Сустрэча з Алегам Латышонкам адбылася ў Беластоку ў межах курсаў беларускай мовы «Мова нанова». Вядомага гісторыка, які выкладае ў беластоцкім унівэрсытэце, запрасілі на заняткі ўпершыню за пяць сэзонаў курсаў, заўважылі вядоўцы.
Невялікая заля пляцоўкі «Суседзкі дом» не зьмяшчала ўсіх ахвочых. Некаторыя стаялі ў праходзе і нават слухалі выступоўцу з калідору.
«Можна сказаць — аншляг. Звычайна на заняткі прыходзяць 10-15 чалавек», — падзялілася з Свабодай вядоўца курсаў Вікця.
На сустрэчу з Латышонкам прыйшлі каля трыццаці беларусаў і прынамсі адзін украінец.
«Алег Латышонак — прадстаўнік кантравэрсійных (неадназначных. — РС) тэорыяў гісторыі Беларусі. Ці чакаеце вы сёньня дыскусіі?» — пытаўся ўдзельнікаў журналіст польскай тэлевізіі.
Першыя паўгадзіны гісторык разам з усімі слухаў тлумачэньні правапісу -і-, -й-, -ы- пасьля прыставак і нават удзельнічаў у граматычных практыкаваньнях. Урэшце нехта папрасіў прачыніць вакно, бо ў залі стала душна. Яго тут жа спрабавалі паправіць: «прыадчыніць?».
Калі ж надышоў час госьця, яшчэ адзін вядоўца курсаў журналіст Ігар Палынскі зьвярнуў увагу, што кнігу «Гісторыя Беларусі ад сярэдзіны XVIII стагодзьдзя і да нашага часу», напісаную Алегам Латышонкам і Яўгенам Мірановічам, будуць прэзэнтаваць упершыню, хоць выдалі яе чатыры гады таму.
На стале ляжалі рэшткі накладу — з тузін асобнікаў, якія можна было купіць і ўзяць у аўтара аўтограф у канцы сустрэчы.
Палынскі таксама зьвярнуў увагу на такую дэталь: кнігу з гісторыі Беларусі выдалі ў Смаленску ў 2022 годзе. Пры гэтым у ёй няма ні слова па-расейску нават у выходных зьвестках.
«Так што я зараз скажу страшна крамольную рэч і насамрэч я так не лічу, але ў выглядзе мэму пасуе: Смаленск наш», — падсумаваў Ігар Палынскі, чым выклікаў сьмех у залі.
«Я згодны», — адгукнуўся Алег Латышонак.
Аднак ён дадаў: апошнія дасьледаваньні польскага дыялектоляга Міраслава Янковяка паказваюць, што беларускай мовы на Смаленшчыне больш няма.
Тут з залі адгукнуўся яшчэ адзін гісторык і пісьменьнік: «БССР абвесьцілі ў Смаленску. І там захаваўся будынак насупраць помніка Глінку, дзе вісіць шыльда: „Тут была абвешчаная БССР“. А калі я быў у Смаленску ў 2018 годзе, нехта іншы напісаў: „Жыве Беларусь!“ … Праз два тыдні (пасьля абвяшчэньня БССР. — РС) яны забралі Смаленшчыну, Віцебшчыну, Магілёўшчыну. Потым было два ўзбуйненьні БССР, хоць ня ўсё зь Віцебскай і Магілёўскай губэрняў вярнулі. Рыхтавалася трэцяе ўзбуйненьне, але не адбылося. Гэта засакрэчаная тэма».
Выдалі кнігу аб гісторыі Беларусі ў выдавецтве «Інбелкульт». Прадстаўнік выдавецтва пазьней адзначыў, што яе падпісалі ў друк у канцы 2021 году і выдалі да поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну. Яна стала апошняй у выдавецтве, якое неўзабаве закрылі расейскія службы.
«Калі я пачаў вучыцца на гісторыка, бацька сказаў: „Сынку, ты напішаш сапраўдную гісторыю Беларусі“. Цяпер я разумею, што сапраўднай гісторыі Беларусі не існуе. Я магу напісаць сваю гісторыю Беларусі. Мы ж ня ведаем тых людзей. Мы толькі дадумваем, як яны думалі, чым кіраваліся, процьма фактаў невядомая», — зазначыў Латышонак.
Алег Латышонак пісаў кнігу пра гісторыю Беларусі, зь ягоных словаў, на замову Яўгена Вапы, беларускага дзеяча ў Польшчы, раднага Беларускай Народнай Рэспублікі. На Беласточчыне плянавалі, што дзеці будуць вучыць гісторыю Беларусі факультатыўна. Вапа напісаў для гэтага прадмету праграму. Алег Латышонак кажа, што здолеў апісаць пэрыяд зь сярэдзіны XVIII стагодзьдзя да канца XIX, рэшту дапоўніў калега Яўген Мірановіч.
