Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы ЗША і Канады: толькі зьяднаныя мы будзем сілай


Выступае Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла
Выступае Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла

У Нью-Ёрку адбылася XXXI сустрэча беларусаў Паўночнай Амэрыкі.

Беларусы ЗША і Канады традыцыйна зьбіраюцца на сустрэчы раз на два гады. Другі дзень сёлетняй сустрэчы пачаўся з прывітаньняў, зь якімі выступілі прадстаўнікі беларускіх арганізацыяй Канады, Чыкага, Флорыды, Вашынгтону, было зачытанае прывітаньне ад Зянона Пазьняка.

У сваёй прамове старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла закранула праблемы як Беларусі, гэтак і дыяспары:

«Агрэсіўны сусед пагражае незалежнасьці Беларусі. І народ наш можа згінуць з паверхні гэтае зямлі. Бо так доўга, як людзі на вуліцах Горадні ці Менску будуць вінаваціць кіеўскі Майдан за пуцінскую агрэсію супраць Украіны, так доўга, як народ будзе маўкліва ўспрымаць акупацыю Беларусі ня толькі расейскімі алігархамі, але і маскоўскімі збройнымі сіламі, якія памнажаюць свае базы ў Беларусі, — так доўга ніхто ў сьвеце ня будзе нас бараніць. Бо нас будуць лічыць саўдзельнікамі ў маскоўскіх злачынствах, а не ахвярамі іх, — сказала Івонка Сурвіла. — Ёсьць між намі і тыя, хто далучыўся да нас з намерам — ці заданьнем — разбурыць тое, што было намі дасягнута вялікімі высілкамі, за паўстагодзьдзе эміграцыі. Тыя, хто стараецца пераканаць нас, што лепш не займацца палітыкай і што тое, што мы робім, нікому не патрэбнае. Між іншым, заўважыла, што гэта таксама ёсьць галоўнай місіяй усіх лукашэнкаўскіх пасольстваў і прадстаўніцтваў. Нашым добрым людзям будзе вельмі цяжка абараніцца ад іх, калі мы ня будзем салідарнымі. Толькі зьяднаныя мы будзем сілай, зь якой і свае, і чужыя будуць лічыцца. Толькі зьяднаныя мы можам дапамагаць Беларусі».

Адбылася дыскусія пра сучасны стан беларускай дыяспары ў ЗША і Канадзе ды шляхі іх вырашэньня.

Удзельнікі сустрэчы прынялі рэзалюцыю, дзе, сярод іншага, гаворыцца:

«Мы, удзельнікі ХХХІ Сустрэчы беларусаў Паўночнай Амэрыкі, абмеркаваўшы палітычную сытуацыю ў Беларусі і рэгіёне, а таксама справы беларускай дыяспары, выказваем салідарнасьць з украінскім народам, які бароніць сваю волю і незалежнасьць у змаганьні з расейскай агрэсіяй. Патрабуем ад расейскай улады вывесьці свае войскі з Украіны.

— Заклікаем беларускую дыяспару ў ЗША і Канадзе рабіць усе намаганьні, каб забясьпечыць Беларусі магчымасьць быць дэмакратычнай, сувэрэннай, незалежнай і тэрытарыяльна непадзельнай дзяржавай.

— Мы заклікаем беларусаў ва ўсім сьвеце працаваць на карысьць незалежнасьці Беларусі, адраджэньня нацыянальнай культуры, беларускай мовы і забесьпячэньня разьвіцьця вольнай эканомікі краіны.

— Патрабуем неадкладнага і безумоўнага вызваленьня, а таксама поўнай рэабілітацыі палітычных вязьняў у Беларусі.

— Выказваем падтрымку Радзе БНР і заяўляем аб вернасьці ідэалам 25 Сакавіка 1918 і 25 жніўня 1991 гг.»

На завяршэньне сустрэчы адбыўся канцэрт, у якім гучалі беларускія і ўкраінскія песьні.

Наступная сустрэча беларусаў Паўночнай Амэрыкі пройдзе ў 2016 годзе ў Канадзе.

Гутарка Івонкі Сурвілы з прадстаўнікамі маладога пакаленьня дыяспары
Гутарка Івонкі Сурвілы з прадстаўнікамі маладога пакаленьня дыяспары

Удзельнікі сустрэчы
Удзельнікі сустрэчы

У часе дыскусіі аб накірунках дзейнасьцi дыяспары
У часе дыскусіі аб накірунках дзейнасьцi дыяспары

"Касіў Ясь канюшыну" сьпявае самы малады ўдзельнік сустрэчы - Максім Капытка
"Касіў Ясь канюшыну" сьпявае самы малады ўдзельнік сустрэчы - Максім Капытка

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG