У другой частцы дасьледаваньня «Палітычныя забойствы і сьмерці па віне рэжыму» прадстаўнікі камітэту аналізуюць мэханізмы рэпрэсіўнай сыстэмы, якія прыводзяць да сьмяротных зыходаў як у месцах пазбаўленьня волі, так і па-за іх межамі. Адмыслоўцы фіксуюць практыку наўмыснай адмовы ад мэдыцынскай дапамогі цяжкахворым палітвязьням, катавальныя ўмовы ўтрыманьня і сыстэмны ціск, які разбурае здароўе людзей.
У разьдзеле «Сьмерці зьняволеных у месцах пазбаўленьня волі пасьля 2020 году» зьмешчаныя падразьдзелы пра Дзяніса Кузьняцова, Вадзіма Храсько, Ігара Ледніка і іншых палітычных зьняволеных.
Асаблівую ўвагу ў дакумэнце надалі фэномэну «адкладзенай сьмяротнасьці» — калі найцяжэйшая шкода, нанесеная арганізму ў калёніях і СІЗА, прыводзіць да гібелі чалавека неўзабаве пасьля выхаду на волю. Напрыклад, такія сьмерці былі ў Ганны Кандраценкі, Віталя Бычкова, Валянціна Іваноўскага і іншых.
Задакумэнтаваныя ў аглядзе й выпадкі даводжаньня да самагубства пад узьдзеяньнем бесьперапыннага перасьледу, гібель ад рук сілавікоў і падазроныя сьмерці пры нявысьветленых абставінах.
Асобны разьдзел прысьвечаны сьмерці праз ужыцьцё зброі сілавікамі ў момант, калі гэтага не патрабавалі абставіны. У ім гісторыя кіроўцы аўтобуса Паўла Сібілёва.
Пад кожнай асобай, якая загінула ад рук дзяржавы, прыводзіцца кароткая біяграфічная даведка, абставіны, афіцыйная прычына сьмерці, меркаваныя адказныя за гэтую сьмерць асобы, і да высновы афіцыйная рэакцыя дзяржаўных установаў, калі такая была.
Высновы агляду
У якасьці агульнай высновы па прыведзеных выпадках аўтары дакумэнту зазначылі, што прыведзеныя выпадкі ня ёсьць ізаляванымі эпізодамі, яны паказваюць на больш шырокую праблему: адсутнасьць эфэктыўнай абароны жыцьця і здароўя людзей, якія знаходзяцца пад поўным кантролем дзяржавы ў месцах пазбаўленьня волі.
Пры падрыхтоўцы дакумэнту аўтары сутыкнуліся з вострым недахопам пацьверджанай інфармацыі, афіцыйных дакумэнтаў, мэдыцынскіх высноваў, а таксама сьведчаньняў сваякоў, адвакатаў, сукамэрнікаў.
Менавіта тым тумачацца асьцярожныя фармулёўкі, выкарыстаныя ў шэрагу разьдзелаў агляду. Недахоп дакумэнтаў не дазваляе адназначна сьцьвярджаць пра прычыну сьмерці і бязьдзейнасьць службовых асобаў. Закрытасьць пэнітэнцыярнай сыстэмы не дазваляе мець камплект папераў, якія бы давалі поўную карціну.
Чаму гэта важна?
Адсутнасьць незалежных расьсьледаваньняў і поўная бяскарнасьць сілавікоў фактычна ператвараюць непадаваньне дапамогі і ізаляцыю ў інструмэнт фізычнага ўхіленьня апанэнтаў рэжыму, адзначылі аўтары дакумэнту.
Зьвесткі пра сьмерці за кратамі ці ў выніку катаваньняў і перасьледу зьбіраюць і фіксуюць дзеля будучай прававой ацэнкі дзеяньняў уладаў на міжнародным узроўні і прыцягненьня ўсіх вінаватых да адказнасьці ў межах мэханізмаў унівэрсальнай юрысдыкцыі.
Форум