Латышонак дадаў, што на Падляшшы ўсё ідзе хвалямі. І падручнік яму замовілі якраз у пэрыяд, калі думалі вывучаць у школах гісторыю Беларусі. Але «нічога з гэтых курсаў і праграмаў не атрымалася». У школах ня толькі не пачалі вывучаць гісторыю Беларусі, але і беларускую мову з асноўнага прадмету зрабілі факультатыўным.
Кнігу ў выніку напісалі як падручнік, але без канкрэтнага адрасата. Алег Латышонак удакладняе, што кніга найбольш пасаваў для студэнтаў — будучых настаўнікаў. Падручнік дапаўнялі і перавыдавалі тройчы. Выдаць сваю гісторыю Беларусі мець было неабходна, бо ў Польшчы такіх падручнікаў не было, акрамя выданьня з камуністычных часоў. Калі б скапіяваць і надрукаваць у Польшчы падручнікі зь Беларусі, быў бы скандал, патлумачыў выдавец «Гісторыі Беларусі».
«Беларусы — новая нацыя»
Латышонак мяркуе, што ягоны падыход адрозьніваецца ад падыходу гісторыкаў у Беларусі.
«Я прысьвяціў месяцы толькі таму, каб чытаць, як выглядала школьніцтва ў часы філяматаў, філярэтаў, калі лічылася, што беларушчына была. Але для мяне стала страшна, калі я зразумеў, што вучылі практычна выключна рыма-католікаў, а ўніятаў толькі тры памешчыкі вучылі», — кажа ён.
Навуковец таксама нагадаў, што міжваенныя польскія ўлады арыштавалі больш за чатыры тысячы беларусаў з прыкладна двух мільёнаў у Заходняй Беларусі пасьля разгрому Беларускай сялянска-работніцкай грамады. Яна выступала за правы сялян, беларускую мову і культуру, палітычныя правы беларусаў. Польскія ўлады падазравалі арганізацыю ў сувязях з камуністамі. Сярод арыштаваных быў і Браніслаў Тарашкевіч.
Для параўнаньня — генэрал польскага войска Войцех Ярузэльскі, які ўвёў ваеннае становішча ў Польшчы ў 1981 годзе, пасадзіў за краты 10 тысяч удзельнікаў руху «Салідарнасьць», а насельніцтва Польшчы складала 38 мільёнаў.
Алег Латышонак у сваёй прамове настойваў, што беларусы — новая нацыя, якая ўтварылася толькі ў ХІХ стагодзьдзі. У сваіх дасьледаваньнях ён знайшоў аднаго чалавека, які называў сябе беларусам у XVI стагодзьдзі (кальвініст Рысінскі) і аднаго — у XVII стагодзьдзі (уніяцкі мітрапаліт Кіпрыян Жахоўскі). Латышонак тлумачыў, як з розных этнасаў Вялікага княства Літоўскага ўрэшце выкрышталізаваліся беларусы.
«Мы (беларусы. — РС) — літвіны бязь Вільні і русіны бяз Кіева, таму і знойдзены быў Полацак. Раней Полацак не існаваў. Для гісторыкаў XVI–XVII стагодзьдзяў Кіеў — то была сталіца, Вільня — была сталіца, але ня Полацак. Гісторыя Беларусі ад Полацку была сканструяваная ў ХІХ стагодзьдзі, і слушна, бо не было іншай магчымасьці пачаць беларускую нацыю», — разважаў гісторык.
На думку Алега Латышонка, беларусы ня маюць права забіраць у літоўцаў Вялікае Княства Літоўскае і казаць, што яно беларускае, «бо гэта няпраўда». Але і літоўцы таксама ня могуць забіраць у беларусаў ВКЛ, кажучы, што яно было літоўскім.
«Я лічу, што фактычна літоўцы яго стварылі, балты», — падсумаваў Алег Латышонак.
Паводле яго, беларусам варта шанаваць тых, хто ствараў беларускую нацыю і за яе змагаўся: «не Гедзімінаў і ня Вітаўтаў, а Луцкевічаў, тых, якіх шануем — нашых вялікіх паэтаў, пісьменьнікаў».
Сустрэча ўсё больш нагадвала лекцыю з гісторыі, якую зрэдку перарывалі пытаньні або камэнтары з залі. Некаторыя слухачы на апошніх шэрагах задрамалі. Паводле Алега Латышонка, паходжаньне назвы «Беларусь» незразумелае. Сам ён у апошні раз быў у Беларусі ў 2018 або ў 2019 годзе — на Полаччыне (зь Віцебшчыны паходзіць бацька спадара Алега). Кнігі ў канцы раскупілі ня ўсе. Пару асобнікаў засталося.
Алег Латышонак — 68-гадовы польскі і беларускі гісторык, які нарадзіўся ў Польшчы і мае беларускія карані, былы палітвязень часоў сацыялістычнай Польшчы, грамадзкі дзяяч беларускай меншасьці на Падляшшы, старшыня Беларускага гістарычнага таварыства ў Польшчы.
Форум