У першай частцы другога сэзону падкасту «Архіпэляг БЕЛАГ» расказваем пра новыя сьмерці палітвязьняў за кратамі ад лета 2024-га да цяперашняга часу, а таксама апавядаем гісторыі палітвязьняў, якія памерлі пасьля вызваленьня альбо пры нявысьветленых абставінах. Паводле правааабронцаў сьпіс загінулых палітвязьняў ня поўны.
Вячаслаў Лазараў, былы палітвязень:
«Спачатку стала вядома, што нейкі чалавек скончыў жыццё самагубствам, потым стала вядома, што гэта палітвязень. І калі высветлілася, што гэта быў Андрэй Паднябенны, немагчыма было паверыць, таму што ў яго не было ніякай нагоды нешта з сабой зрабіць».
Андрэй Войніч, былы палітвязень:
«Карантын — гэта жэсьць. Я веру ў вэрсію, што Дзьмітрый Шлетгаўэр ня вытрымаў на карантыне і мог нешта з сабой зрабіць. Ці сапраўды магло спыніцца сэрца ці што заўгодна».
Ірына Шчасная, былая палітзьняволеная:
«Ганна Кандраценка патрапіла адразу ў наш атрад, яна тады яшчэ не была хворая. Палітзьняволеныя жанчыны аказвалі ёй усякую дапамогу, таму што яна была такая сьціплая, такая нелюдзімая. Для нас усіх гэта проста быў шок, што яна памерла пасьля вызваленьня».
Пра сьмерці палітвязьняў ад жніўня 2020 да лета 2024 — у першым сэзоне падкаста «Архіпэляг БЕЛАГ».
Як глядзець і слухаць
Другі сэзон «Архіпэлягу БЕЛАГ» можна будзе глядзець на YouTube-канале Радыё Свабода. Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.
Пра што быў першы сэзон
У сямі частках першага сэзону «Архіпэлягу БЕЛАГ» мы прайшлі праз усе кругі карнай сыстэмы рэжыму Лукашэнкі: затрыманьне, «суткі», сьледзтва, хатні арышт, «хімію», этапы, калёніі, турмы, сьмерці за кратамі і жыцьцё пад наглядам пасьля вызваленьня. Мы расказалі, як пабудаваны «Архіпэляг БЕЛАГ» знутры, на чым ён трымаецца, якія людзі там працуюць і на чый загад палітвязьняў катуюць і даводзяць да сьмерці. Падкаст таксама выйшаў па-расейску — у адаптацыі тэлеканала «Настоящее время» і Расейскай службы Радыё Свабода.
Форум