Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да 9 гадоў калёніі. У Гомлі агучылі прысуд музыкам Tor Band


Музыкі гурту Tor Band на лаве падсудных у гомельскім судзе. 31 кастрычніка 2023 году
Музыкі гурту Tor Band на лаве падсудных у гомельскім судзе. 31 кастрычніка 2023 году

Як стала вядома Свабодзе, адзін з абвінавачаных, Яўген Бурло, быў на мыліцах у час прысуду, ён нават ня мог устаць.

Удзельнікі вядомага беларускага гурту Tor Band за кратамі з 28 кастрычніка 2022 году.

14 кастрычніка ў Гомлі над музыкамі пачаўся суд. Праходзіў ён у закрытым рэжыме.

31 кастрычніка абвінавачаным агучылі вырак, паведамляюць праваабаронцы.

  • Дзьмітрыю Галавачу прысудзілі 9 гадоў узмоцненага рэжыму і 100 базавых велічыняў штрафу. Таксама ў даход дзяржавы ў яго канфіскавалі ноўтбук і тэлефон.
  • Яўген Бурло атрымаў 8 гадоў узмоцненага рэжыму і 100 базавых велічыняў штрафу. Таксама ў яго канфіскавалі мабільны тэлефон.
  • Андрэя Ярэмчыка асудзілі на 7,5 года ўзмоцненага рэжыму і 100 базавых велічыняў штрафу. Яго мабільны тэлефон таксама пойдзе ў даход дзяржавы.

Падчас вобшуку ў музыкаў забралі каля 70 адзінак музычнай тэхнікі, інструмэнтаў і абсталяваньня. Пра іх лёс судзьдзя нічога не сказаў. Хутчэй за ўсе, тэхніку вернуць.

У залежнасьці ад ролі кожнага іх абвінавацілі паводле чатырох крымінальных артыкулаў:

  • ч. 3 арт. 130 КК («Распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці»);
  • ч. 1 і ч. 3 арт. 361-1 КК («Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім»);
  • арт. 369-1 КК («Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь»);
  • арт. 368 КК («Абраза прэзыдэнта»).

Як стала вядома Свабодзе, Яўген Бурло ў час зачытваньня прысуду быў на мыліцах, ён нават ня мог устаць.

Паседжаньне суду было адкрытае, на ім былі сваякі музыкаў.

«Яны ўсе плакалі падчас прысуду. Адна са сваячак у час агучваньня прысуду страціла прытомнасьць. Яўген Бурло быў на мыліцах, ён зь цяжкасьцю перасоўваецца. Ён нават не ўставаў падчас абвяшчэньня прысуду — судзьдзя Сяргей Салоўскі яму дазволіў», — расказала Свабодзе крыніца.

Вядома, што Яўгену Бурло патрэбна апэрацыя па замене тазабедранага сустава. Яму абяцалі яе правесьці.

«Стан здароўя ў яго вельмі кепскі», — дадала крыніца.

Як нагадваў праваабарончы цэнтар «Вясна», музыкаў вядомага беларускага гурту Tor Band Яўгена Бурло, Дзьмітрыя Галавача і Андрэя Ярэмчыка затрымалі 28 кастрычніка 2022 году разам з жонкамі і спачатку абвінавацілі паводле артыкула 19.11 КаАП («Распаўсюджваньне экстрэмісцкіх матэрыялаў»). Пасьля адбыцьця арыштаў і выплаты штрафу блізкія музыкаў выйшлі на волю. Удзельнікі гурту Дзьмітры Галавач, Яўген Бурло і Андрэй Ярэмчык адбылі арышт тройчы па 15 дзён запар, пасьля чаго ім выставілі крымінальнае абвінавачаньне і перавялі ў СІЗА.

Tor Band займеў папулярнасьць у Беларусі на хвалі пратэстаў 2020 году. Многія песьні музыкаў былі гітамі зь мільёнам праглядаў. Вядомасьць набылі творы «Жыве», «Уходи», «Кто, если не ты?», «Мы не народец». У 2021–2022 гадах музыкі таксама выпусьцілі творы «Dead Мороз», «Мы станем сильней!», «Родная зямля», «Я нарадзіўся тут».

Інфармацыйную прадукцыю, сацыяльныя сеткі і лягатып гурту Tor Band задняй датай назвалі «экстрэмісцкімі матэрыяламі», у студзені 2023 году гурт прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем». У сьпіс «удзельнікаў экстрэмісцкага фармаваньня» ўнесьлі ня толькі музыкаў, але і жонку саліста Юлію Галавач, хоць яна ў гурце ня грала.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Падсумаваньне тыдня на Свабодзе – у адным суботнім лісьце! Усе эксклюзіўныя і важныя публікацыі за тыдзень – у нашай эмэйл-рассылцы: так вы ніколі не прапусьціце самае цікавае!

Дык падпісвайцеся!

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG