У 2021 годзе Магілёўскі абласны суд прызначыў Паўлу Севярынцу пакараньне 7 гадамі пазбаўленьня волі. Першыя гады Павал адбываў яго ў Шклоўскай папраўчай калёніі, але ў 2023-м яму ўзмацнілі пакараньне і накіравалі ў горадзенскую так званую «крытую» турму.
Як расказаў Павал Севярынец у размове з Свабодай, там ён на нейкі час перасёкся са зьняволеным мастаком Алесем Пушкіным, які неўзабаве загінуў.
«Я трапіў у горадзенскую турму 25 чэрвеня (2023 году. — РС), а, здаецца, 11 ліпеня ён загінуў, — кажа Павал Севярынец. — Аповеды былі. Я ведаю, што „па ім працавалі“. Ён знаходзіўся ў камэры зь некалькімі, так сказаць, няштатнымі супрацоўнікамі. Адзін зь іх мне хваліўся, што намаляваў Пушкіна. І падарыў яму карцінку, дзе Пушкін быў у нямецкай форме на тле спаленай Хатыні. Такі падаруначак. Адмыслова ціснулі на псыхалёгію, разьлічвалі на правакацыю. Гэта дадалося да той хваробы, якая ў яго была».
Пра сьмерць вядомага мастака Алеся Пушкіна, асуджанага з палітычных прычынаў, стала вядома ад ягоных родных 11 ліпеня 2023 году. Афіцыйна прычынаў гібелі Пушкіна не называлі. Паводле неафіцыйнай вэрсіі, мастак загінуў у выніку неаказаньня своечасовай мэдычнай дапамогі, за кратамі ў яго разьвіўся пэрытаніт і сэптычны стан.
Пахаваны Алесь Пушкін 13 ліпеня 2023 году ў родным мястэчку Бобр.
Форум