Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КДБ супраць культуры. Як у Беларусі перасьледуюць за беларускасьць

Мэнэджар Павал Белавус падчас суда. Архіўнае фота
Мэнэджар Павал Белавус падчас суда. Архіўнае фота

За кратамі і на «хатняй хіміі» ў Беларусі зараз знаходзяцца больш за 120 дзеячоў культуры. Далёка ня ўсе яны гатовыя агучваць падрабязнасьці таго, з чым сутыкнуліся.

18 траўня Сьледчы камітэт Беларусі завёў крымінальную справу на лідэра гурту «Ляпис Трубецкой» Сяргея Міхалка. Яго абвінавачваюць у «распальваньні варожасьці» і «зьнявазе Аляксандра Лукашэнкі». За гэта сьпеваку пагражае да 5 гадоў пазбаўленьня волі. Міхалок даўно не жыве ў Беларусі і крымінальную справу ў дачыненьні да сябе пакуль не камэнтаваў. Ён далёка ня першы музыка і дзяяч культуры, якога пачалі перасьледаваць паводле палітычнай прыкметы ўлады Беларусі. Расказваем пра тых, каго ўлады змаглі за гэта пасадзіць за краты.

Дзеячы культуры

Паводле Беларускай рады культуры, да дзеячоў культуры адносяцца як тыя, хто беспасярэдне стварае культурныя прадукты (у мастацтве, гуманітарнай думцы, крытыцы, перакладзе, дасьледаваньні, архіваваньні, культурнай памяці), так і арганізатары, куратары, мэнэджары культурніцкай дзейнасьці, тыя, хто яе падтрымлівае, фінансуе, распаўсюджвае і абараняе. Дзеячом культуры можа быць як прафэсіянал, так і аматар. Як чалавек, для якога культура — асноўная сфэра дзейнасьці, так і той, хто працуе пэрыядычна, у межах супольнасьці, ініцыятывы або валянтэрства. Паводле праваабаронцаў, зараз за кратамі з палітычных прычынаў застаюцца больш за 120 чалавек, якія тым ці іншым чынам займаліся культурніцкай дзейнасьцю.

Павал Белавус. Архіўнае фота
Павал Белавус. Архіўнае фота

Арганізатар культурніцкіх праектаў і кіраўнік Symbal.by Павал Белавус асуджаны на 13 гадоў пазбаўленьня волі.

Музыкі гурта Tor Band падчас агучаньня прысуду. 31 кастрычніка 2023 году
Музыкі гурта Tor Band падчас агучаньня прысуду. 31 кастрычніка 2023 году

Музыкі рок-гурту Tor Band Дзьмітры Галавач, Яўген Бурло, Андрэй Ярэмчык асуджаныя на тэрміны ад 7 з паловай да 10 гадоў калёніі.

Аляксей Санчук
Аляксей Санчук

Бубнач Аляксей Санчук атрымаў 6 гадоў калёніі.

Саліст гурту «Закон Гука» Аляксей Кузьмін асуджаны на 7 гадоў пазбаўленьня волі.

Арышты працягваюцца і праз 5 гадоў пасьля завяршэньня пратэстаў. Лідэр гурту «Палац», радыёвядоўца, выкладчык, кампазытар, прадусар Алег Хаменка сёлета ў пачатку сакавіка быў асуджаны на 3 гады пазбаўленьня волі і штраф больш за 20 тысяч рублёў.

Алег Хаменка
Алег Хаменка

У чаканьні разгляду апэляцыі Алег Хаменка дагэтуль знаходзіцца ў СІЗА № 1 у Калядзічах.

Свабодзе вядомыя прозьвішчы яшчэ як мінімум некалькіх дзеячоў культуры, якіх арыштавалі з палітычных прычын у апошнія месяцы. На просьбу іхных сваякоў мы не публікуем інфармацыю аб гэтых выпадках.

«Экстрэмісцкі» фэйсбук нябожчыка

Культурніцкія і адукацыйныя беларускія ініцыятывы, якія працуюць у замежжы, таксама сталі прызнаваць «экстрэмісцкімі». 6 траўня КДБ унёс у сьпіс «экстрэмісцкіх фармаваньняў» брэнд адзеньня Znivien, онлайн-краму The Krama Store, дзе прадавалі кнігі беларускіх аўтараў, онлайн-школу замежных моваў LVS Language School.

4 траўня суд Глускага раёну Магілёўскай вобласьці прызнаў «экстрэмісцкай» Facebook-старонку мастака-палітвязьня Алеся Пушкіна, які загінуў у горадзенскай турме 11 ліпеня 2023 году. Старонку нябожчыка Ales Pushkin ужо ўключылі ў «рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Алесь Пушкін памёр падчас зьняволеньня ў гарадзенскай турме
Алесь Пушкін памёр падчас зьняволеньня ў гарадзенскай турме

Старшыня Беларускага ПЭНу Тацяна Нядбай у размове з Свабодай кажа, што складваецца ўражаньне, быццам да дзеячоў культуры дайшла чарга пасьля «зачысткі» іншых сфераў.

«Зь іншага боку, у культуры адбываецца барацьба ідэяў, сьветапоглядаў, наратываў, што добра разумеюць ідэалягічныя аддзелы. І таму намагаюцца вычысьціць з культуры тое, што, на іхны погляд, не адпавядае афіцыйнай ідэалёгіі. Вядома таксама, што ўнутры Беларусі ў людзей шукаюць кантакты з замежжам і сьляды замежнага фінансаваньня. Па-ранейшаму мы не пра ўсё можам публічна гаварыць, ня можам называць усе імёны. Дзяржава і рэпрэсіўны апарат намагаюцца пасунуць рэпрэсіі ў сфэру ценю, у прастору нябачнага, зрабіць выгляд, што іх няма, што ўсё заціхла. Наша ж задача — даваць замежным актарам рэалістычную карціну таго, што адбываецца ў Беларусі», — кажа Тацяна Нядбай.

45-гадовага музыку Алеся Чумакова і 40-гадовага мастака Алега Ларычава абвесьцілі сябрамі «экстрэмісцкага фармаваньня» — ініцыятывы «Да зораў» у сьнежні 2025 году. Рашэньне прымаў КДБ, запіс у адпаведны пералік МУС унесьлі 22 сьнежня. Сьцьвярджаюць, што да «фармаваньня» мае дачыненьне і 20-гадовы Сямён Малашэнкаў.

Майстар-гусляр

Паводле адукацыі Чумакоў — інжынэр аўтаматычнага кіраваньня і перакладнік з замежных моў, скончыў Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт інфарматыкі і радыёэлектронікі. У 2002 годзе стаў удзельнікам гурту сярэднявечнай музыкі «Стары Ольса», дзе сьпяваў, граў на гусьлях, жалейках ды іншых старадаўніх інструмэнтах. У 2005 годзе стварыў гурт «Келіх кола», граў на дудзе і гусьлях беларускія народныя танцы. Пэрыядычна выступаў сольна з праграмай народных танцаў пад дуду і гусьлі.

Алесь Чумакоў
Алесь Чумакоў

У 2006 годзе Чумакоў пачаў перакладаць ірляндзкія гераічныя паэтычныя творы на беларускую мову і сьпяваць іх у гурце Ceilidh Ceol. У лютым 2020 года сьпеў вакаліста выкарысталі ў беларускім агучваньні сэрыялу «Вядзьмак» на Netflix. Чумакоў сьпявае там песню-мэм Toss A Coin To Your Witcher — у перакладзе Сержука Сокалава-Воюша «Кінь дукат ведзьмару».

Калега і сябар музыкі Алеся Чумакова, які папрасіў не называць яго імя дзеля бясьпекі, у размове з Свабодай кажа, што толькі з сайту МУС і пераліку арганізацыяў, прызнанымі «экстрэмісцкімі», даведаўся, што Алесь зьвязаны з ініцыятывай «Да зораў».

«Мы цесна камунікавалі, але я ніколі ня чуў пра гэты праект. У Алеся было досыць іншых цікавых заняткаў, зьвязаных з музычнымі інструмэнтамі, наўпрост музыкай, перакладамі. Я пачаў гугліць, што гэта за праект — „Да зораў“. Знайшоў адно вызначэньне: „Беларускі праект, які займаўся папулярызацыяй беларускай культуры, арганізацыяй лекцыяў, выступаў і культурніцкіх імпрэзаў“. Адкрыў іх інстаграм. Там спрэс абвесткі пра культурныя падзеі, кшталту анонсу „сольнага выступу легенды фолку Івана Кірчука“ ў кінатэатры „Піянэр“, расклад імпрэзаў на „Ноч музэяў“, анонс выставы пра нэаліт у Інстытуце гісторыі Акадэміі навук, анонс археалягічнай экспэдыцыі ў Асавец і пошук валянтэраў тым жа Інстытутам гісторыі, вясновы фэст майстроў керамікі… Прычым „Да зораў“ рэклямавала і мерапрыемствы дзяржаўных установаў. Прабачце, я афігеў: Міністэрству ўнутраных справаў больш займацца няма чым, вывучаючы чыста культурніцкія ініцыятывы?» — задае рытарычнае пытаньне сябар Алеся Чумакова.

Выбітны мянчук зь бігборду

Праваабаронцы лічаць, што мастака і арт-мэнэджара Алега Ларычава таксама затрымалі ў крымінальнай справе, імавверна, зьвязанай з арыштамі іншых людзей, нібыта датычных да «экстрэмісцкага фармаваньня» «Да зораў».

Алег Ларычаў — стрыт-арт-мастак, арт-мэнэджар. Ён арганізатар фэстываляў Urban Myths, на якія ў сярэдзіне 2010-х у Беларусь прыязджалі вулічныя мастакі з усяго сьвету. Яны ня ведалі, дзе менавіта будуць працаваць, і не рабілі эскізаў. Праект ствараўся, каб творцы з розных краін маглі выявіць у муралах свае адчуваньні ад прыезду ў Беларусь. На сценах дамоў сталіцы зьявіліся шматлікія прафэсійныя графіці.

На некаторыя муралы, да прыкладу, «Чалавек без імя» мастака з Грэцыі INO на вуліцы Варанянскага, скардзіліся мясцовыя жыхары і праўладныя актывісты. Малюнак зафарбавалі, але ён пасьпеў трапіць у дзясятку найлепшых графіці сьвету за кастрычнік 2015 году.

У 2016 годзе ўлады паставілі на вуліцах сэрыю бігбордаў пра жыхароў Менску, якія зрабілі штосьці важнае для сталіцы. Каля партрэту Алега Ларычава было напісана: «Гэта я арганізоўваю фэстывалі выяўленчага мастацтва ў Менску».

Алега Ларычава ня раз затрымлівалі, у тым ліку і за арт-актывізм. Мастака падазравалі ў пратэставых арт-акцыях. У прыватнасьці, у стварэньні графіці з крытыкай чыноўнікаў і сілавікоў, за дамаляваны мурал «Менск — Масква», які сымбалізаваў сяброўства сталіц Беларусі і Расеі. Тады ў букеце «беларускага хлопчыка» і ў вянку «расейскай дзяўчынкі» зьявіўся калючы дрот.

У 2017 годзе Ларычава моцна пабілі невядомыя, перадапошнім разам яго затрымлівалі ў 2022 годзе. 27 лістапада 2025 году яго арыштавалі ў адміністрацыйнай справе, якую празь месяц перакваліфікавалі ў крымінальную.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG