Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каго вызвалілі ў выніку перамоваў Коўла з Лукашэнкам. Сабралі дэталі

абноўлена
Вызваленыя 16 верасьня 2026 году паітвязьні
Вызваленыя 16 верасьня 2026 году паітвязьні

16 верасьня стала вядома, што ў выніку двухдзённых перамоў спэцыяльнага пасланьніка прэзыдэнта ЗША для Беларусі Джона Коўла з Аляксандрам Лукашэнкам вызвалілі 25 зьняволеных.

Сабралі дэталі пра вызваленых:

Людміла Чэкіна, юрыстка і былая генэральная дырэктарка «Тут Бай Медыа». У 2008 годзе прыйшла юрысконсультам у кампанію «Надзейныя сыстэмы», зь якой быў зьвязаны Tut.by, у 2012-м стала яе генэральнай дырэктаркай, а ў 2017 годзе ўзначаліла «Тут Бай Медыа». Чэкіну затрымалі 18 траўня 2021 году. 17 сакавіка 2023 году яе разам з галоўнай рэдактаркай Tut.by Марынай Золатавай асудзілі на 12 гадоў калёніі агульнага рэжыму. Чэкіну прызналі вінаватай паводле артыкулаў аб ухіленьні ад выплаты падаткаў, «распальваньні сацыяльнай варожасьці» і «закліках да дзеяньняў, накіраваных на нанясеньне шкоды нацыянальнай бясьпецы».

Людміла Чэкіна. Архіўнае фота
Людміла Чэкіна. Архіўнае фота


Павал Белавус, культурніцкі мэнэджэр, заснавальнік і былы дырэктар пляцоўкі «Арт Сядзіба», стваральнік крамы нацыянальнай сымболікі і сувэніраў Symbal.by. Яго затрымалі ў траўні 2023 і асудзілі на 13 гадоў пазбаўленьня волі паводле некалькіх артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Адбываў пакараньне ў ПК № 17, пасьля яго перавялі ў СТ № 4.

Дзьмітры Наважылаў, журналіст і мэдыямэнэджэр, былы дырэктар інфармацыйнай кампаніі БелаПАН. У 1990-я працаваў на Беларускім тэлебачаньні, потым у беларускім карпункце ОРТ, спачатку офіс-мэнэджэрам, а пазьней узначаліў карпункт. На пачатку 2010-х перайшоў у БелаПАН, а пасьля сьмерці заснавальніка агенцтва Алеся Ліпая ў 2018 годзе стаў яго дырэктарам. У студзені 2021 году пакінуў пасаду. Наважылава затрымалі 18 жніўня 2021 году, а 6 кастрычніка 2022-га асудзілі на 6 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму паводле абвінавачаньняў у стварэньні і дзейнасьці «экстрэмісцкага фармаваньня» і нявыплаце падаткаў.

Дзьмітры Наважылаў. Архіўнае фота
Дзьмітры Наважылаў. Архіўнае фота

Андрэй Аляксандраў, журналіст і мэдыямэнэджэр, былы намесьнік дырэктара БелаПАН. У 2009–2012 гадах быў намесьнікам старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў, вучыўся ў Вэстмінстэрскім унівэрсытэце ў Лёндане, працаваў у міжнародных арганізацыях Index on Censorship і Article 19. Аляксандрава затрымалі 12 студзеня 2021 году разам зь Ірынай Злобінай. У кастрычніку 2022 году яго асудзілі на 14 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу, у тым ліку за «здраду дзяржаве» і «стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім».

Ірына Злобіна, да затрыманьня займалася невялікім бізнэсам, зьвязаным з кветкамі і вытворчасьцю сувэніраў, праводзіла заняткі па флярыстыцы. Яе затрымалі разам з Андрэем Аляксандравым 12 студзеня 2021 году. Паводле МУС, у жніўні–лістападзе 2020 году Аляксандраў і Злобіна за сродкі фонду By_Help аплацілі больш за 250 штрафаў удзельнікам пратэстаў; праваабаронцы называлі такую дапамогу законнай дабрачыннай дзейнасьцю. У кастрычніку 2022 году Злобіну асудзілі на 9 гадоў калёніі агульнага рэжыму за «здраду дзяржаве» і «падрыхтоўку грамадзян для ўдзелу ў беспарадках». 1 верасьня 2022 году Злобіна і Аляксандраў узялі шлюб у менскім СІЗА.

