Як вынікае з апублікаваных дакумэнтаў, Беларусь захавала магчымасьць паставак праз парты Латвіі, аднак праз гэтую балтыйскую краіну Беларусь вывозіць толькі карбамідныя ўгнаеньні, хоць і супраць іх дзейнічаюць міжнародныя санкцыі.
Згодна з інфармацыяй арганізацыі, у 2025 годзе на латвійскія станцыі накіравалі 781 вагон з 45 645 тонамі ўгнаеньняў, у тым ліку 29 060 тон карбаміду, 12 805 тон амафосу, 3180 тон вадкіх азотных угнаеньняў і 600 тон аміяку, а ў студзені–красавіку 2026 году — 3128 тон карбаміду, 10 880 тон амафосу, 110 тон вадкіх азотных угнаеньняў (усяго — 14 118 тон угнаеньняў).
Найбуйнейшым пастаўніком угнаеньняў праз Латвію было ТАА «АнлодРэйл». Як пазначана на партале kartoteka.by, кампанія зарэгістраваная 30 жніўня 2016 году ў Матыкальскім сельсавеце Берасьцейскага раёну. Асноўны від дзейнасьці — транспартная апрацоўка грузаў. Беларускія ўгнаеньні вывозілі ў кірунку як непартовых, гэтак і партовых станцыяў для далейшага транспартаваньня.
Асноўным вытворцам карбамідных угнаеньняў зьяўляецца «Гродна Азот», супраць якога з 2021 году дзейнічаюць жорсткія міжнародныя санкцыі. Улады Латвіі неаднаразова заяўлялі, што выконваюць санкцыйны рэжым на транзыт беларускай прадукцыі.
Аднак найбольшыя аб’ёмы ўгнаеньняў Беларусь экспартуе праз Расею, а адтуль — праз Казахстан.
Згодна з інфармацыяй Супольнасьці чыгуначнікаў, Беларусь у 2025 годзе адправіла праз Расею і Латвію 214 869 вагонаў з 11 118 642 тонамі ўгнаеньняў, а ў студзені–красавіку 2026 году — 73 524 вагоны з 3 877 132 тонамі.
Доля расейскіх партовых прызначэньняў гэтых паставак вырасла з 81,7% да 85,7 %. Асноўны сухаземны «калійны» калідор праходзіць праз Расею і Казахстан.
У 2025 годзе найбольш беларускага калію адпраўлялі праз станцыю Бронка, якая абслугоўвае Пецярбурскі порт. У студзені–красавіку 2026 году яе ў аб’ёмах апярэдзіла станцыя Луская (абслугоўвае порт Усьць-Луга), у лютым і сакавіку партыі беларускага калію прымаў таксама Мурманск.
Што папярэднічала
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп 21 верасьня напісаў пра ўгоду зь Беларусьсю аб пастаўках калію ў ЗША. Допіс ён зьмясьціў на сваёй старонцы ў Truth Social.
«Злучаныя Штаты працуюць над маштабнай угодай аб закупе калійных угнаеньняў у Беларусі. Цана будзе значна ніжэйшай за тую, якую мы цяпер плацім Канадзе, — гэта выдатная навіна для нашых фэрмэраў і жывёлаводаў. Дзякуй за ўвагу да гэтага пытаньня!» — напісаў Трамп.
Санкцыі зь беларускай калійнай вытворчасьці ЗША канчаткова зьнялі сёлета ў сакавіку, калі Менск вызваліў вялікую групу беларускіх палітзьняволеных. Эўразьвяз сваіх санкцыяў не здымаў. Краіны ЭЗ ня проста не набываюць беларускія ўгнаеньні, але і забараняюць іх транзыт праз свае морскія парты.
Чаму гэта важна
У 2022 годзе Літва спыніла транзыт праз сваю тэрыторыю прадукцыі «Беларуськалію», другога велічынёй у сьвеце вытворцы сельскагаспадарчых угнаеньняў, пасьля таго як на дзяржаўную беларускую кампанію ЗША наклалі санкцыі за рэпрэсіі пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў.
Беларусь выкарыстоўвала Клайпедзкі порт Літвы для экспарту калію, буйной крыніцы прыбытку для краіны. Угнаеньні куплялі многія дзяржавы, у тым ліку такія вялікія, як Індыя, Кітай і Бразылія.
Эўрапейскі Зьвяз увёў санкцыі супраць беларускага калію ў 2022 годзе ў адказ на дапамогу Лукашэнкі Расеі пры яе ўварваньні ва Ўкраіну. Санкцыі таксама накладзеныя на дзяржаўны завод «Гродна Азот». І «Беларуськалій», і «Гродна Азот» ня раз зьвярталіся ў суд Эўразьвязу па скасаваньне санкцыяў, але суд пацьвярджаў абгрунтаванасьць іх уводу.
Форум