«Мы рыхтуем людзей да актыўнага ўдзелу ў рэфармаваньні Беларусі. Наша мэта — ня проста падрыхтаваць будучых дзяржаўных службоўцаў, кіраўнікоў мясцовых адміністрацыяў ці органаў самакіраваньня, але і сфармаваць сапраўдных лідэраў пераменаў. Людзей, якія разумеюць сутнасьць неабходных рэформаў, здольныя ўдзельнічаць у іх распрацоўцы, браць на сябе адказнасьць за рэалізацыю і аб'ядноўваць вакол сябе прафэсійныя каманды».
Паводле Губарэвіча, праграма будзе складацца зь некалькіх тэматычных модуляў: спачатку базавы курс, далей праграма спэцыялізацыі і праграма вышэйшага ўзроўню, фармаваньне лідэрскіх камандаў, якія будуць займацца рэформамі ў розных кірунках.
Выкладчыкамі будуць вядомыя асобы, экспэрты, больш за паўтара дзясятка беларускіх прафэсараў, кандыдатаў навук, дацэнтаў, кажа Губарэвіч.
«Шмат хто зь іх — вядомыя публічныя асобы, прызнаныя лідэры грамадзкай думкі. Таму вельмі важна, што такая праграма адбудзецца, і мы разьлічваем на прыход новых людзей».
Паводле Губарэвіча, праграма будзе адкрытая і для ўдзельнікаў «Кадравай рэзэрвы», якіх, паводле яго, цяпер каля сямісот:
«Але набор працягваецца, старт у пачатку сьнежня, таму заклікаем усіх далучацца праз сайт “Кадравай рэзэрвы”. Мы рыхтуем людзей да актыўнага ўдзелу ў рэфармаваньні Беларусі. Наша мэта — ня проста падрыхтаваць будучых дзяржаўных службоўцаў, кіраўнікоў мясцовых адміністрацыяў ці органаў самакіраваньня, але і сфармаваць сапраўдных лідэраў пераменаў. Людзей, якія разумеюць сутнасьць неабходных рэформаў, здольныя ўдзельнічаць у іх распрацоўцы, браць на сябе адказнасьць за рэалізацыю і аб'ядноўваць вакол сябе прафэсійныя каманды».
Што цяпер з «Кадравай рэзэрвай»
Праграма распачатая ў 2022 годзе. Сёньня яна аб’ядноўвае каля 700 удзельнікаў, зь якіх траціна па-ранейшаму ў Беларусі. Дзьве траціны — тыя, хто выехаў у розныя краіны сьвету, асьцерагаючыся рэпрэсіяў, паведаміў Губарэвіч.
«Мы рыхтуем людзей для будучай сыстэмы дзяржаўнага кіраваньня — публічных адміністратараў, а таксама лідэраў мясцовага самакіраваньня, бо паўсюль спатрэбяцца кампэтэнтныя кадры, калі будзе мяняцца рэжым у Беларусі. Ня будзе часу рыхтаваць гэтыя кадры ў момант пераменаў. Мы займаемся гэтым загадзя, апярэджваем падзеі. У нас вельмі шчыльная супраца з Кангрэсам рэгіянальных і мясцовых уладаў Рады Эўропы, мы ўжо праводзілі разам зь імі некалькі вэбінараў на тэмы самакіраваньня, у тым ліку з удзелам беларускіх экспэртаў.
Гэта тэматычныя сэмінары, якія паступова раскрываюць тэму рэформы самакіраваньня ў Беларусі, дапамагаюць экспэртам фармуляваць новыя падыходы. Удзельнікі таксама атрымліваюць веды аб тым, як павінна працаваць сапраўднае дэмакратычнае самакіраваньне».
Генэральны сакратар Кангрэсу мясцовых і рэгіянальных уладаў Рады Эўропы Мацьё Мары паведаміў Свабодзе, што ягоная арганізацыя сапраўды сыстэмна працуе з прадстаўнікамі дэмакратычнай ініцыятывы «Кадравая рэзэрва Беларусі».
«Калі людзі далучаюцца да гэтай рэзэрвы, іх пытаюцца, у якім кірунку яны хацелі б працаваць, і 40% зь іх адказваюць: „Хачу вывучыць пытаньні мясцовай дэмакратыі, бо менавіта тут я змагу прынесьці рэальную карысьць, калі вярнуся дадому“. Таму мы арганізавалі тут, у Страсбургу, як мінімум чатыры сустрэчы з удзельнікамі гэтай ініцыятывы, прысьвечаныя тэме паўнавартаснай мясцовай дэмакратыі. Мы не афішуем гэтага з прычын бясьпекі, але праца з рэзэрвай ідзе вельмі актыўна. Гэта складае найбольшую долю бюджэту Кантактнай групы Рады Эўропы для супрацы зь беларускімі дэмакратычнымі сіламі, бо мы робім вельмі шмат чаго сумесна зь беларускімі прадстаўнікамі, і гэта будзе працягвацца».
Апрача таго, «Кадравая рэзэрва» арганізуе адукацыйныя візыты ў дэмакратычныя краіны. Як кажа Юры Губарэвіч — каб была ня толькі тэорыя, але і магчымасьць заехаць у канкрэтны горад або рэгіён, паразмаўляць з прадстаўнікамі мясцовых уладаў, задаць пытаньні, больш дэталёва паглыбіцца ў штодзённыя працоўныя задачы муніцыпалітэту ці рэгіёну.
Такія візыты «Кадравая рэзэрва» ўжо ня раз ладзіла ў Польшчы, Літве, у Нямеччыне, былі яе ўдзельнікі таксама ў Бэльгіі.
«Спадзяемся, што пры падтрымцы Кангрэсу рэгіянальных і мясцовых уладаў Рады Эўропы геаграфія візытаў пашырыцца і пабольшае такіх магчымасьцяў».
Праблема бясьпекі
Паводле Губарэвіча, бясьпека ўдзельнікаў пры гэтым застаецца адным з галоўных фактараў.
«Рэжыму вельмі важна атрымаць інфармацыю пра ўдзельнікаў „Кадравай рэзэрвы“. Былі і канкрэтныя спробы атрымаць такія зьвесткі, і спробы запалохаць людзей заявамі пра нібыта атрыманы доступ да ўсёй базы ўдзельнікаў.
На жаль, нам вядомыя два выпадкі судовага перасьледу людзей, якіх рэжым зьвязваў з „Кадравай рэзэрвай“. Мы таксама ведаем нямала выпадкаў, калі інфармацыя пра ўдзел людзей у дэмакратычных ініцыятывах трапляла да спэцслужбаў празь ціск на затрыманых, доступ да іхных асабістых тэлефонаў і кампутараў, электроннай пошты і гісторыі браўзэраў. Таму мы пастаянна нагадваем удзельнікам: трэба дбаць пра ўласную лічбавую бясьпеку.
Пры гэтым у нас няма пацьверджаньняў, што спэцслужбы атрымалі доступ да базы ўдзельнікаў „Кадравай рэзэрвы“. Заявы пра тое, што ўся база нібыта апынулася ў руках рэжыму, не адпавядаюць рэчаіснасьці.
Мы разумеем, што рэжым імкнецца запалохаць людзей і перашкодзіць дзейнасьці незалежных дэмакратычных ініцыятываў. Але „Кадравая рэзэрва“ працягвае працу».
Калі спатрэбіцца гэтая праца?
Губарэвіч адзначае, што немагчыма ведаць час, калі ў Беларусі пачнуцца рэальныя рэформы, у тым ліку ў самакіраваньні.
«Мы ня можам прадказаць, калі ў Беларусі пачнуцца перамены. Але можам і павінны рыхтавацца да іх ужо цяпер. Мы праводзім штогадовыя апытаньні і ацэньваем гатоўнасьць удзельнікаў „Кадравай рэзэрвы“ працаваць на карысьць дэмакратычнай Беларусі. Яна па-ранейшаму высокая, каля 80–85% апытаных так ці інакш дэкляруюць, што яны вернуцца ў Беларусь або, знаходзячыся ў Беларусі, далучацца да ўдзелу ў рэфармаваньні. Гэта важны паказьнік.
Але мы думаем ня толькі пра будучыню, а і пра сёньняшні дзень. Большасьць удзельнікаў „Кадравай рэзэрвы“ да 2020 году ня мелі досьведу працы ані ў палітычных партыях, ані ў няўрадавых арганізацыях. Для многіх зь іх гэта першая магчымасьць атрымаць веды і кампэтэнцыі, патрэбныя для актыўнага ўдзелу ў грамадзкім і палітычным жыцьці».
Паводле Губарэвіча, людзі, якія раней ня мелі досьведу грамадзкай і палітычнай дзейнасьці, цяпер актыўна далучаюцца да працы грамадзкіх арганізацыяў, палітычных структураў і розных ініцыятываў дэмакратычных сілаў. У прыватнасьці, сярод кандыдатаў на нядаўніх выбарах у Каардынацыйную раду былі дзясяткі ўдзельнікаў «Кадравай рэзэрвы».
Форум