Ціханоўская: гэта павольнае зьнішчэньне беларускай ідэнтычнасьці і незалежнасьці
«Праўда ў тым, што гэтае „яднаньне“ — толькі шыльда, за якой усё заўсёды выглядае наступным чынам: павольнае зьнішчэньне нашай ідэнтычнасьці і незалежнасьці», — адзначыла Сьвятлана Ціханоўская.
Яна зьвярнула ўвагу на тое, што ў Крамлі паўтараюць: «мы адзін народ».
«Але ж чамусьці менавіта расейскі. Для іх беларуская мова проста дыялект расейскай. Нашая самабытная культура — вясковы калярыт, сапраўдная гісторыя — толькі невялічкі дадатак да іх перапісанай і ўсеагульнай „вялікай расейскай“. Гэты саюз ніколі не разглядаўся Расеяй як роўны, бо рабіўся дзеля павольнага зьнішчэньня нашай ідэнтычнасьці і незалежнасьці. Каб потым проста растварыць Беларусь у „рускім міры“, аб якім так мараць», — адзначыла яна.
Ціханоўская падкрэсьліла, што беларуская гісторыя — не расейская.
«Яна эўрапейская: Статут ВКЛ, гарады з магдэбурскім правам, Скарына, нашыя школы, літаратура, традыцыя самакіраваньня. Нічога агульнага з тым, каб быць проста «малодшым братам», — нагадала яна.
«Тое, што сёньня Расея паўсюль у Беларусі, — не сяброўства, а цана, якую Аляксандар Лукашэнка 30 гадоў плаціць з кішэні беларусаў, каб яму дапамагалі ўтрымліваць уладу. За гэта беларусы плацяць сваёй бясьпекай, сувэрэнітэтам, будучыняй. Беларусам не патрэбна такое яднаньне. Нам патрэбная Беларусь, якая сама вырашае, куды ісьці, з кім сябраваць і як жыць. Беларусь, дзе паважаюць нашую мову, наш выбар і нашую годнасьць. Мы — годны народ Беларусі і ніколі не будзем малодшымі братамі. Бо мы ведаем, хто мы ёсьць», — заявіла Сьвятлана Ціханоўская.
Лукашэнка: саюзная дзяржава — гэта мір, згода, прагрэс, дабрабыт і сацыяльная справядлівасьць
У сваім віншаваньні Аляксандар Лукашэнка адзначыў, што пры падпісаньні 2 красавіка 1996 году дамовы аб інтэграцыі ён абапіраўся на «гістарычна ўкладзеную агульнасьць лёсаў беларусаў і расейцаў», а таксама на «волю абодвух народаў да збліжэньня».
Аднак перад падпісаньнем таго дакумэнту не вывучалі грамадзкую думку на гэтую тэму, больш за тое — у дзень падпісаньня ў Беларусі адбыліся вялікія акцыі пратэсту супраць інтэграцыі з Расеяй.
Паводле Лукашэнкі, «братнія народы Беларусі і Расеі шануюць пранесеныя скрозь стагодзьдзі традыцыі даверу, па праве ганарацца агульнай гісторыяй, сьвята шануюць памяць продкаў і беражліва захоўваюць духоўна-маральныя каштоўнасьці».
«Важкія супольныя дасягненьні дапамагаюць мільёнам беларусаў і расейцаў годна жыць, працаваць, гадаваць дзяцей і з упэўненасьцю глядзець у заўтрашні дзень», — перакананы Лукашэнка.
Ён згадаў таксама ўзаемавыгадную эканамічную супрацу, а таксама скансалідаваную пазыцыю Менску і Масквы на міжнароднай арэне.
«Ідучы шляхам цеснай інтэграцыі, мы можам адказваць на выклікі сучаснасьці, павялічваць узровень жыцьця і дабрабыту, супольна выхоўваць годную зьмену, якая працягне эстафэту пакаленьняў», — мяркуе Лукашэнка.
Пуцін павіншаваў Лукашэнку
Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін павіншаваў Аляксандра Лукашэнку з днём «яднаньня народаў Расеі і Беларусі».
Паводле яго, грамадзяне Беларусі і Расеі «карыстаюцца роўнымі правамі і магчымасьцямі на ўсёй тэрыторыі саюзнай дзяржавы».
«Масква і Менск узгадняюць ключавыя парамэтры макраэканамічнай, грашова-крэдытнай і сацыяльнай палітыкі, каардынуюць намаганьні ў сфэрах міжнароднай дзейнасьці, абароны і бясьпекі», — заявіў Пуцін.
Форум