Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ёсьць людзі, якія былі побач». Як праваабаронцы атрымліваюць новыя сьведчаньні пра сьмерці за кратамі

Дзьмітрый Шлетгаўэр (зьлева) і Андрэй Паднябенны. Ілюстрацыйна каляж
Дзьмітрый Шлетгаўэр (зьлева) і Андрэй Паднябенны. Ілюстрацыйна каляж

На гэтым тыдні Свабода пачала публікацыю другога сэзону падкаст-сэрыялу «Архіпэляг БЕЛАГ». Першая частка прысьвечаная палітвязьням, якія загінулі за кратамі ці пасьля вызваленьня ў пэрыяд ад лета 2024-га да цяперашняга часу.

Усё больш палітвязьняволеных выходзяць з турмаў Беларусі, у тым ліку асуджаныя на вялікія тэрміны, і тыя, хто знаходзіўся за кратамі яшчэ з 2020 году. Паводле праваабаронцы «Вясны» Яны Галаган, былыя палітвязьні становяцца важнай крыніцай інфармацыі пра тое, пры якіх абставінах палітвязьні паміралі за кратамі. Частка атрыманых зьвестак пакуль што непублічная. Паводле Яны Галаган, задакумэнтаваныя праваабаронцамі сьведчаньні могуць мець вялікае значэньне для будучых незалежных расьсьледаваньняў падзеяў апошніх шасьці гадоў.


Што расказваюць былыя палітвязьні пра Андрэя Паднябеннага

Андрэй Паднябенны
Андрэй Паднябенны

Яна Галаган нагадвае гісторыю гібелі 36-гадовага Андрэя Паднябеннага, які памёр 3 верасьня 2025 году ў магілёўскай калёніі № 15. Палітвязьня двойчы асудзілі паводле крымінальных артыкулаў, агулам яму прызначылі 16 гадоў і восем месяцаў зьняволеньня. За кратамі ён правёў амаль чатыры гады. Прычынай сьмерці Андрэя Паднябеннага стала ўдушша.

Праваабаронцы «Вясны» паразмаўлялі з васьмю былымі палітвязьнямі, якія знаходзіліся ў калёніі № 15. Яны дадалі новыя сьведчаньні, пра якія праваабаронцы раней ня ведалі, кажа Яна Галаган.

Адно з важных сьведчаньняў тычыцца адключэньня электрычнасьці. У момант спробы самагубства Паднябеннага ва ўсёй калёніі было адключана сьвятло, таму камэры відэаназіраньня не працавалі.

Дзьмітры Шлетгаўэр
Дзьмітры Шлетгаўэр

Галаган кажа, што інфармацыю праваабаронцам перадаюць ня толькі былыя палітвязьні. Гэта робяць і іншыя вязьні, якія былі знаёмыя з «палітычнымі» або знаходзіліся побач зь імі. Паводле сьведчаньняў, перад здарэньнем на некаторых палітвязьняў, у тым ліку на Андрэя Паднябеннага і Дзьмітрыя Шлетгаўэра аказваўся моцны псыхалягічны і фізычны ціск, іх зьмяшчалі ў ШЫЗА.

«Андрэй Паднябенны быў у дрэнным псыхалягічным стане яшчэ пасьля першага зьмяшчэньня ў ШЫЗА, як толькі ён прыехаў у гэтую калёнію», — распавядае праваабаронца.

Паводле Галаган, Паднябенны цяжка перажываў расстаньне з сям’ёй: у яго трое дзяцей і жонка. Ён, як сьцьвярджаюць апытаныя праваабаронцамі былыя вязьні, неаднаразова выказваў суіцыдальныя думкі.

Яна Галаган зьвяртае ўвагу на праблему мэдычнай дапамогі за кратамі. Паводле яе, сыстэма не забясьпечвае належнай своечасовай дапамогі, асабліва псыхіятрычнай і псыхалягічнай.

«Але праваабаронцы ня могуць сьцьвярджаць, што дакладна стала прычынай таго, што адбылося», — падкрэсьлівае яна.

Пры гэтым некаторыя сьведчаньні, паводле яе, паказваюць на магчымы ціск на Паднябеннага. Галаган таксама адзначае, што праваабаронцы не могуць абвінавачваць адміністрацыю калёніі без незалежнага расьсьледаваньня.

Пытаньне пра абставіны сьмерці Паднябеннага застаецца адкрытым. Некаторыя былыя палітвязьні, паводле Галаган, ня вераць у вэрсію самагубства. Яны распавядаюць, што перад здарэньнем ён быў у добрым стане і меў пляны. Аднак, падкрэсьлівае праваабаронца, у камэры, дзе ўсё адбылося, нікога не было.

«Таму ні яны, ні мы ня можам быць перакананыя ў тым, што гэта магло быць: забойства ці самагубства», — кажа яна.

Праваабаронцы цяпер могуць толькі зьбіраць сьведчаньні пра тое, што адбывалася да і пасьля здарэньня. Паводле Яны Галаган, існуюць таксама зьвесткі пра тое, што адміністрацыя калёніі магла спрабаваць схаваць інфармацыю пра тое, што адбылося. У прыватнасьці, ёй перадавалі, што пасьля здарэньня вельмі хутка пачалі зьбіраць рэчы Паднябеннага і нібыта плянавалі перавесьці яго на турэмны рэжым. Праваабаронца падкрэсьлівае, што частка гэтай інфармацыі застаецца непацьверджанай.

«Складана сказаць, што там адбывалася дакладна. Але мы спрабуем сабарць паўнавартасную карціну гэтых усіх падзеяў».

«Людзі, якія выходзяць, маюць вельмі ўнікальную інфармацыю»

«Былыя палітвязьні маюць унікальную і карысную для нашай будучай працы інфармацыю пра тое, што адбываецца ўнутры сыстэмы, праз якія ўмовы, абставіны гінуць людзі за кратамі», — кажа Яна Галаган.

Разам з тым праваабаронца падкрэсьлівае, што інфармацыю, якая паступае ад былых вязьняў, неабходна правяраць. Частка зьвестак можа быць чуткамі або інфармацыяй, якую нехта пачуў ад іншых.

«Але ёсьць людзі, якія былі непасрэдна побач з месцамі, дзе гэта ўсё адбывалася, і таму могуць больш падрабязна распавядаць», — адзначае яна.

Апошнім часам праваабаронцы атрымліваюць новыя сьведчаньні пра загінулых за кратамі палітвязьняў, у тым ліку пра Алеся Пушкіна, Вітольда Ашурка ды іншых. Перадавалі інфармацыю і пра Дзьмітрыя Шлетгаўэра ды абставіны ягонага знаходжаньня ў калёніі. Але праваабаронцы пакуль ня могуць падаваць гэтыя зьвесткі, бо яны не былі апублікаваныя.

Сьмерці палітвязьняў пасьля вызваленьня

Праваабаронцы працягваюць зьбіраць інфармацыю пра былых палітвязьняў, чыя сьмерць пасьля вызваленьня стала наступствам зьняволеньня. Паводле Галаган, рабіць гэта сыстэмна складана. Усё залежыць ад людзей, якія гатовыя распавядаць пра перажытае.

«Ня ўсе былыя палітвязьні хочуць наноў перажываць траўматычны досьвед і расказваць пра яго. Ня ўсе гатовыя рабіць гэта публічна. Сыстэматычная праца не вядзецца, вядзецца проста фіксаваньне таго, пра што людзі хочуць самі нам распавесьці», — кажа праваабаронца.

Праваабаронцы сутыкаюцца з выпадкамі цяжкіх захворваньняў у людзей, якія правялі за кратамі доўгі час у моцным стрэсе. У тым ліку, паводле яе, пасьля вызваленьня ў некаторых былых палітвязьняў выяўляюць анкалягічныя захворваньні.

«Мы часта фіксуем, што людзі, якія адбылі тэрміны альбо выйшлі па памілаваньні, па выхадзе знаходзяць, напрыклад, анкалёгію», — кажа яна.

Асобна Галаган адзначае, што такія выпадкі, паводле яе назіраньняў, асабліва часта сустракаюцца сярод жанчын.

Яна таксама зьвяртае ўвагу на наступствы неналежнай мэдычнай дапамогі ў зьняволеньні. Вызваленьне, паводле яе, ня значыць, што праблемы чалавека скончыліся: на волі ён можа пачаць праходзіць абсьледаваньні і даведацца пра сур’ёзныя наступствы доўгага зьняволеньня.

Справядлівасьць — гэта ня толькі пра вызваленьне

Яна Галаган
Яна Галаган

Яна Галаган з праваабарончага цэнтру «Вясна» сьведчыць, што для многіх вызваленых палітвязьняў вельмі важна дамагчыся справядлівасьці. І гэта ня толькі воля, але і рэабілітацыя і пакараньне вінаватых у рэпрэсіях. Паводле Яны Галаган, праваабарончы цэнтар «Вясна» прыкладае шмат высілкаў, каб дакумэнтаваць факты рэпрэсій і парушэньняў правоў чалавека. Гаворка ідзе ня толькі пра тое, што адбываецца ўнутры пэнітэнцыярнай сыстэмы. Праваабаронцы фіксуюць факты парушэньняў і зьбіраюць інфармацыю пра людзей, датычных да іх, каб у будучыні ўсе гэтыя матэрыялы маглі стаць асновай для ўстанаўленьня адказнасьці.

«Мы фіксуем усе магчымыя факты і прозьвішчы датычных да гэтых парушэньняў для таго, каб усё гэта магло зьдзейсьніцца як мага хутчэй», — кажа Галаган.

Паводле яе, праваабаронцы задзейнічаюць міжнародныя органы, каб прыцягваць увагу да праблемы.

  • Аляксандар Лукашэнка 15 верасьня сустрэўся з прадстаўнікамі каманды прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа на чале са спэцпасланьнікам ЗША па Беларусі Джонам Коўлам. 16 верасьня стала вядома, што ў выніку двухдзённых перамоў спэцыяльнага пасланьніка прэзыдэнта ЗША для Беларусі Джона Коўла з Аляксандрам Лукашэнкам вызвалілі 25 зьняволеных.
  • У жнівеньскім інтэрвію «Голасу Амэрыкі» Джон Коўл паведаміў, што ў сярэдзіне верасьня зьбіраецца ў Беларусь, каб дамагчыся новага вызваленьня палітзьняволеных. «Мы дамагліся вызваленьня пяцісот чалавек, потым былі памілаваныя яшчэ каля дзьвюхсот. Так што рэальная лічба складае прыкладна 700–800 чалавек. Спадзяюся неўзабаве давесьці яе да тысячы», — сказаў пасланьнік.
  • Пазьней у адказ на крытычную рэпліку ў сацыяльнай сетцы Х — «Пакуль вы вызваляеце 100 чалавек, саджаюць новых 200» — Джон Коўл напісаў, што ўдалося вызваліць больш за 700 чалавек. Дакладна вядома пра 671 вызваленага за два гады, але ня ўсе зь іх палітвязьні.
Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG