Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Радзе Эўропы рыхтуюць новыя дакумэнты ў дапамогу беларускім уцекачам

Прэзыдэнтка Кангрэсу мясцовых і рэгіянальных уладаў Рады Эўропы Ґун Марыт Гэльґесэн сустрэлася з новай дэлегацыяй беларускіх дэмакратычных сілаў. Страсбург, 27 кастрычніка 2026
Прэзыдэнтка Кангрэсу мясцовых і рэгіянальных уладаў Рады Эўропы Ґун Марыт Гэльґесэн сустрэлася з новай дэлегацыяй беларускіх дэмакратычных сілаў. Страсбург, 27 кастрычніка 2026

Беларуская дэлегацыя, сфармаваная новай Кардынацыйнай радай, 27–30 кастрычніка працуе на сэсіі Кангрэсу мясцовых і рэгіянальных уладаў Рады Эўропы ў Страсбургу. Тут яны шукаюць падтрымку ад мясцовых уладаў розных краін Эўропы, каб вырашаць праблемы беларускіх уцекачоў.

Як заявілі Свабодзе прадстаўнікі беларускай дэлегацыі сярод прыярытэтаў таксама супрацьдзеяньне транснацыянальным рэпрэсіям, якія праводзіць уладны рэжым Беларусі супраць тых, хто вымушаны быў зьехаць з сваёй краіны.

Даклад «Роля мясцовых і рэгіянальных улад у падтрымцы беларускіх дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасьці ў выгнаньні» і рэкамэндацыі на гэтую тэму чакаюцца ў сакавіку 2027 году.

Што такое Кангрэс мясцовых і рэгіянальных уладаў Рады Эўропы

Гэта дарадчы орган Рады Эўропы, які рэпрэзэнтуе мясцовыя і рэгіянальныя ўлады 46 краін — сяброў арганізацыі.

Кангрэс сочыць за выкананьнем Эўрапейскай хартыі мясцовага самакіраваньня, абараняе і ўмацоўвае мясцовую й рэгіянальную дэмакратыю ў Эўропе.

У яго ўваходзяць прадстаўнікі мясцовых і рэгіянальных супольнасьцяў (мэры, дэпутаты рэгіянальных парлямэнтаў і радаў).

У сьнежні 2025 году Кангрэс працягнуў мандат дэлегацыі дэмакратычных сілаў Беларусі яшчэ на 2 гады, запрасіўшы яе сярод іншага да абмеркаваньня праблем беларусаў за мяжой і падтрымкі дэмакратычных пераменаў.

Беларусі няма сярод 46 дзяржаваў — удзельніц Рады Эўропы, а таму беларускія грамадзяне ня могуць зьвяртацца з пазовамі супраць уладаў дзяржавы ў Эўрапейскі суд у правах чалавека і наагул адстойваць свае правы, выкарыстоўвачы эўрапейскія хартыі і канвэнцыі. Але Рада Эўропы захоўвае інтарэс да падзеяў у Беларусі — у краіне, якая мае эўрапейскую гісторыю і пэрпэктыву.

У 2022 годзе Рада Эўропы пастанавіла прыпыніць усе кантакты зь менскім рэжымам за саўдзел у поўнамаштабнай агрэсіі Расеі супраць Украіны. Пазьней тут стварылі Кантактную групу для супрацы з дэмакратычнымі сіламі Беларусі, а таксама запрасілі іх прадстаўнікоў у Парлямэнцкую асамблею Рады Эўропы і ў Кангрэс мясцовых і рэгіянальных уладаў.

Беларуская дэлегацыя ў Кангрэсе мясцовых уладаў Рады Эўропы: Міхаіл Рубін, Юры Губарэвіч, Анастасія Сьвіркова, Ірына Халопіца, Алесь Лапко, Аляксандра Дойніч. Страсбург, 28 кастрычніка 2026
Беларуская дэлегацыя ў Кангрэсе мясцовых уладаў Рады Эўропы: Міхаіл Рубін, Юры Губарэвіч, Анастасія Сьвіркова, Ірына Халопіца, Алесь Лапко, Аляксандра Дойніч. Страсбург, 28 кастрычніка 2026

Што для беларускіх уцекачоў зрабілі ў ПАРЭ

У Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы ў 2024 годзе выпрацавалі дакумэнт пад назвай «Люксэмбурскія рашэньні» — у ім абагульняюцца праблемы, зь якімі сутыкнуліся беларусы ў выгнаньні пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, і выкладаюцца канкрэтныя рашэньні дзеля падтрымкі беларусаў у выгнаньні і рэкамэндацыі для нацыянальных парлямэнтаў і ўрадаў.

Сярод рэкамэндацыяў — спрашчэньне выдачы візаў і працэдураў атрыманьня міжнароднай абароны для беларусаў, стварэньне сеткі кансультацыйных цэнтраў для беларусаў за мяжой, выдача беларусам пашпартоў іншаземцаў і праязных дакумэнтаў, прыпыненьне патрабаваньня апастыляў і іншых даведак, патрэбных для легалізацыі, і інш.

Таксама ў дакумэнце прапануюцца захады падтрымкі палітвязьняў і іхных сваякоў у Беларусі; доступ беларусаў за мяжой да адукацыі; праграмы падтрымкі беларускай мовы і культуры, захаваньня беларускай культурнай ідэнтычнасьці; прасоўваньне беларускага бізнэсу за мяжой і спрыяньне яго інтэграцыі ў мясцовыя рынкі; дапамога беларускім юрыстам і журналістам у выгнаньні.

Пазыцыя кіраўніцтва Кангрэсу мясцовых уладаў

Над тым, як рэалізаваць гэтыя рэкамэндацыі на лякальным узроўні, цяпер працуюць у Кангрэсе мясцовых і рэгіянальных уладаў Рады Эўропы.

Прэзыдэнтка Кангрэсу Ґун Марыт Гэльґесэн (Gunn Marit Helgesen, Нарвэгія) на сустрэчы зь беларускай дэлегацыяй 27 кастрычніка пацьвердзіла «нязьменную прыхільнасьць інстытута падтрымцы беларускіх дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасці».

Генэральны сакратар Кангрэсу Мацьё Мары, прэзыдэнтка арганізацыі Ґун Марыт Гэльґесэн, удзельнікі розных групаў Кангрэсу праводзяць сустрэчы зь беларускімі дэлегатамі, каб выслухаць іхныя думкі, у тым ліку аб патрэбах палітычных уцекачоў.

Мацьё Мары ў інтэрвію Свабодзе гэтак ацаніў стаўленьне арганізацыі да беларускіх праблемаў:

«Кангрэс актыўна ўзаемадзейнічае зь беларускімі дэмакратычнымі сіламі. Нядаўна адбылася сустрэча спавяшчальніцы Кангрэсу аб сытуацыі ў Беларусі Бэлінды Гатардзі зь іх прадстаўнікамі. Цяпер мы пачынаем працу над дакладам для сэсіі Кангрэсу. У ім разглядаецца пытаньне, як мясцовыя і рэгіянальныя ўлады ўва ўсёй Эўропе могуць найлепшым чынам дапамагчы беларускім дэмакратычным сілам. Даклад прэзэнтуюць у сакавіку ў прысутнасьці спадарыні Ціханоўскай. Упершыню яна выступала на Кангрэсе тры гады таму. Яна пагадзілася прысутнічаць на сэсіі ў сакавіку 2027 году, каб падвесьці вынікі ўсёй праведзенай працы.

Генэральны сакратар Кангрэсу мясцовых і рэгіянальных уладаў Мацьё Мары
Генэральны сакратар Кангрэсу мясцовых і рэгіянальных уладаў Мацьё Мары

За гэты час мы рэалізавалі шмат — у прыватнасьці, зрабілі тэхнічную працу ў рыхтаваньні праектаў законаў аб дэцэнтралізацыі і мясцовай дэмакратыі для будучай Беларусі. Таксама мы працуем з прадстаўнікамі „Кадравай рэзэрвы“ Беларусі. Мы арганізавалі тут, у Страсбургу, як мінімум чатыры сустрэчы з удзельнікамі гэтай рэзэрвы, прысьвечаныя тэме паўнавартаснай мясцовай дэмакратыі».

Мацьё Мары адзначае, што многае не афішуецца з прычын бясьпекі, але праца з «рэзэрвай» і прадстаўнікамі дэмакратычных сілаў Беларусі ідзе актыўна і будзе працягвацца.

Што беларускія прадстаўнікі кажуць у Кангрэсе мясцовых уладаў

Дэлегацыяй Каардынацыйнай рады ў Кангрэсе мясцовых і рэгіянальных уладаў Рады Эўропы другі тэрмін кіруе Ірына Халопіца.

У інтэрвію Свабодзе яна разважае, як схіліць мясцовыя ўлады розных краін Эўропы болей дапамагаць беларускім уцекачам, вымушаным мігрантам, якія праблемы вымагаюць разьвязаньня і якія ёсьць пазытыўныя прыклады.

Ірына Халопіца ў Радзе Эўропы
Ірына Халопіца ў Радзе Эўропы

Ірына Халопіца кажа, што пасьля нядаўніх вызваленьняў у выніку перамоваў з амэрыканскім бокам і вывазу зь Беларусі палітзьняволеных зьявілася патрэба шукаць шляхі дапамогі ім, бо за мяжой яны апынуліся не па сваёй волі.

«Нам трэба супрацьстаяць транснацыянальным рэпрэсіям супраць беларусаў, бо гэта найбольш масштабныя рэпрэсіі ўвогуле у Эўропе, яны чыняцца супраць эўрапейскага народу, і менавіта дапамога мясцовых уладаў розных краін тут вельмі дарэчы.

Беларусы вымушаныя ўцякаць з краіны праз тэрор, атмасфэру страху, у іх не было іншага выхаду. Многія былыя палітзьняволеныя, якія адбылі свае незаконныя тэрміны, зьехалі з краіны, ім патрэбныя гуманітарныя візы, уладкаваньне на працу, банкаўскі рахунак ды іншае, каб выбудаваць тут сваё жыцьцё як бы з самага пачатку».

Многім патрэбная і грашовая падтрымка, дапамога з атрыманьнем сацыяльнай кватэры, кажа Ірына Халопіца. Яна прызнае, што ёсьць фінансавая падтрымка празь Міжнародны гуманітарны фонд, у які ахвяруюць розныя краіны. Але пакрыць ўсе патрэбы ў сацыяльнай дапамозе фонд ня можа, кажа Халопіца.

«Таму мы працуем і з нацыянальнымі дэлегацыямі ў рамках сэсіі Кангрэсу і ў рамках палітычных групаў, каб разам будаваць такую лякальную салідарнасць і разгледзець, як мы можам дапамагчы гэтым людзям. Як выкарыстаць існуючыя сацыяльныя праграмы праз добрыя кантакты з ініцыятывамі, каб дапамагчы з сацыяльным жыльлём, інтэграцыяй, рэабілітацыяй, аздараўленьнем. І вельмі важная падтрымка менавіта мясцовых уладаў, каб знайсьці гэтыя шляхі, выкарыстоўваць магчымасьці, якія маюць лякальныя ўрады, і зразумець, як гэта можа распаўсюдзіцца і на беларусаў».

Як памножыць пазытыўныя прыклады

Ірына згадвае, як Народнаму антыкрызіснаму ўпраўленьню (НАУ) удалося дапамагчы атрымаць сацыяльнае жыльлё ў Беластоку дваім дэпартаваным беларусам, былым палітзьняволеным. Гэта было рашэньне мясцовых уладаў. Таксама для некаторых людзей сталага ўзросту ўдалося дамагчыся сацыяльных выплатаў і грашовай дапамогі на пэўны час, бо яны ня могуць перавесьці за мяжу свае беларускія пэнсіі.

Часам проста патрэбна інфармаваць, каб людзі ведалі, куды і як зьвяртацца па дапамогу, якія ініцыятывы дзейнічаюць, якія магчымасьці маюць мясцовыя ўлады. І дэлегацыя Каардынацыйнай рады і НАУ можа быць інструмэнтам наладжваньня кантактаў паміж недзяржаўнымі праваабарончымі арганізацыямі й гуманітарнымі ініцыятывамі на мясцовым узроўні, кажа Ірына Халопіца.

Рада Эўропы, Страсбург
Рада Эўропы, Страсбург

Напрыклад, каб беларусу ў Польшчы памяняць правы кіроўцы, патрэбная даведка зь беларускага ДАІ, але калі чалавек мае гуманітарную візу, значыць, ён уцякач, і гэтага ўжо не патрабуюць. Ёсьць прыклады, калі пры добрай тлумачальнай працы сярод польскіх службоўцаў удавалася абысьці палажэньне Дублінскага рэглямэнту, паводле якога просьбіта прытулку высылаюць у тую краіну ЭЗ, у якую ён трапіў найперш. Часам тут дапамагаюць суды, дадае Халопіца:

«У адным выпадку мы папрасілі аддзел у справах іншаземцаў прымяніць гуманітарны падыход да беларуса, якога хацелі выслаць паводле Дублінскага рэглямэнту, улічыць сытуацыю і пакінуць яго ў Польшчы. Дзякуй Богу, гэта атрымалася».

У розных дзяржавах — чальцах Рады Эўропы ёсьць пазытыўныя прыклады, варта такі досьвед пераймаць, пашыраць, адаптоўваць пад іншыя дзяржавы, перакананая Ірына Халопіца.

Гэтыя прыклады цяпер зьбірае новая спавяшчальніца Кангрэсу аб сытуацыі ў Беларусі Бэлінда Гатардзі з Італіі. Інфармацыйная праца патрэбная, каб людзі, якія прымаюць рашэньні ў адміністрацыях і ўстановах мясцовага ўзроўню, ведалі кантэкст і сытуацыю беларускіх уцекачоў і разумелі, якія магчымасьці ім паспрыяць ёсьць адпаведна правілам.

Даклад Бэлінды Гатардзі, які чакаюць у сакавіку, мае ўлічыць сытуацыю, у якой жыве беларуская дыяспара, факт транснацыянальных рэпрэсіяў, а таксама даць рэкамэндацыі лякальным і рэгіянальным уладам краін Эўропы, кажа Халопіца:

«Галоўная мэта — каб мясцовыя ўлады краін Рады Эўропы маглі абараніць беларусаў і зьмякчыць наступствы рэпрэсіяў, сабраць прыклады добрай практыкі, распаўсюдзіць іх, каб іх пераймалі ў розных краінах.

Тут плянуюць, каб даклад стаў для мясцовых уладаў наборам інструмэнтаў для камунікацыі зь беларусамі, каб падказаў, якія крокі прадпрымаць, калі да вас зьвяртаюцца ўцекачы-беларусы, каб на месцах загадзя ведалі, што гэта не звычайная дыяспара, а пацярпелыя ад рэпрэсіяў у Беларусі».

У выніку Кангрэс мясцовых і рэгіянальных уладаў Рады Эўропы створыць дадатковы інструмэнт лябіяваньня інтарэсаў беларусаў-уцекачоў і разьвязаньня іхных праблемаў.

Як ставяцца да ўцекачоў-беларусаў у Польшчы: пазыцыя мэра Катавіц

У Польшчы знаходзіцца некалькі соцень тысяч беларусаў, у тым ліку палітычных уцекачоў. Яны стварылі свае арганізацыі, атрымліваюць дапамогу, сутыкаюцца з праблемамі бюракратычнага, гуманітарнага і эканамічнага характару.

Марцін Крупа, мэр Катавіц, адказаў Свабодзе, ці зьмянілася апошнім часам сытуацыя для беларусаў — у прыватнасьці, для палітычных уцекачоў, ці застаецца атмасфэра такой жа гасьціннай, як была пасьля падзей 2020 году, ці ёсьць моманты, якія патрабуюць вырашэньня?

Мэр Катавіц Марцін Крупа ў Радзе Эўропы
Мэр Катавіц Марцін Крупа ў Радзе Эўропы

«Перш за ўсё, трэба выразна і адкрыта сказаць — асабліва ў маім рэгіёне, у Верхняй Сылезіі, — што мясцовыя жыхары заўсёды гасьцінна сустракаюць тых, хто пацярпеў ад несправядлівасьці. Так было з украінцамі, так адбываецца і зь беларусамі. Мы выдатна ўсьведамляем, якія рэпрэсіі адбываюцца ў Беларусі — ня толькі супраць беларусаў польскага паходжаньня, але і супраць усіх, хто сёньня выступае супраць рэжыму Лукашэнкі. Мы застаёмся для іх цалкам адкрытымі.

Вядома, існуюць сур’ёзныя юрыдычныя складанасьці. Не заўсёды лёгка вызначыць: ці сапраўды чалавек, які называе сябе ўцекачом, ратуецца ад перасьледу і шукае прытулку ў нашай краіне, ці, магчыма, ён прыехаў сюды, каб займацца шпіянажам — дзейнічаючы на шкоду як палякам, так і беларусам, якія ўжо тут жывуць. Гэта стварае вялікую праблему, паколькі працэс праверкі, які праводзіць Агенцтва ўнутранай бясьпекі, зьяўляецца даволі працяглым і патрабуе шмат.

Зразумела, гэта патрабуе значных намаганьняў з боку многіх людзей. Урэшце, пасьля такога доўгага чаканьня — што цалкам зразумела, бо чалавечае цярпеньне мае свае межы, — многія беларусы вырашаюць ехаць далей, альбо выказваюць абгрунтаваныя асьцярогі наконт працягласьці працэсу праверкі і пэрспэктыў застацца ў нашай краіне. Я лічу, што ў гэтым пляне нам варта зрабіць моцны акцэнт на інтэграцыі».

Марцін Крупа прызнаў, што беларусы і палякі падобныя ў культурным пляне і маем шмат агульных звычаяў, дзякуючы чаму інтэграцыя беларусаў праходзіць пасьпяхова.

«Гэта вельмі пазытыўная тэндэнцыя, і я лічу, што мы, як польская дзяржава, павінны аддаць гэтаму прыярытэт — прынамсі да таго часу, пакуль сытуацыя не стане стабільнай і бясьпечнай як у Беларусі, так і ва Ўкраіне».

Латушка: гэта будзе важны лябісцкі дакумэнт

Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня Павал Латушка мае вялікі досьвед гутарак з уладамі розных узроўняў наконт беларускіх уцекачоў, іхных праблемаў зь легалізацыяй і рэабілітацыяй. Пра свой досьвед гутарак зь мясцовымі і цэнтральнымі ўладамі краін Эўропы ён расказаў Радыё Свабода:

«За гэтыя гады, думаю, можна пацьвердзіць, што мясцовыя ўлады — на прыкладзе Польшчы, іншых краін, Чэхіі, Літвы, дзе мне даводзілася таксама сустракацца, — даволі адкрытыя да камунікацыі зь беларускім грамадзтвам, беларускай дыяспарай. На жаль, сотні тысяч беларусаў былі вымушаныя пакінуць тэрыторыю краіны. Вырашэньне іх праблемаў вельмі часта зьвязана з заканадаўчымі перашкодамі, але таксама і зь фінансавымі магчымасьцямі мясцовых ці цэнтральных уладаў. Але ёсьць і добрыя практыкі, ёсьць пазытыўныя прыклады, і, мне здаецца, вельмі важна пра іх казаць.

Павал Латушка ў Радзе Эўропы
Павал Латушка ў Радзе Эўропы

Напрыклад, прэзыдэнт гораду Беластоку на маю просьбу надаў дзьве сацыяльныя кватэры для былых палітзьняволеных. Маем таксама прыклады, калі мясцовыя ўлады дапамагалі беларускім дзеячам культуры ў правядзеньні іхных аўтарскіх выставаў, падрыхтоўкі кніг, выданьняў. Ёсьць іншыя прыклады сацыяльнай дапамогі беларусам».

Павал Латушка мяркуе, што трэба інфармаваць беларусаў, сёньня вымушаных жыць за мяжой, аб тым, на што яны могуць разьлічваць, у якія дзьверы варта грукацца, якія існуюць праграмы дапамогі.

«На жаль, нэгатыўны адбітак на дапамогу беларусам, якія жывуць за мяжой, аказваюць зьмены агульнай міграцыйнай палітыкі ў Эўрапейскім Зьвязе ў цэлым і ў канкрэтных дзяржавах. Сытуацыя мяняецца ня ў лепшы бок, пагатоў вельмі важна, калі Кангрэс прыме адпаведны даклад з рэкамэндацыямі для мясцовых органаў улады розных краін, якім чынам варта дапамагаць як у цэлым беларусам, якія зьехалі з радзімы, так і перадусім былым палітзьняволеным, якіх вельмі часта вывозілі з краіны або прымушалі пакінуць тэрыторыю Беларусі. Гэта лябісцкі дакумэнт, ён ня будзе мець простага дзеяньня для мясцовых органаў улады, але гэты дакумэнт могуць браць прадстаўнікі нашай дыяспары і ісьці да іх нешта вырашаць».

Добрым прыкладам Латушка назваў тое, што з 2020 году арганізацыям беларускай дыяспары надаюць памяшканьні камунальнай формы ўласнасьці, яны таньнейшыя і камунальныя платы таксама меншыя. Прыклад — Музэй Вольнай Беларусі, якому надаў памяшканьне прэзыдэнт Варшавы.

У Варшаве агулам шмат розных ініцыятываў, беларускіх арганізацыяў, дэмакратычных інстытутаў, якія маюць падтрымку, у тым ліку ў форме дафінансаваньня розных праектаў. Так, тэатральная група «Вольныя Купалаўцы» зьвярталася па фінансавую падтрымку ў мэрыю Варшавы і атрымлівала сродкі на рэалізацыю сваіх задумаў.

«Беспрэцэдэнтна тое, што сам Кангрэс ініцыяваў падрыхтоўку дакладу, вельмі важнага для нас, беларусаў, у вырашэньні нашых перадусім сацыяльных праблемаў. Мы зможам ў будучыні, узяўшы гэты даклад, ісьці да мэра, да прэзыдэнта гораду, бурмістра і спасылацца на гэтыя рэкамэндацыі.

Вядома ж, канчатковае рашэньне будзе прымаць той ці іншы службовец ці рада дэпутатаў у канкрэтным горадзе, у канкрэтнай адміністрацыйнай адзінцы, але ўсё ж такі, калі Кангрэс Рады Эўропы прымае такія рэкамэндацыі, наш голас становіцца мацнейшым».

Асабліва важна, мяркуе Латушка, што Кангрэс зьбіраецца прааналізаваць магчымыя формы дапамогі былым беларускім палітвязьням, бо яны, прайшоўшы празь зьняволеньне і жорсткі рэжым, знаходзяцца ў найгоршай сытуацыі.

Да каго зьвяртацца?

Перадусім беларусы тут самі павінны быць актыўнымі, мяркуе Павал Латушка:

«Ёсьць дыяспаральныя арганізацыі ў розных краінах і гарадах. Яны маюць юрыдычны статус, яны могуць разьлічваць на партнэрскія адносіны з канкрэтнымі мясцовымі ўладамі. Але перадусім ініцыятыва залежыць ад нас. Калі гэтае пытаньне не вырашаецца на ўзроўні дыяспары, для гэтага ёсьць інстытуты. Гэта і Каардынацыйная рада, і Аб’яднаны пераходны кабінэт, якія могуць уключацца і дапамагаць у рашэньні гэтых праблем — напрыклад, пытаньня легалізацыі. Спадзяюся, што ў гэтым дакладзе таксама будуць пазначаныя праблемныя моманты, якія мы ўсе іх ведаем, — да прыкладу, чэргі, кароткі тэрмін дзеяньня дакумэнтаў, і мы таксама будзем зьвяртацца да польскіх уладаў з просьбай іх вырашыць».

Што такое Рада Эўропы

  • Місія Рады Эўропы — адстойваць правы чалавека і падзел галінаў уладаў, спыніць сьмяротнае пакараньне на ўсім кантынэнце.
  • Кангрэс мясцовых і рэгіянальных уладаў — асамблея ў складзе Рады Эўропы, зьяўляецца яе трэцяй асноўнай інстытуцыяй (акрамя Камітэту міністраў і Парлямэнцкай асамблеі), куды ўваходзяць губэрнатары, мэры, лідэры мясцовых радаў і органаў самакіраваньня з 46 краін сябраў-арганізацыі.
  • Вярхоўны Савет Беларусі ў 1990 гадах меў статус спэцыяльна запрошанага ў ПАРЭ, але пасьля рэфэрэндуму 1996 году гэты статус быў страчаны.
  • Расея пасьля поўнамаштабнага нападу на Ўкраіну ў 2022 годзе сама выйшла з Рады Эўропы.
  • Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы (ПАРЭ) — адзін з двух галоўных статутных органаў Рады Эўропы: кансультацыйны орган, які складаецца з прадстаўнікоў парлямэнтаў усіх дзяржаў-сяброў.
Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG