Як расказаў Павал Севярынец Свабодзе, незадоўга да вызваленьня і выправаджэньня зь Беларусі ў яго адбылося некалькі незвычайных размоваў з прадстаўнікамі адміністрацыі горадзенскай турмы.
«Іх вельмі цікавіў Мікола Статкевіч, — узгадвае Севярынец. — Пыталіся, ці я быў знаёмы, а што я думаю, ці не з адной мы „кадкі“. Я сыходзіў ад гэтага пытаньня. Казаў, што я вельмі рады, што Міколу Статкевіча вызвалілі. Тое, што ён вырашыў застацца ў Беларусі, я зразумеў толькі зь невялікіх намёкаў у лістах з волі».
На момант вызваленьня самому Севярынцу заставалася адбыць за кратамі крыху больш за год. Павал кажа, што ня ведае, ці яго б маглі вызваліць пасьля адбыцьця тэрміну. Кажа, што яго ўвесь час выцягвалі на размовы аб дзясятку іншых крымінальных справаў, зьвязаных зь яго мінулым.
«Наўрад ці ў некага з нас атрымалася б зрабіць тое самае, што зрабіў Статкевіч, — кажа Севярынец. — Яны зрабілі высновы, быў вельмі жорсткі кантроль. Рукі ў кайданках, мяшок на галаве. Ня есьці, ня піць, толькі вязуць. Пасьля замест кайданкоў рукі пераматалі скотчам. Немагчыма было паварушыцца. Рэжым паклапаціўся, каб мы ня мелі магчымасьці паўтарыць учынак Міколы».
Палітзьняволены палітык Мікола Статкевіч вярнуўся ў Беларусь пасьля спробы прымусовага выправаджэньня яго ў Літву ў верасьні 2025 году. Ён адмовіўся выяжджаць зь Беларусі і некалькі гадзін правёў на так званай нэўтральнай паласе ў пункце пропуску Каменны Лог. Ніякай інфармацыі пра далейшы лёс Міколы Статкевіча на гэты момант няма.
Форум