У шасьці частках новага сэзону мы раскажам, што адбывалася з беларускімі палітвязьнямі ад лета 2024 году: распавядзём пра сьмерці за кратамі і пасьля вызваленьня, падамо невядомыя раней дэталі і сьведчаньні вызваленьняў і прымусовых дэпартацыяў у 2025 годзе, рэканструюем падзеі 11 верасьня 2025 году, калі Мікола Статкевіч адмовіўся пакінуць Беларусь. Таксама раскажам пра жыцьцё былых палітвязьняў пад наглядам у Беларусі, іх вымушаныя ўцёкі з краіны і парады тым, хто апынуўся ў зьняволеньні.
Працяг падкаст-сэрыялу зьявіцца ўжо на наступным тыдні, калі чакаецца чарговы візыт ў Беларусь спэцпасланьніка прэзыдэнта ЗША ў справах Беларусі Джона Коўла. Ён прадстаўляе амэрыканскі бок у перамовах з уладамі Беларусі, у выніку якіх на волю выйшлі сотні палітычных зьняволеных.
«Мы рыхтавалі другі сэзон падкасту „Архіпэляг БЕЛАГ“ у надзеі, што больш не спатрэбіцца рабіць працяг, а таксама зь верай у тое, што пра сьмерці, катаваньні, зьдзекі зь палітвязьняў будуць ведаць у Беларусі і сьвеце, а ўсе вінаватыя ў злачынствах будуць знойдзеныя і пакараныя», — кажа аўтарка падкасту журналістка Ганна Соўсь.
Як глядзець і слухаць
Другі сэзон «Архіпэлягу БЕЛАГ» можна будзе глядзець на YouTube-канале Радыё Свабода. Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.
Пра што быў першы сэзон
У сямі частках першага сэзону «Архіпэлягу БЕЛАГ» мы прайшлі праз усе кругі карнай сыстэмы рэжыму Лукашэнкі: затрыманьне, «суткі», сьледзтва, хатні арышт, «хімію», этапы, калёніі, турмы, сьмерці за кратамі і жыцьцё пад наглядам пасьля вызваленьня. Мы расказалі, як пабудаваны «Архіпэляг БЕЛАГ» знутры, на чым ён трымаецца, якія людзі там працуюць і на чый загад палітвязьняў катуюць і даводзяць да сьмерці.
Падкаст таксама выйшаў па-расейску — у адаптацыі тэлеканала «Настоящее время» і Расейскай службы Радыё Свабода.
Прызнаньне і ўзнагароды
Падкаст-сэрыял «Архіпэлягу БЕЛАГ» атрымаў шэраг прафэсійных узнагародаў і намінацыяў.
- У 2024 годзе праект стаў фіналістам увайшоў у фінал прэстыжнага конкурсу Асацыяцыі міжнароднага вяшчаньня AIB у катэгорыі «Відэа/палітыка».
- У сьнежні 2024 году падкаст прызналі працай году ў карпаратыўным конкурсе Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода з удзелам усіх моўных службаў кампаніі.
- У 2025 годзе «Архіпэляг БЕЛАГ» стаў пераможцам конкурсу Беларускай асацыяцыі журналістаў «Вольнае слова» у катэгорыі «Мастацка-публіцыстычныя жанры/Відэа».
- Праект Свабоды быў сярод намінантаў прэміі Алеся Адамовіча 2025 году.
Форум