Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская дыпляматка ў Жэнэве апраўдвала імавернае разьмяшчэньне расейскай ядзернай зброі ў Беларусі

Амбасадарка, сталая прадстаўніца Беларусі пры Адзьдзяленьні ААН і іншых арганізацыях у Жэневе Ларыса Бельская. Скрыншот з трансьляцыі
Амбасадарка, сталая прадстаўніца Беларусі пры Адзьдзяленьні ААН і іншых арганізацыях у Жэневе Ларыса Бельская. Скрыншот з трансьляцыі

На Канфэрэнцыі ААН па раззбраеньні прадстаўніца МЗС Беларусі Ларыса Бельская патлумачыла абвешчанае раней разьмяшчэньне тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі «крызісам бясьпекі» і «напружанасьцю».

Паводле словаў Ларысы Бельскай, Беларусь «вымушаная прымаць дадатковыя захады па забесьпячэньні нацыянальнай бясьпекі, уключаючы разьмяшчэньне расейскай тактычнай ядзернай зброі». Гэтак Бельская заявіла на сэсіі Канфэрэнцыі ААН па раззбраеньні, якая праходзіць гэтымі днямі ў Жэнэве (Швайцарыя), паведамляе Позірк.

Беларускія ўлады такім чынам заяўляюць, што на гэта «краіну вымусілі пайсьці «крызіс нарматыўных і інстытуцыйных асноў архітэктуры эўрапейскай бясьпекі», а таксама «эскаляцыя ваенна-палітычнай напружанасьці ў рэгіёне».

«Паслабленьне стратэгічнай прадказальнасьці становіцца важным фактарам новай ядзернай гонкі ўзбраеньняў, — цытуе Бельскую прэс-служба МЗС. — Упершыню з пачатку 1970-х гадоў паміж дзьвюма найбуйнейшымі ядзернымі дзяржавамі не засталося юрыдычна абавязваючых абмежаваньняў на стратэгічныя наступальныя ўзбраеньні».

Бельская заявіла, што сёньня «ні ў кога няма чароўнага рэцэпту, як перадухіліць гонку ядзерных узбраеньняў і трывала стаць на шлях ядзернага раззбраеньня», аднак, на яе думку «ўсе разумеюць неабходнасьць сумесных намаганьняў на гэтым напрамку».

Прадстаўніца афіцыйнага Менска не згадала, што «крызіс эўрапейскай бясьпекі» і «напружанасьць» у рэгіёне ўзьніклі пасьля таго, як Расея ў лютым 2022 года разьвязала поўнамаштабную вайну супраць Украіны, выкарыстаўшы пры гэтым у тым ліку беларускую тэрыторыю і падтрымку.

Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін 6 сьнежня 2024 года ў Менску падпісалі дамову аб гарантыях бясьпекі. Прэзыдэнт Расеі тады заявіў, што дакумэнт «вызначае ўзаемныя саюзьніцкія абавязацельствы па забесьпячэньні абароны сувэрэнітэту, незалежнасьці і канстытуцыйнага ладу» дзьвюх краін. Паводле яго слоў, таксама размова ідзе аб «цэласнасьці і недатыкальнасьці тэрыторыі і зьнешняй граніцы Саюзнай дзяржавы, прычым з задзейнічаньнем усіх існуючых сіл і сродкаў».

Пуцін тады ў чарговы раз нагадаў, што «размова ў тым ліку ідзе і пра расейскую тактычную ядзерную зброю», разьмешчаную, як было заяўлена, «па прапанове» Лукашэнкі на тэрыторыі Беларусі. Ён зноў паўтарыў тэзу аб магчымасьці яе выкарыстаньня «ў абарончых мэтах у адказ на магчымы напад з прымяненьнем зброі масавага паражэньня або пры адбіцьці агрэсіі з прымяненьнем звычайнай зброі, але калі яна стварае крытычную пагрозу для сувэрэнітэту або тэрытарыяльнай цэласнасьці».

Заходнія выведкі і дыпляматы заяўляюць, што рэальных доказаў знаходжаньня ў Беларусі ядзернай зброі няма.

XS
SM
MD
LG