«Прадстаўнікі беларускага дэмакратычнага руху атрымаюць афіцыйны голас у Паўночнай Радзе – міжпарлямэнцкай арганізацыі краінаў Паўночнай Эўропы, у якую ўваходзяць Данія, Ісляндыя, Фінляндыя, Нарвэгія, Швэцыя. Гэта вынік сыстэмнай працы па інстытуцыяналізацыі адносінаў, якую Офіс Святланы Ціханоўскай вядзе з паўночнымі партнэрамі», – паведаміла прэс-служба Святланы Ціханоўскай.
Раней дыпляматычны дарадца Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі правёў сустрэчу з прэзыдэнтам Паўночнай Рады Віле Вяруненам, дзе адной з галоўных тэмаў абмеркаваньня было стварэньне мэханізму рэгулярнага ўдзелу беларусаў у працы арганізацыі.
А 10 верасьня гэтая дамоўленасьць была пацьверджаная падчас сустрэчы з дырэктарам Офіса Паўночнай Рады міністраў у Літве Оле Андэрсан Ліндэманам.
Стварэньне дэлегацыі азначае фармалізацыю адносінаў паміж дэмакратычнай Беларусьсю і Паўночнай Радай. Новы фармат працы шмат у чым нагадвае мадэль супрацоўніцтва з Парлямэнцкай асамблеяй Рады Эўропы (ПАРЭ), дзе ў дэмакратычных сілаў таксама ёсьць дэлегацыя.
Цяпер беларуская дэлегацыя атрымае магчымасьць удзельнічаць у сэсіях Паўночнай Рады і атрымліваць досьвед рэальнай міжнароднай парлямэнцкай дзейнасьці, наўпрост даносіць беларускі парадак дня да парламентароў краінаў Паўночнага рэгіёну, уплываць на выпрацоўку рашэньняў у галіне бясьпекі, правоў чалавека, адукацыі, сацыяльнай палітыкі, падтрымкі грамадзянскай супольнасьці, напрацоўваць кантакты і досьвед для будучай Беларусі, – гаворыцца ў паведамленьні.
Дэлегацыя будзе фармавацца не паводле пэрсанальнага прынцыпу, месцы ў ёй будуць замацаваныя за ключавымі дэмакратычнымі структурамі.
У яе склад увойдуць прадстаўнікі Офісу Сьвятланы Ціханоўскай, Аб'яднанага Пераходнага Кабінэту, Каардынацыйнай Рады, палітычных партыяў і экспэртнай супольнасьці, якія будуць самастойна вызначаць сваіх дэлегатаў перад кожнай сэсіяй.
Чаму гэта важна
У Паўночную Раду, арганізацыю міжпарляменцкага супрацоўніцтва, уваходзяць пяць краінаў – Данія, Нарвэгія, Швэцыя, Ісляндыя і Фінляндыя.
Арганізацыя фінансуе культурныя і моўныя праграмы, «зялёны пераход», то бок разьвіцьцё аднаўляльных крыніц энэргіі, становіцца важным гульцом у праграмах бясьпекі і супрацьдзеяньня гібрыдным пагрозам.
Досьвед і фінансаваньне краін Паўночнай Рады дазволіць дэмакратычнай Беларусі паскорыць трансфармацыю эканомікі, адраджэньне мовы і культуры.