У гэтай частцы мы правядзём вас празь першы і другі кругі пекла: затрыманьне, гвалт у кабінэтах ГУБАЗіКу і КДБ, катавальня на Акрэсьціна.
Анастасія Булыбенка, былая палітзьняволеная:
«Спачатку я думала, што, у прынцыпе, жыцьцё бясконцае ў калёніі магло б замяніць пекла, але цяпер я разумею, што жыцьцё на Акрэсьціна, калі пекла ёсьць, то я б назвала гэта пеклам».
Вольга Гарбунова, былая палітзьняволеная, прадстаўніца Аб'яднанага пераходнага кабінэту:
«Першы раз, калі яны прапанавалі запісаць мяне на камэру, гэта было на Рэвалюцыйнай, 3, у ГУБАЗіКу, у дзень затрыманьня. Я адмовілася, яны сьмяяліся, пагражалі... Тое відэа, што выйшла, гэта быў запіс, які зьнялі на Акрэсьціна».
Уладзімер Жыгар, былы супрацоўнік крымінальнага вышуку, прадстаўнік BelPol:
«Яны паспрабуюць правесьці праз „суткі“ і празь нейкія крымінальныя справы большасьць людзей, якія супраць. Гэта мера запалохваньня».
Сьвятлана Алексіевіч, нобэлеўская ляўрэатка ў літаратуры:
«Безумоўна, гэта дакладную назву («Архіпэляг БЕЛАГ». — РС) вы знайшлі. Так сёньня і ёсьць, але тут не такі размах. Мы ж маленькая краіна. Усе адзін аднаго ведаюць. Урэшце, у нас няма ані Магадана, ані Калымы, калі магчыма кудысьці далёка саслаць людзей і ня бачыць іх. Тут яны ўсе будуць нібы на вачах. Але захаваўся дух, захаваліся спосабы катаў, захавалася іхная псыхалёгія, іх разуменьне. І гэта ўсё Сталін, сталінскі час. Мы ніяк ня можам зжыць зь сябе Сталіна, і ўвогуле чалавечая прырода, аказваецца, нетрывалая».
Пра трэці круг пекла, найбольш вядомыя сьледчыя ізалятары «Валадарку» і «Амэрыканку», — у другой частцы падкасту Радыё Свабода «Архіпэляг БЕЛАГ» у аўторак, 9 красавіка.