Улады Беларусі 6 траўня ўнесьлі ў «сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» старонкі палітыкаў Алеся Лагвінца ў сацыяльнай сетцы Facebook і Анатоля Лябедзькі ў Threads. Але найбольшую ўвагу прыцягнула ўнясеньне ў сьпіс старонкі Алеся Пушкіна ў Facebook.
Пасьля сьмерці Алеся Пушкіна ў ліпені 2023 году ягоная старонка ў сацыяльнай сетцы ператварылася фактычна на мэмарыяльную. Робячы допісы пра кнігі, выставы і іншае са згадкай славутага мастака, людзі пазначаюць яго ў допісе. Старонка не закрытая, а таму падобныя допісы са згадкай Пушкіна зьяўляюцца на ёй.
Праўдападобна, гэта й стала прычынай прызнаньня старонкі «экстрэмісцкай», хаця раней улады ўносілі ў адпаведны сьпіс нават супольнасьці і старонкі зь вельмі малой лічбай падпісантаў або даўно нядзейныя.
Прызнаньне асабістай старонкі Алеся Пушкіна экстрэмісцкай фактычна азначае тое, што людзі, якія публікавалі допісы з пазначэньнем мастака або камэнтавалі нешта на старонцы Пушкіна, могуць апынуцца пад пагрозай крымінальнага перасьледу. Асабліва гэта пагражае тым, хто знаходзіцца ў Беларусі або працягвае туды езьдзіць.
Як сьведчыць досьвед папярэдніх падобных спраў, сілавікі могуць завесьці супраць такіх асобаў крымінальныя справы нібыта за садзейнічаньне экстрэмізму, што можа пагражаць рэальнымі турэмнымі тэрмінамі.
Нягледзячы на існаваньне разгалінаванай сеткі розных камісіяў, канчатковае рашэньне ў «экстрэмісцкіх» справах прымаюць сілавікі і суды. Адны заводзяць справы, іншыя выносяць прысуды. Таксама сьпісы «экстрэмісцкіх фармаваньняў», імянныя сьпісы «экстрэмістаў» і «тэрарыстаў» у Беларусі вядуць МУС і КДБ.
Хто такі Алесь Пушкін?
Алесь Пушкін (6 жніўня 1965 — 11 ліпеня 2023) — беларускі жывапісец-нонканфарміст, тэатральны мастак, пэрформэр, арт-куратар, сябра Беларускага саюзу мастакоў, палітычны вязень. Вядомы многімі мастацкімі пэрформансамі, скіраванымі супраць уладаў Беларусі. Яшчэ адной важнай тэмай, якую ён узьнімаў у сваёй творчасьці — ушанаваньне герояў Беларускага антысавецкага супраціву. Праз адмоўную пазыцыю рэжыму Лукашэнкі да антысавецкай збройнай барацьбы афіцыйна выставіць усю сэрыю ў дзяржаўнай установе ў Пушкіна магчымасьцяў не было.
26 сакавіка 2021 году Генэральная пракуратура Беларусі завяла крымінальную справу супраць Алеся Пушкіна за тое, што на выставе ў горадзенскім Цэнтры гарадзкога жыцьця дэманстраваўся партрэт антысавецкага падпольніка Аўгена Жыхара аўтарства мастака. 30 сакавіка 2022 году Алеся Пушкіна асудзілі на 5 гадоў пазбаўленьня волі за «рэабілітацыю нацызму».
Алесь Пушкін памёр у турэмным шпіталі ў ноч на 11 ліпеня 2023 году. Ягонае сэрца спынілася падчас апэрацыі. Пазьней стала вядома, што ў турме ў Пушкіна разьвіўся пэрытаніт. Незалежныя крыніцы ў СМІ адзначалі, што сьмерць наступіла празь неаказаньне мэдычнай дапамогі ў турме.
Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі
Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.
Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.
Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.
Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.
На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.
Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».
Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».
Форум