Аб пераліку праектаў, якія будуць рэалізаваныя ў межах кантактнай групы Рады Эўропы і беларускіх дэмакратычных сілаў, паведаміла прэс-служба Рады Эўропы.
Пералік «заснаваны на сумесна ўзгодненых прыярытэтах». Падкрэсьліваецца, што рэалізацыя гэтых мерапрыемстваў «узмоцніць супрацоўніцтва, якое працягваецца, і адкажа на новыя патрэбы ў галіне прасоўваньня стандартаў Эўрапейскай канвэнцыі па правах чалавека, адмены сьмяротнага пакараньня, супрацьдзеяньня дыскрымінацыі, гендэрнай роўнасьці і барацьбы з гвалтам у дачыненьні да жанчын, парлямэнцкага супрацоўніцтва, мясцовай дэмакратыі, падтрымкі грамадзянскай супольнасьці, культур». Таксама «працягнецца праграма стажыровак для беларускіх спэцыялістаў у Радзе Эўропы».
25 лютага беларускі дэмакратычны лідэр Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася ў Страсбургу (Францыя) з генэральным сакратаром Рады Эўропы Аленам Бэрсэ, выступіла перад Камітэтам міністраў Рады Эўропы, прыняла ўдзел у брыфінгу для амбасадараў, сустрэлася з генэральным сакратаром Кангрэса мясцовых і рэгіянальных улад і далучылася да падзеі ў Страсбуры, прысьвечанай чацьвёртай гадавіне паўнамасштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, піша Позірк.
Рада Эўропы надала дэмакратычным сілам Беларусі асобны офіс у сваім будынку ў Страсбургу.
Кантактная група па супрацоўніцтве Рады Эўропы з дэмакратычнымі сіламі і грамадзянскай супольнасьцю Беларусі была створаная 7 верасьня 2022 года. Група працуе ва ўзаемадзеяньні з шырокім колам беларускіх грамадзкіх ініцыятыў. Яе пасяджэньні праводзяцца два разы на год.
Што такое Рада Эўропы і ПАРЭ
- Місія Рады Эўропы — адстойваць правы чалавека і падзел галінаў уладаў, спыніць сьмяротнае пакараньне на ўсім кантынэнце.
- Беларусь у 1993 годзе падала заяўку на далучэньне да Рады Эўропы, і Вярхоўны Савет Беларусі ў 1992 годзе атрымаў статус спэцыяльна запрошанага ў ПАРЭ, які страціў пасьля канстытуцыйнага рэфэрэндуму 1996 году.
- Беларусь так і не ратыфікавала Канвэнцыю аб абароне правоў чалавека і асноўных свабодаў Рады Эўропы, аднак Беларусь фармальна дагэтуль лічыцца кандыдатам на ўступленьне, а Рада Эўропы робіць шэраг захадаў для наладжваньня супрацоўніцтва зь Беларусьсю.
- Расея пасьля поўнамаштабнага нападу на Ўкраіну ў 2022 годзе сама выйшла з Рады Эўропы.
- Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы (ПАРЭ) — адзін з двух галоўных статутных органаў Рады Эўропы, кансультацыйны орган з прадстаўнікоў парлямэнтаў усіх дзяржаваў-сяброў.
- ПАРЭ — найстарэйшы ў Эўропе орган міжпарлямэнцкай супрацы, заснаваны 5 траўня 1949 году. Асамблея прымае рэзалюцыі і рэкамэндацыі на падставе дакладаў, якія рыхтуюць дэпутаты.
- Вярхоўны Савет Беларусі ў 1990-х гадах меў статус спэцыяльна запрошанага ў ПАРЭ, але пасьля рэфэрэндуму 1996 году гэты статус быў страчаны.