Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генэральны сакратар Рады Эўропы: «Бачу моцнае пачуцьцё салідарнасьці зь Беларусьсю ў розных эўрапейскіх краінах»

Ален Бэрсэ, Генэральны сакратар Рады Эўропы
Ален Бэрсэ, Генэральны сакратар Рады Эўропы

12 траўня ў Вільні адбудзецца інаўгурацыя інфармацыйнага пункту Рады Эўропы для беларусаў. У эксклюзіўным інтэрвію Свабодзе генэральны сакратар Рады Эўропы Ален Бэрсэ расказаў пра эўрапейскую пэрспэктыву Беларусі і стаўленьне да розных падыходаў ЗША і Эўразьвязу да кантактаў з Лукашэнкам.

Чакаецца, што ва ўрачыстасьці ў Нацыянальнай бібліятэцы Літвы возьмуць удзел міністар замежных справаў Літвы Кястуціс Будрыс, генэральны сакратар Рады Эўропы Ален Бэрсэ і кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінэту Беларусі Сьвятлана Ціханоўская.

У гэтым цэнтры беларусам абяцаюць дапамагаць з кантактамі, надаваць інфармацыю аб працы і каштоўнасьцях Рады Эўропы (РЭ), а таксама аб захадах Літвы для падтрыманьня грамадзянскай супольнасьці Беларусі.

— Спадар генэральны сакратар, якое ваша галоўнае пасланьне беларусам, што жывуць як у краіне, так і за яе межамі?

— Так, першы момант — і вы ўжо згадалі гэта — што я прысутны тут сёньня і заўтра (размова адбывалася 11 траўня. — РС) найперш для таго, каб адкрыць інфармацыйны пункт Рады Эўропы для беларускіх дэмакратычных сілаў, для людзей, для студэнтаў, для журналістаў, якія хочуць далучыцца, каб падтрымаць намаганьні ўсіх людзей, якія жадаюць дэмакратычнай будучыні для Беларусі, і гэта маё галоўнае пасланьне.

Генэральны сакратар Рады Эўропы Ален Бэрсэ падчас лекцыі ў Віленскім унівэрсытэце. 11 траўня 2026
Генэральны сакратар Рады Эўропы Ален Бэрсэ падчас лекцыі ў Віленскім унівэрсытэце. 11 траўня 2026

Мы зацікаўленыя ў супольнай працы. Нават калі мы пачнем з магчымасьцяў, якія маем, каб трохі структураваць справы і дыскусію, каб дапамагаць там, дзе мы можам, каб абмяркоўваць гэтае становішча і падтрымліваць беларусаў у цяперашняй сытуацыі.

Падкрэсьлю, што мы адчуваем занепакоенасьць тым, што адбываецца, і таму мы тут. Гэта галоўнае пасланьне, якое я хачу перадаць.

— Беларусь ня ёсьць ані дзяржавай-сябрам Рады Эўропы, ані дзяржавай-кандыдаткай. Рэжым Аляксандра Лукашэнкі працягвае парушаць правы чалавека і вяршэнства закону, у Беларусі надалей дзейнічае сьмяротнае пакараньне. Ці верыце вы ў эўрапейскую і дэмакратычную будучыню гэтай краіны? І калі верыце, то чаму?

— Ведаеце, Беларусь зьяўляецца эўрапейскай краінай у тым сэнсе, што яна знаходзіцца ў Эўропе геаграфічна. І так, вы згадалі, што Беларусь ніколі не была сябрам Рады Эўропы, бо каб быць у Радзе Эўропы, трэба цьвёрда прытрымлівацца Эўрапейскай канвэнцыі аб правах чалавека.

І патрэбна цьвёрдая адданасьць дэмакратыі, вяршэнству закону, падтрымка правоў чалавека, а таксама цьвёрдая адданасьць выкананьню рашэньняў Эўрапейскага суду ў правах чалавека.

Генэральны сакратар Рады Эўропы Ален Бэрсэ падчас лекцыі ў Віленскім унівэрсытэце. 11 траўня 2026
Генэральны сакратар Рады Эўропы Ален Бэрсэ падчас лекцыі ў Віленскім унівэрсытэце. 11 траўня 2026

Вы ведаеце, мы маем сапраўды моцныя інструмэнты — Раду Эўропы, Канвэнцыю і Суд, і менавіта гэтыя інструмэнты дазволілі эўрапейскім краінам за апошнія 75 гадоў у асноўным разьвіць агульную праўную прастору, бо гэта дазваляе мець стабільнасьць, прадказальнасьць, мірныя адносіны, нават калі гэта не заўсёды лёгка, і мець прадказальную будучыню і сытуацыю для народаў.

Гэта азначае, я думаю, мы можам спадзявацца, што будзе магчыма пашыраць гэтую сыстэму і гэтую мадэль. Але для магчымасьці калі-небудзь далучыцца, відавочна, патрэбныя вельмі інтэнсіўнае разьвіцьцё, адданасьць Эўрапейскай канвэнцыі й Эўрапейскаму суду.

Зразумела, што зараз гэта немагчыма. Вы ведаеце, Беларусь — адзіная краіна ў Эўропе, я вымушаны гэта сказаць, дзе існуе сьмяротнае пакараньне, а абавязковая перадумова для сяброўства — павага да правоў чалавека і забарона сьмяротнага пакараньня. Мы дасягнулі гэтага на кантынэнце, за выняткам Беларусі. І гэта таксама даволі вялікая перашкода для інтэнсіўнага абмену досьведам, неабходнага, каб мець пазытыўныя вынікі.

— Рада Эўропы супрацоўнічае зь Сьвятланай Ціханоўскай, Аб’яднаным пераходным кабінэтам, Каардынацыйнай радай, яе прадстаўнікі удзельнічаюць ў якасьці гасьцей у органах Рады Эўропы, напрыклад у Парлямэнцкай асамблеі. Як вы ацэньваеце іх ролю ў рэпрэзэнтацыі беларускага народу?

— Я думаю, што вельмі важна мець такія кантакты. Гэта вельмі важна, бо дзякуючы ім мы ня толькі маем усьведамленьне, але і магчымасць супольна абдумваць, што мы можам зрабіць дзеля Беларусі, каб дапамагаць, каб падтрымліваць дэмакратычныя памкненьні, якія маюць людзі, і такі ўдзел з гэтай прычыны надзвычай важны і прадуктыўны. Я думаю, што інфармацыйны пункт, які мы адкрыем, гэта канкрэтны прыклад таго, якія бываюць вынікі, калі ёсьць усьведамленьне, калі ніколі не забываюць пра сытуацыю, калі гавораць пра сытуацыю і спрабуюць дасягнуць пэўнага прагрэсу разам.

Сьвятлана Ціханоўская і Генэральны сакратар Рады Эўропы Ален Бэрсэ, архіўнае фота
Сьвятлана Ціханоўская і Генэральны сакратар Рады Эўропы Ален Бэрсэ, архіўнае фота

І я буду вельмі рады заўтра мець нагоду адкрыць гэты інфармацыйны пункт. Сьвятлана Ціханоўская таксама будзе прысутнічаць, і літоўскія ўрадоўцы, і я думаю, што гэта моцны сыгнал менавіта цяпер. Так, нам трэба працаваць, нам трэба падтрымліваць дэмакратычныя памкненьні. Мы можам залучаць іншых да гэтага. Давайце рабіць гэта разам.

— Сьвятлана Ціханоўская і Павал Латушка прапанавалі пашырыць юрысдыкцыю спэцыяльнага трыбуналу, ініцыяванага вамі і прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім для расьсьледаваньня злачынства агрэсіі супраць Украіны, каб уключыць у яго меркаваную ролю кіраўніцтва Беларусі ў падтрымцы агрэсіі Расеі. Ці ўважаеце вы, што такое пашырэньне магчымае?

— Ведаеце, рашэньне аб стварэньні спэцыяльнага трыбуналу і рашэньне аб сфармаваньні такой структуры і новай установы стала магчымым толькі таму, што ёсьць палітычная воля дзяржаваў. Без палітычнай волі дзяржаваў немагчыма нешта зрабіць на міжнародным узроўні, на шматбаковым узроўні, і гэтае абавязаньне, гэтая палітычная воля была неабходная ў 2023 годзе для стварэньня так званага рэестру шкоды, нанесенай Украіне.

Гэтая палітычная воля і гэтае палітычнае абавязаньне былі неабходныя ў сьнежні мінулага году для стварэньня пасьля рэестру шкоды камісіі прэтэнзіяў, і такая ж палітычная воля і забавязаньне дзяржаваў неабходныя для стварэньня спэцыяльнага трыбуналу. Я маю на ўвазе, што гэта абавязак краін, якія жадаюць стварыць трыбунал, — вырашыць, які абсяг справаў трыбунал павінен разглядаць.

Рашэньне аб стварэньні спэцыяльнага трыбуналу стала магчымым толькі таму, што ёсьць палітычная воля дзяржаваў

Дагэтуль было відавочна, што трыбунал створаны для разгляду злачынства агрэсіі Расеі супраць Украіны. Гэта замацавана ўсёй працай, якую так званая асноўная група правяла паміж 2022 і 2025 гадамі, а цяпер замацавана і ў рашэньні.

У прынцыпе, вы можаце зьмяніць усё, зразумела, вы можаце пашырыць, вы можаце вырашыць зрабіць нешта інакш, але для гэтага вам патрэбная падтрымка і воля дзяржаваў. І не мая роля казаць дзяржавам, што яны павінны рабіць. Мая роля — выконваць тое, чаго яны хочуць. А яны просяць нас рабіць гэта. Але, я думаю, гэтыя дыскусіі будуць мець месца.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі і генэральны сакратар Рады Эўропы Ален Бэрсэ. Кіеў, 4 сьнежня 2024
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі і генэральны сакратар Рады Эўропы Ален Бэрсэ. Кіеў, 4 сьнежня 2024

А першы момант тут — ці мы ў стане распрацаваць моцную аснову для таго, каб была панесена адказнасьць за тое, што адбываецца ва Ўкраіне. Гэта дапаможа нам усім умацаваць вяршэнства закону і здольнасьць яго ажыцьцяўляць, і гэта будзе важным элемэнтам.