Яўген Юшкевіч, былы сьледчы Сьледчага камітэту і ІТ-спэцыяліст. Пасьля звальненьня са СК у 2017 годзе стаў сузаснавальнікам плятформы bychange.me, якая дапамагала былым супрацоўнікам сілавых структураў перакваліфікавацца; Юшкевіч таксама кансультаваў сілавікоў, якія хацелі звольніцца. У 2020 годзе яго ўжо затрымлівалі, а 19 красавіка 2021 году зноў узялі пад варту. 26 сьнежня 2022 году Юшкевічу прысудзілі 11 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму паводле шасьці артыкулаў Крымінальнага кодэксу.

Яўген Бурло. Бубнач рагачоўскага гурту TOR BAND, да затрыманьня працаваў гукарэжысэрам у рагачоўскім Доме культуры. TOR BAND стаў шырока вядомы ў Беларусі ў 2020 годзе дзякуючы песьням, якія гучалі падчас масавых пратэстаў. Бурло затрымалі разам зь іншымі музыкамі гурту 28 кастрычніка 2022 году. 31 кастрычніка 2023 году яго асудзілі на 8 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму і штраф у 100 базавых велічыняў.

Дзьмітры Галавач. Лідэр рагачоўскага гурту TOR BAND, гітарыст, вакаліст і аўтар тэкстаў; да затрыманьня таксама працаваў фатографам і апэратарам. Гурт стаў шырока вядомы падчас пратэстаў 2020 году, у тым ліку дзякуючы песьням «Мы не народец», «Уходи» і «Жыве». Галавача затрымалі разам зь іншымі ўдзельнікамі TOR BAND 28 кастрычніка 2022 году. 31 кастрычніка 2023 году яго асудзілі на 9 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму і штраф у 100 базавых велічыняў.

Андрэй Ярэмчык, удзельнік гурта Tor Band, затрымалі разам з Яўгенам Бурло і Дзьмітрыем Галавачом 28 кастрычніка 2022 году. Асудзілі на 7,5 году калёніі.

Тацяна Кузіна, незалежная экспэртка ў галіне дзяржаўнага кіраваньня, сузаснавальніца Школы маладых мэнэджэраў публічнага адміністраваньня SYMPA. Працавала ў Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце, была выканаўчай дырэктаркай Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў BISS, займалася дасьледаваньнямі ў сфэры дзяржаўнага кіраваньня і працавала над Канцэпцыяй рэформы дзяржаўнага кіраваньня. Кузіну затрымалі ў менскім аэрапорце ў канцы чэрвеня 2021 году перад вылетам у Тбілісі. 17 сакавіка 2023 году яе асудзілі на 10 гадоў калёніі агульнага рэжыму паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу.

Яна Пінчук. Беларуска, якую ўлады абвінавацілі ў датычнасьці да пратэставых Telegram-каналаў з пазнакай «97%». Пінчук затрымалі ў Санкт-Пецярбургу ў лістападзе 2021 году. Камітэт правоў чалавека ААН заклікаў Расею не выдаваць яе Беларусі да разгляду скаргі, аднак у 2022 годзе Расея экстрадавала Пінчук. 6 чэрвеня 2023 году ў Беларусі яе асудзілі на 12 гадоў калёніі паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу, у тым ліку за «стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня», заклікі да дзеяньняў супраць нацыянальнай бясьпекі і «распальваньне сацыяльнай варожасьці».

Алена Лазарчык, актывістка «Эўрапейскай Беларусі», яе затрымалі 30 сьнежня 2021 году. Пазьней асудзілі да 9,5 гадоў калёніі. У Алены ёсьць непаўналетняе дзіця. У калёніі на жанчыну чынілі ціск. Яе ўтрымлівалі ў сумнавядомай ПК № 24.

Алесь Чумакоў, музыка, майстар па вырабе гусьляў. З 2002 году Чумакоў граў і сьпяваў у гурце сярэднявечнай музыкі «Стары Ольса», выкарыстоўваючы гусьлі, жалейкі і іншыя старажытныя інструмэнты. Затрымалі ў пачатку сьнежня 2025 году. Пра ягоны далейшы лёс нічога не было вядома.

Анастасія Лазарэнка, адвакатка, затрымалі ў пачатку чэрвеня 2022 году, праз два дні пасьля 40-годдзя, за «зьліў» зьвестак Telegram-каналам. Спачатку супраць яе распачалі крымінальную справу паводле ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэксу (распальваньне сацыяльнай варожасьці). 11 траўня 2023 года ў Мінгарсудзе асудзілі на 6 гадоў калёніі.

Павал Петручэня, затрымалі зімой 2022 году і абвінавацілі ў перадачы зьвестак у «Чорную кнігу Беларусі», асудзілі на 6 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму. На волі яго чакалі двое непаўналетніх дзяцей.

Сьвятлана Якубовіч, валянтэрка гомельскай «Вясны», затрымалі ў Гомлі і абвінавацілі паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу (садзейнічаньне «экстрэмісцкай» дзейнасьці), 26 лістапада 2025 году асудзілі на пяць гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Кірыла Пазьняк, журналіст, затрымалі разам з дачкой Янінай восеньню 2025 году ў дзень прызнаньня «экстрэмісцкім» фарміраваньнем Youtube-канала «Платформа 375». Кірыл быў адным зь вядоўцаў дэбатаў паміж праўладнымі прапагандыстамі і апанэнтамі рэжыму. Летам 2026 году Кірыла з дачкой абвінавацілі ў стварэньні «экстрэмісцкага» фарміраваньня і «дыскрэдытацыі Беларусі» і асудзілі на 3,5 году калёніі. У няволі Кірыла трапляў у рэанімацыю турэмнага шпіталя з пнэўманіяй і кавідам.

Яніна Пазьняк, разам з бацькам Кірылам Пазьняком яе абвінавацілі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу – арт. 361-1 (стварэньне «экстрэмісцкага» фарміраваньня) і арт. 369-1 («дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь»).

Кірыла Гнязьдзілаў, з 2007 году працаваў у міліцыі, адкуль звольніўся ў жніўні 2020 году і перайшоў працаваць у ІТ-сфэру, 3 жніўня 2023 году яго асудзілі паводле ч. 6 арт. 16 і ч. 1 арт. 130 (садзейнічаньне распальваньню іншай сацыяльнай варожасьці), ч. 1 арт. 179 (незаконныя дзеяньні ў дачыненьні інфармацыі аб прыватным жыцьці) Крымінальнага кодэксу і прызначылі 8 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Вольга Строева, 66-гадовая жыхарка Гомля, займалася ўласным бізнэсам – больш за дваццаць гадоў яна прадавала рыбныя далікатэсы. Сваю справу ёй давялося згарнуць праз наступствы пандэміі каронавірусу, затрымалі ў верасьні 2025 году за камэнтары ў Telegram, асудзілі на 5 гадоў зьняволеньня паводле некалькіх артыкулаў Крымінальнага кодэксу.

Зьміцер Колас, выбітная постаць у сучасным беларускім кнігавыданьні і ўвогуле ў беларускай культуры, стварыў уласнае выдавецтва, якое спэцыялізавалася на перакладах на беларускую мову ўсясьветнай літаратуры – паэзіі, прозы і драматургіі, асаблівую вядомасьць атрымала сэрыя «Паэты плянэты», затрымалі падчас хвалі масавых ператрусаў і затрыманьняў кнігавыдаўцоў 17-18 лютага 2026 году ў Беларусі.

Ільля Верамееў, затрымалі ў лютым 2022 году за паведамленьні ў Telegram-чатах, якія сталі ягонай рэакцыяй на пачатак вайны ва Ўкраіне. На момант затрыманьня яму было 18 гадоў. Хлопца абвінавацілі ў «замаху на арганізацыю масавых беспарадкаў» і «распальваньні варожасьці», асудзілі на 6,5 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму, пазьней КДБ і МУС унесьлі яго ў сьпісы «тэрарыстаў» і «экстрэмістаў». За кратамі Ільля сутыкаўся з жорсткім ціскам адміністрацыі: вясной 2026-га яму ўзмацнілі пакараньне і перавялі на жорсткі турэмны рэжым. Хлопца неаднаразова закідвалі ў ШІЗА – у ізалятары ён сустрэў свой дзень народзінаў.

Дзяніс Сальмановіч, у верасьні 2022 году суд прызнаў яго вінаватым і паводле сукупнасьці абвінавачаньняў прысудзіў пазбаўленьне волі на 10 гадоў ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф у памеры 6 400 рублёў, сілавікі называлі яго «галоўным візуальным рэдактарам» ролікаў «Кібэрпартызан» і «Супраціву».

Сяргей Рабцаў, затрымалі ў «справе Зэльцэра» ўвосень 2021 году за камэнтары пасьля перастрэлкі і гібелі айцішніка Андрэя Зэльцэра і супрацоўніка КДБ. Сілавікі зладзілі на Сяргея пастку: хлопца спэцыяльна выклікалі ў ваенкамат, дзе яго ўжо чакалі, а дома ў ягоную адсутнасьць правялі ператрус. Яго абвінавацілі адразу паводле пяці артыкулах Крымінальнага кодэксу, у тым ліку за «масавыя беспарадкі», «распальваньне варожасьці» і «абразу прэзыдэнта», асудзілі на 6,5 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Больш за год яго ўтрымлівалі ў гарадзенскай турме №1. Пазьней улады традыцыйна ўнесьлі яго ў сьпісы «тэрарыстаў» і «экстрэмістаў». Свой тэрмін палітвязень адбываў у ПК №3.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG