Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стваральнік «Арт Сядзібы» і Symbal.by Павал Белавус вызвалены пасьля 5 год за кратамі

Павал Белавус, архіўнае фота
Павал Белавус, архіўнае фота

На фотаздымку, які апублікаваў пасьланьнік прэзыдэнта ЗША Джон Коўл, відаць, што сярод вызваленых 16 верасьня палітвязьняў ёсьць Павал Белавус, стваральнік «Арт Сядзібы» і крамы Symbal.by.

Паўла Белавуса затрымалі ў лістападзе 2021 году і ў траўні 2023-га асудзілі на 13 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Сярод іншага яго пакаралі нібыта за здраду дзяржаве.

У чэрвені 2023 года КДБ унёс яго ў «сьпіс тэрарыстаў».

На волі палітвязьня чакалі жонка і двое дзяцей.

Хто такі Павал Белавус

Павал нарадзіўся ў Лідзе, вучыўся на геаграфічным факультэце ў Берасьцейскім дзяржаўным унівэрсытэце.

У 2011 годзе Павал Белавус разам зь сябрамі стварылі інфармацыйна-асьветніцкую арганізацыю «Арт Сядзіба». Праз канцэрты, лекцыі і забаўляльныя імпрэзы, якія рабіла «Арт Сядзіба», да беларушчыны масава далучалася моладзь па ўсёй краіне.

Пазьней Павал стварыў краму Symbal.by, якая папулярызавала рэчы і зьявы, зьвязаныя зь беларускай мовай, культурай і гісторыяй. Вясной і летам 2020-га крама шыла вялікія партыі засьцерагальных масак і перадавала іх мэдыкам па ўсёй краіне. На пачатку сакавіка 2021-га краму празь ціск уладаў закрылі.

У 2020 годзе Павал стварыў грамадзкую кампанію «Годна», якая прасоўвала сучасную нацыянальную ідэю Беларусі. У ёй каманды маладых людзей стваралі культурныя і гістарычныя праекты.

Ягоная крама Symbal.by працавала з 2014 году і стала адной з найбольш вядомых у справе папулярызацыі беларускай мовы і культуры. У 2020 годзе крама шыла і перадавала мэдыкам засьцерагальныя маскі, а ў 2021-м вымушана была зачыніцца пад ціскам уладаў.

Павал мае жонку Кацярыну і дваіх малых дзетак: Соф’ю і Мірона.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG