Праблемы дыскрымінацыі і мовы варожасьці суправаджаюць беларусаў на радзіме, паўстаюць яны і ў дэмакратычных асяродках за мяжой. Апошнім часам такія выпадкі становяцца публічнымі, трапляюць у мэдыя, іх разглядаюць грамадзкія камісіі.
У Беларусі дыскрымінацыя паводле палітычнай прыкметы і мова варожасьці ў дзяржаўных СМІ сталі звычайнымі. Экспэрты дэмакратычных сілаў Беларусі, няўрадавых арганізацыяў, якія дзейнічаюць за мяжой, у супрацы з Эўразьвязам і Радай Эўропы вывучаюць праблему. Яны плянуюць укараняць прынцыпы недыскрымінацыі ў публічнай палітыцы падчас інстытуцыянальнага пераходу, як толькі дэмакратычная трансфармацыя Беларусі стане магчымай. Але заклікаюць беларусаў карыстацца гэтымі прынцыпамі ўжо цяпер.
Як супрацьстаяць дыскрымінацыі і мове варожасьці на дзяржаўным і грамадзкім узроўнях, ішла гаворка на канфэрэнцыі «Ўкараненьне эўрапейскіх прынцыпаў недыскрымінацыі ў палітыку і практыку беларускіх дэмакратычных сілаў і грамадзянскай супольнасьці», якую арганізавала Рада Эўропы.
Прадстаўнік Рады Эўропы Кляўс Нойкірх (Claus Neukirch), адкрываючы канфэрэнцыю, заявіў, што ў гэтай сфэры адбываецца рэальная «супраца паміж Радай Эўропы і беларускімі дэмакратычнымі сіламі й грамадзянскай супольнасьцю», і што яны могуць, працуючы разам, «закласьці аснову для рэалізацыі стандартаў Рады Эўропы і падтрымаць імкненьне да свабоды і дэмакратыі, трывала замацаваныя ў эўрапейскай праўнай прасторы».
Дыскрымінацыя ў Беларусі да 2020-га і цяпер
Намесьнік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінэту Павал Латушка акрэсьліў цяперашнюю сытуацыю ў Беларусі як драматычную:
«Дыскрымінацыя ў Беларусі інстытуцыяналізаваная, а рэпрэсіі, угрунтаваныя на дыскрымінацыйных прынцыпах, выкарыстоўваюцца як інструмэнт дзяржаўнай палітыкі. Незалежныя галасы заглушаюць, грамадзянскую супольнасьць перасьледуюць, цэлыя супольнасьці цярпяць ад дзяржаўнай дыскрымінацыі».
Латушка заявіў, што адвольныя затрыманьні, жорсткае абыходжаньне, судовы перасьлед, незаконнае пазбаўленьне волі й іншыя рэпрэсіўныя меры, заснаваныя выключна на палітычных падставах, сталі ў Беларусі штодзённасьцю. Перакананьні сталі прычынай працяглай гвалтоўнай і шырока распаўсюджанай кампаніі рэпрэсіяў, якая працягваецца да сёньня і якая прымусіла многіх пакінуць Беларусь.
«Атмасфэра рэпрэсіяў прывяла да злачынстваў супраць чалавечнасьці, дэпартацыі і перасьледу соцень тысяч беларусаў. Тым ня менш нават тыя, хто знаходзіцца ў выгнаньні, пастаянна зазнаюць ад уладаў Беларусі перасьлед праз завочныя прысуды, ператрусы іх маёмасьці, пагрозы і публічныя запалохваньні мовай варожасьці».
Павал Латушка нагадаў, што ўсяго некалькі дзён таму ўлады Белаорусі прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем» найстарэйшую праваабарончую арганізацыю — Беларускі Хэльсынскі камітэт, які дзейнічае цяпер у выгнаньні і займаецца, сярод іншага, праблемай барацьбы з дыскрымінацыяй.
Прадстаўніца Беларускага Хэльсынскага камітэту Кацярына Дзяйкала сказала Свабодзе: тое, што беларуская дзяржава не выконвае сваіх міжнародна-праўных абавязаньняў у правах чалавека і барацьбе з дыскрымінацыяй, — не навіна, а даўняя праблема.
«Вялізны пласт праблемаў фіксавалі міжнародныя органы і праваабаронцы задоўга да 2020 году. Праблема нават у тым, што ў дзяржаве дагэтуль не прыняты закон аб роўнасьці, базавы закон, які замацоўвае агульныя прынцыпы стаўленьня да гэтай тэмы і тэрміналёгію. На гэта ня раз зьвярталі ўвагу міжнародныя органы і праваабаронцы, але дзяржава адказвала, што ў яе няма такой патрэбы. Гэта, вядома ж, няпраўда, дзяржава наўмысна адмаўлялася прызнаць гэтую праблему».
Паводле Дзяйкалы, праблема дыскрымінацыі значна абвастрылася пасьля выбараў 2020 году і гвалтоўнага разгону пратэстаў, пачатку кампаніі масавых рэпрэсіяў.
«Пасьля 2020 году, вядома ж, усё нашмат пагоршылася. Засталіся ранейшыя праблемы, але зьявіўся вялізны, беспрэцэдэнтны масіў фактаў дыскрымінацыі з палітычных прычын. Пасьля 2020 году дзяржава ўпершыню адышла ад прынцыпу фармальнай роўнасьці. Гэта значыць, яна стала ня проста ўжываць дыскрымінацыйную практыку, а замацоўваць яе на заканадаўчым узроўні, наўпрост прапісваць у нормах пазбаўленьне людзей правоў на падставе іхных палітычных поглядаў».
Дзяйкала згадала забароны на прафэсію для людзей, якія былі пад крымінальным і адміністрацыйным перасьледам, людзей з замежнымі дазволамі на жыхарства, якія маюць праўную сувязь з замежнай дзяржавай. Так званае «экстрэмісцкае» заканадаўства наўмысна надае людзям такі статус, каб выключаць іх з сацыяльнага жыцьця і перасьледаваць за перакананьні. Узмацніўся перасьлед уразьлівых групаў, у тым ліку ЛГБТ-супольнасьцяў.
Дэмакратычныя сілы Беларусі прынялі заяву аб прынцыпах недыскрымінацыі, прэзэнтаваную на канфэрэнцыі. У ёй пацьверджана «нязьменная прыхільнасьць каштоўнасьцям роўнасьці, свабоды, чалавечай годнасьці і вяршэнству права». У заяве дэмакратычныя сілы таксама прызнаюць стандарты Рады Эўропы ў роўнасьці і недыскрымінацыі:
«Нягледзячы на брак дэмакратыі ў Беларусі цяпер, мы лічым патрэбным сфармуляваць прынцыпы недыскрымінацыі, якімі будзем кіравацца ў будучыні».
Дзьмітры Лепрэтар, юрыдычны дарадца Сьвятланы Ціханоўскай, лічыць важным, што пытаньні недыскрымінацыі і мовы варожасьці падымаюцца ў дыскусіях.
«Гэта выводзіць пытаньне на іншы, палітычны ўзровень. Раней усё, што тычылася дыскрымінацыі, мовы варожасьці — варылася ў недзяржаўным сэктары, у НДА. Важна, каб гэтае пытаньне паступова выходзіла з бурбалкі і рабілася пытаньнем палітычным. Тут прагучала, што такія рэчы, як мова варожасьці, дыскрымінацыя паводле пэўных парамэтраў недапушчальныя ў грамадзтве. І дэмакратычныя сілы Беларусі пагадзіліся, што ў далейшым, пры пабудове Новай Беларусі, пры выпрацаваньні заканадаўства гэтыя прынцыпы будуць улічаныя».
Што дае супраца з Радай Эўропы
У 2022 годзе Рада Эўропы перарвала апошнія каналы супрацоўніцтва з афіцыйным Менскам і пачала шчыльней каапэравацца з дэмакратычнымі сіламі Беларусі. У супрацы з Радай Эўропы стала магчымым навучаньне прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў, іх удзел у паседжаньнях ПАРЭ, а таксама распрацаваньне мадэльнага заканадаўства для ўкараненьня пры пераходзе да дэмакратыі.
Кацярына Дзяйкала назвала гэта зачынам на будучыню. Зь яе удзелам і ў каардынацыі зь Беларускім Хэльсынскім камітэтам распрацаваныя два дакумэнты — «Канцэптуальныя рамкі сыстэмы захадаў барацьбы з дыскрымінацыяй і забесьпячэньня роўнасьці ў Беларусі» з канцэпцыяй закону аб роўнасьці і недыскрымінацыі і «Кароткі слоўнік тэрмінаў у сфэры роўнасьці і недыскрымінацыі на беларускай мове».
Рада Эўропы ў гэтай галіне актыўна супрацоўнічае зь беларускімі дэмакратычнымі сіламі, з беларускай дыяспарай, якая раскіданая па розных краінах, кажа Паолё Лёба (Paolo Lobba), праграмны мэнэджар аддзелу барацьбы з дыскрымінацыяй Рады Эўропы.
На яго думку, кансэнсус наконт каштоўнасьцяў у дэмакратычным грамадзтве, у пэўных інстытутах не азначае аднагалоснасьці:
«Калі нам кажуць, што ў Каардынацыйнай радзе ёсьць шэраг фракцыяў ці асобных сяброў, ня згодных з такімі прынцыпамі, мяне гэта ня вельмі хвалюе, бо гэта адбываецца і ў іншых прадстаўнічых асамблеях Эўропы, таму гэта не абавязкова супярэчыць эўрапейскім каштоўнасьцям.
Дэмакратыя патрабуе намаганьняў, а прынцыпы патрабуюць рэалізацыі, каб не застацца на паперы. І таму мы тут. Мы спрабуем наладзіць сувязі і стварыць палітычнае асяродзьдзе, у якім барацьба з дыскрымінацыяй становіцца палітычным прыярытэтам. І гэта перадумова зьменаў. Гэта ня толькі тое, што будзе дзейнічаць у будучыні, у дэмакратычных умовах, але і тое, што дэмакратычныя сілы абавязаліся ажыцьцявіць ужо зараз».
Так супрацоўнік Рады Эўропы рэагаваў на дыскусію сярод беларускіх удзельнікаў аб гендэрных квотах. А сярод групаў, якія найбольш цярпяць ад дыскрымінацыі, ён назваў ЛГБТ-супольнасьць.
Барацьба з мовай варожасьці
Сябра Каардынацыйнай рады Аляксандра Мамаева ўважае, што праблема мовы варожасьці існуе і ў дэмакратычных асяродках беларусаў, асабліва ў сацыяльных сетках:
«Я думаю, што такое ёсьць, але гэта бачна не на вышэйшым палітычным узроўні, у дыскусіях ці інтэрвію, а на ніжэйшым, у сацыяльных сетках. Пераходзяць да абразаў, неабгрунтаваных абвінавачаньняў, нейкіх словаў тыпу „грантасмокі“, „агентура“, „КДБ“. Гэта ня той узровень, які павінны дазваляць сабе палітыкі, гэта сфэра дзейнасьці органаў крымінальнага перасьледу, бо калі вы абвінавачваеце чалавека ў тым, што шкодзіць яго рэпутацыі, — гэта ў істоце крымінальная справа. Трэба разумець, што ёсьць палітычныя погляды, а ёсць асабісты ўзровень, і яны не павінны нейкім чынам перакрыжоўвацца і ўзаемаўплываць».
Мамаева прыгадвае, што у Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы могуць быць вельмі гарачыя дыскусіі на пленарным паседжаньні, але потым дэпутаты выходзяць — і вітаюцца, і гэта нармальны ўзровень працы палітыкаў, калі асобна ідзе праца, а асобна — адносіны паміж людзьмі.
«Праца нашай дэлегацыі ў ПАРЭ надае нам гэты патрэбны ўзровень палітычнай культуры, палітычнай працы, дыскусіі, дэмакратычным сілам трэба гэтаму вучыцца».
Мамаева тлумачыць, што трэба рабіць, калі сутыкаесься з мовай варожасьці на свой адрас:
«Даваць адказ і адпор. Каб бязглуздыя абвінавачаньні не заставаліся проста так, без наступстваў. Некалькі крымінальных ці адміністрацыйных пазоваў кардынальна зьменяць сытуацыю ў беларускіх дэмакратычных сілах», — заявіла Мамаева Свабодзе.
А старшыня Каардынацыйнай рады Арцём Брухан спадзяецца тут на самарэгуляцыю ў беларускім грамадзтве, бо яно само не ўспрымае мову варожасьці:
«Дзесьці ў камэнтарах я чытаў, як мяне называюць, але разумею, што людзі ў стрэсе, у фрустрацыі, могуць нечага не разумець. Але мне ўвогуле здаецца, што гэта ня рыса беларускага грамадзтва, ня рыса нашай ідэнтычнасьці — вось такі відавочны hate-speech. „Азаронкаўшчына“ ў Беларусі не ўспрымаецца. Унутры дэмакратычных сілаў людзі, якія займаюцца гэтай умоўнай „азаронкаўшчынай“, вельмі хутка маргіналізуюцца. Беларусы добрыя людзі, яны не любяць празьмерны гэйт-сьпіч. Але некаторыя гэта робяць — ствараюць агульную таксычную атмасфэру. Думаю, грамадзтва само ўрэгулюе гэтае пытаньне».
«Я не выкарыстоўваю мову варожасьці і нават вельмі рэдка кагосьці крытыкую. Некаторыя палітыкі лічаць магчымым выкарыстоўваць няпраўду альбо трактаваць так, як ім хочацца, дзеля дасягненьня палітычных мэтаў. Гэта палітыка. Я стаўлюся да гэтага спакойна. Але дыскусія павінна быць канструктыўнай, трэба ня толькі крытыкаваць, але і прапаноўваўваць нейкае выйсьце», — апісаў Свабодзе Павал Латушка свой досьвед палітычнай дыскусіі.
Мова варожасьці ў мэдыя і камэнтарах
Актывістка Наста Базар на канфэрэнцыі расказала, што яна сутыкнулася з мовай варожасьці ў камэнтарах пад публікацыяй аб ёй у незалежных беларускіх СМІ. Яе абражалі і ёй пагражалі пасьля аднаго з канфліктаў.
Прадстаўнік Беларускай асацыяцыі журналістаў Алег Агееў у камэнтары Свабодзе адрэагаваў на гэта:
«У зону адказнасьці мэдыя ўваходзяць мадэрацыя і выдаленьне абразьлівых каментароў. Калі такі выпадак быў, значыць, адпаведнае мэдыя ня выканала абавязку мадэрацыі. Калі нейкая рэдакцыя выкарыстоўвае мову варожасьці, ёсьць мэханізмы рэагаваньня. Мая парада: калі ёсьць пакрыўджаныя, калі нехта лічыць, што нейкае мэдыя злоўжывае ці не выконвае сваіх абавязкаў, — трэба зьвяртацца да органу самарэгулявання, а гэта Рада мэдыяэтыкі БАЖ».
Каля дзесяці заяваў гэтая Рада ўжо разгледзела, ёсьць першыя рашэньні, у тым ліку і наконт выкарыстаньня мовы варожасьці.
Але наагул, як уважае Агееў, незалежныя беларускія мэдыя, што дзейнічаюць за мяжой, ставяцца да сваёй працы адказна, у тым ліку калі параўнаць іх з мэдыя іншых краін рэгіёну.
Форум