з Аляксандрам Лукашэнкам. Неўзабаве стала вядома, што Беларусь накіравала ў ЗША першую партыю калію, выключанага з санкцыйных сьпісаў.
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп 21 верасьня напісаў пра ўгоду з Беларусьсю аб пастаўках калію ў ЗША. Допіс ён зьмясьціў на сваёй старонцы ў Truth Social.
«Злучаныя Штаты працуюць над маштабнай угодай у закупцы калійных угнаеньняў у Беларусі. Цана будзе значна ніжэйшай за тую, якую мы цяпер плацім Канадзе, — гэта выдатная навіна для нашых фэрмэраў і жывёлаводаў. Дзякуй за ўвагу да гэтага пытаньня!», — напісаў ён.
Санкцыі з беларускай калійнай вытворчасьці ЗША канчаткова зьнялі сёлета ў сакавіку, калі Менск вызваліў вялікую групу беларускіх палітзьняволеных. Эўразьвяз у сваю чаргу гэтага не зрабіў. Краіны ЭЗ ня проста не набываюць беларускія ўгнаеньні, але і забараняюць іх транзыт праз свае марскія парты. Рыбакоў у санкцыйных сьпісах ад сьнежня 2024 году.
Што гэта значыць?
Выдаленьне імя Андрэя Рыбакова зсанкцыйнага сьпісу яшчэ раз сьведчыць пра дамоўленасьці ЗША і кіраўніцтва Беларусі на пастаўкі калійных угнаеньняў. Новых падрабязнасьцяў у гэтай справе, зрэшты, пакуль няма.
Што тычыцца дзяржаў Эўразьвязу, дык яны пакуль не сьпяшаюцца скасоўваць абмежаваньні супраць «Беларуськалію». Праз гэта пастаўкі калію праз балтыйскія парты, як гэта было ў дасанкцыйны пэрыяд, цяпер немагчымыя.
Беларускі калій прадаюць праз расейскія парты, дзе ён канкуруе таксама з расейскімі ўгнаеньнямі. Адзіны магчымы шлях паставак у ЗША выглядае так — чыгункай у Расею, а адтуль морам да ЗША праз Атлянтыку. Гэты шлях значна даўжэйшы і даражэйшы, чым з Канады, якая знаходзіцца поруч з ЗША.
Экспэрты з Канады раней заяўлялі, што пастаўкі калію зь Беларусі адпавядаюць палітычным інтарэсам Трампа, затое супярэчаць эканамічным. Яны выказвалі сумневы ў тым, што ЗША здолеюць наладзіць сталыя пастаўкі зь Беларусі, бо гэта будзе рэгулярна біць па амэрыканскай эканоміцы.
Форум