— Рада Эўропы зрабіла шэраг пазытыўных крокаў, накіраваных на паляпшэньне сытуацыі соцень тысяч беларусаў у выгнаньні ў розных эўрапейскіх краінах. Я маю на ўвазе так званыя Люксэмбургскія рашэньні, ухваленыя ПАРЭ, і рашэньні Кангрэсу мясцовых і рэгіянальных уладаў. На вашу думку, як гэтыя рэкамэндацыі можна выконваць на мясцовым узроўні ў кожнай краіне Рады Эўропы?

— Я бачу ў розных эўрапейскіх краінах моцнае пачуцьцё салідарнасьці зь Беларусьсю, зь беларускім насельніцтвам, бо мы ўсе ведаем, што адбываецца, і ўсе мы разумеем, што гэтыя дэмакратычныя памкненьні трэба падтрымліваць. І я думаю, што гэтая салідарнасьць існуе і будзе працягвацца, але для гэтага зноў жа трэба рэгулярна сустракацца, размаўляць, мець пэўныя супольныя ініцыятывы, такія як гэты інфармацыйны пункт, які адкрыецца заўтра.

Генэральны сакратар Рады Эўропы Ален Бэрсэ на 8-м саміце Эўрапейскай палітычнай супольнасьці ў Ерэване, 4 траўня 2026
Генэральны сакратар Рады Эўропы Ален Бэрсэ на 8-м саміце Эўрапейскай палітычнай супольнасьці ў Ерэване, 4 траўня 2026

Гэтыя моманты дапамагаюць нам заўсёды добра разумець сытуацыю, гэта дапамога таксама салідарнасьці, дапамога людзям.

— Маё апошняе пытаньне тычыцца розных, магчыма, пазыцыяў Эўрапейскага Зьвязу і Злучаных Штатаў адносна Беларусі. У той час як ЭЗ працягвае ўзмацняць санкцыі супраць Лукашэнкі і ня хоча размаўляць зь ім, адміністрацыя Трампа вядзе зь ім перамовы, паводле наяўнай інфармацыі, увязваючы зьняцьце санкцыяў з вызваленьнем палітычных зьняволеных. Які падыход, на вашу думку, больш эфэктыўны?

— Ведаеце, мне даволі цяжка камэнтаваць тое, што робяць у Эўрапейскім Зьвязе ці ў амэрыканскай адміністрацыі. Я маю на ўвазе, што ў складзе Рады Эўропы усе 27 дзяржаваў — чальцоў Эўрапейскага Зьвязу, Эўразьвяз у нас у якасьці назіральніка з спэцыяльным статусам, у нас таксама і ЗША ў якасьці назіральніка, як і чатыры іншыя дзяржавы.

Мне крыху цяжка камэнтаваць гэта, але гэтыя адрозьненьні падкрэсьліваюць той факт, што рэчы павінны зьмяніцца. Зразумела, ніхто не ўпэўнены, што мае слушны адказ на пытаньне, як запэўніць, каб сытуацыя зьмянялася. І таму з нашага боку, з боку Рады Эўропы, мы ўважаем, што адкрыцьцё інфармацыйнага пункту — гэта сапраўды канкрэтны і прагматычны крок дзеля падтрымкі дэмакратычных сілаў Беларусі і звычайных людзей. Гэта значна больш, чым проста сымбаль.

— Ці Рада Эўропы гатовыя пачаць перамовы зь Менскам?

— Аб чым?

— Вызваліць палітычных зьняволеных, спыніць сьмяротныя пакараньні...

— Ведаеце, я думаю, што нашыя пазыцыі вельмі зразумелыя. Мы — зноў жа — не арганізацыя, здольная займацца санкцыямі або палітычным ціскам. Мы можам працаваць з каштоўнасьцямі і адказнасьцю, і, я думаю, калі мы аб’яднаем сілы ўсіх магчымых арганізацыяў, якія маем, мы створым грунт для станоўчага ўплыву.

Але я думаю, што гэта нядобра, калі нехта тут, нехта там спрабуе нешта зрабіць, у той час як нам патрэбен усебаковы падыход, і наша роля палягае ў тым, каб рэальна падтрымліваць дэмакратычныя сілы Беларусі.

У лістападзе 2024 году пагадненьне аб адкрыцьці інфармацыйнага пункту (ІП) Рады Эўропы ў Вільні падпісалі тагачасны міністар замежных справаў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс і намесьнік генэральнага сакратара Рады Эўропы Б’ёрн Бэрге. Літва вызваляе ІП ад арэнднай платы, Рада Эўропы абавязуецца пакрываць выдаткі на абсталяваньне і абслугоўваньне памяшканьняў, пэрсанал і іншыя патрэбы, зьвязаныя зь дзейнасьцю пункту.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG