Увечары 2 красавіка ў Палацы рэспублікі ў Менску чакаецца канцэрт «Моц зямлі — сувязь народу», у якім бяруць удзел расейскія і беларускія выканаўцы. У расейскай Маскве на сцэне Вялікага тэатру Расеі заплянаваны канцэрт «Дзьве душы — адзін лёс».
У Беларусі 2 красавіка свае віншаваньні з гадавінай інтэграцыі Беларусі і Расеі праз Telegram-каналы дзяржаўных органаў і рэгіянальных выданьняў публікавалі дэпутаты, кіраўнікі абласных і раённых уладаў, а таксама міністэрстваў і ведамстваў.
Актыўна адзначаюць гэтую дату ў школах Беларусі.
Вынікам 30-гадовай беларуска-расейскай інтэграцыі стала рэальная пагроза сувэрэнітэту Беларусі, адначае аглядальнік Свабоды Валер Карбалевіч. Паводле яго, ня толькі палітычны рэжым, але і створаная Аляксандрам Лукашэнкам «беларуская сацыяльная мадэль» могуць выжыць толькі пры ўмове падтрымкі з боку Расеі.
Моладзевы флэш-моб і дзіцячы канцэрт у какошніках
У Клімавічах Магілёўскай вобласьці, як паведаміла раённае выданьне «Родная ніва», правялі моладзевы флэш-моб. Маладыя людзі трымалі ў руках рознакаляровыя паветраныя кулькі. Тыя, хто прадстаўляў Расею — чырвоныя, сінія і белыя, а тыя, хто прадстаўляў Беларусь — чырвоныя і зялёныя. Дзеці былі апранутыя ў бела-чорнае адзеньне. Гучала песьня «Дзьве сястры — Беларусь і Расея», у якой Беларусь і Расею апісваюць як дзьвюх сясьцёр, якія розныя, але вельмі падобныя, і на дзьвюх маюць адзін лёс і адзін шлях.
Брагінскае раённае выданьне BraginInfo паказала, як сьвяткавалі калектыў і выхаванцы Дашкольнага цэнтру разьвіцьця дзіцяці ў раённым цэнтры. Дзяцей апранулі ў строі Расеі з какошнікамі, а на далонях намалявалі расейскі і беларускі сьцяг. У беларускіх строях былі толькі адна дзяўчынка і адзін хлопчык. Маленькія дзеці ледзьве згадвалі тэксты, якія яны мусілі вымавіць.
Адзіны ўрок
Напярэдадні Міністэрства адукацыі Беларусі паведаміла, што 2 красавіка ў 1-11 клясах павінны правесьці адзіны ўрок, прымеркаваны «яднаньню народаў Беларусі і Расеі».
«У фокусе ўвагі — гісторыя стварэньня саюзнай дзяржавы, духоўныя каштоўнасьці, якія аб’ядноўваюць нашы народы, моладзевыя праекты ў межах саюзнай дзяржавы», — адзначаецца ў паведамленьні ведамства.
Міністэрства адукацыі рэкамэндавала выкарыстоўваць мэтадычныя і інфармацыйныя матэрыялы, разьмешчаныя на Нацыянальным адукацыйным партале. Матэрыялы там састарэлыя, іх рыхтавалі, калі сьвяткавалі ў канцы 2024 году 25-годзьдзе стварэньня так званай саюзнай дзяржавы.
Галоўную мэта гэтых урокаў ведамства бачыць у тым, каб патлумачыць, што 2 красавіка «знакавая для беларусаў і расейцаў дата, якая стала сымбалем сапраўднага братэрства, замацаванага супольнай гістарычнай мінуўшчынай, і агульным культурным і духоўным сьветам».
У іншых матэрыялах адзначаецца, што, дзякуючы такім урокам, школьнікі павінны ўсьвядоміць «каштоўнасьць сяброўства паміж народамі Беларусі і Расеі».
Апроч таго, у Міністэрстве адукацыі прапанавалі падрыхтаваць бліц-апытаньне аб гістарычных датах і культурным багацьці дзьвюх краін.
Форум