Як паведаміў Свабодзе удзельнік падзеі Алесь Кот, 36-я Сустрэча беларусаў Паўночнай Амэрыкі выступіла з ініцыятывай распачаць працу над стварэньнем Ўсясьветнага беларускага кангрэсу. На форуме таксама абмеркавалі міжнародную супрацу беларускай дыяспары, беларускую прысутнасьць у сучаснай інфармацыйнай прасторы.
«Падзеі ў Беларусі і сьвеце, пагрозы беларускай дзяржаўнасьці, новая хваля эміграцыі і значнае пашырэньне беларускай прысутнасьці ў розных краінах паставілі перад удзельнікамі пытаньне ня толькі пра захаваньне традыцыйных асяродкаў, але і пра новыя формы супольнага дзеяньня і адказнасьці за будучыню Беларусі», — паведаміў удзельнік форуму Алесь Кот.
Гаворка ішла пра кансалідацыю беларускай дыяспары і стварэньне сталага мэханізму сувязі паміж беларускімі арганізацыямі розных краінаў. Удзельнікі прыйшлі да высновы: сусьветная беларуская супольнасьць мае значны чалавечы, прафэсійны і арганізацыйны патэнцыял, аднак рэгулярныя сувязі і абмен інфармацыяй паміж яе асяродкамі застаюцца недастатковымі.
Удзельнікі сустрэчы палічылі мэтазгодным вынесьці ідэю Ўсясьветнага беларускага кангрэсу на больш шырокае абмеркаваньне.
Гэтая думка знайшла адлюстраваньне ў рэзалюцыі 36-й Сустрэчы, у якой адзначана, што «ва ўмовах, калі мільёны беларусаў пазбаўленыя магчымасьці свабодна ўдзельнічаць у грамадзкім і палітычным жыцьці сваёй краіны, асаблівую вагу мае беларуская дыяспара як неад’емная частка беларускай нацыі».
Ад імя ўдзельнікаў 36-й Сустрэчы беларусаў Паўночнай Амэрыкі прагучаў заклік:
«Дзе б мы ні жылі, мы застаёмся адной Беларускай Нацыяй. Ніводная беларуская супольнасьць на чужыне ніколі ня можа стаць заменай Беларусі. Нашая Бацькаўшчына — у Беларусі».
Адным з інструмэнтаў беларускага яднаньня прапануецца зрабіць Ўсясьветны Беларускі Кангрэс (СБК).
Беларусы ЗША і Канады традыцыйна зьбіраюцца на сустрэчы раз на два гады.
Чаму гэта важна
Беларуская эміграцыя пасьля падзеяў 2020 году, сфальшаваных выбараў прэзыдэнта і кампаніі гвалту і арыштаў, папоўнілася сотнямі тысяч асоб.
Гэта стала найбуйнейшай хваляй выезду грамадзян у сучаснай гісторыі Беларусі, выкліканай маштабнымі палітычнымі рэпрэсіямі, саўдзелам беларускіх уладаў у расейскай вайне супраць Украіны і глыбокім унутраным крызісам.
Паводле розных ацэнак незалежных сацыёлягаў і дэмографаў, з 2020 па 2026 год Беларусь пакінулі ад 300 000 да 600 000 чалавек.
Форум