Былы палітвязень Міхаіл Сталярчук расказаў пра абставіны сьмерці асуджанага за ахвяраваньні Вадзіма Храсько. Як піша «Вясна», Сталярчук у калёніі стаў сьведкам таго, як Храсько было блага, але адміністрацыя калёніі і супрацоўнікі яму не дапамагалі, што й прывяло да сьмерці.
«У яго ўжо былі праблемы са здароўем. У студзені 2024 году ў яго была тэмпэратура і ён хадзіў у мэдчастку, але яго не прымалі там. Потым яму так дрэнна стала, што ён упаў на бараку. Супрацоўнікі самі напалохаліся ўжо. Выклікалі кантралёра і мэдыка. На насілках яго аднесьлі ў мэдчастку, дзе ён адразу і памёр. Прыехала хуткая і забрала яго.
Як потым казалі кантралёры, „ён згарэў за тры дні“ — памёр ад запаленьня, як паказала ўскрыцьцё. Калі б на мэдчастцы яму зрабілі здымак і неяк дапамаглі, то гэтага не было б», — сказаў былы палітычны зьняволены Міхаіл Сталярчук.
У ноч з 8 на 9 студзеня 2024 году ў калёніі «Віцьба» ад пнэўманіі памёр 50-гадовы палітвязень Вадзім Храсько. Яго шпіталізавалі, але мэдыкі ўжо ня здолелі яго выратаваць.
У 2022–2024 гадах у беларускіх месцах зьняволеньня памерла ня менш за сем чалавек, якіх беларускія праваабарончыя арганізацыі прызнавалі палітычнымі зьняволенымі. Гэта Вітольд Ашурак, Мікалай Клімовіч, Алесь Пушкін, Вадзім Храсько, Ігар Леднік, Аляксандр Кулініч, Дзьмітрый Шлетгаўэр. У пачатку 2025 года памёр палітвязень Валянцін Штэрмер. Дакладная дата сьмерці і яе абставіны невядомыя. Таксама няма інфармацыі, ці памёр Штэрмер у калёніі ці быў шпіталізаваны.
Акрамя таго, некаторыя людзі, якіх праваабаронцы прызнавалі палітвязьнямі, памерлі неўзабаве пасьля вызваленьня.
Палітвязень Міхаіл Сталярчук з Украіны — адзін з 31 вызваленых украінцаў прыканцы лістапада 2025 году. Кіроўцу рэйсавага аўтобусу з Ковелю абвінавацілі ў «агентурнай дзейнасьці» за відэарэгістратар, усталяваны транспартнай фірмай, у якой працаваў Міхаіл.
З шасьці прызначаных гадоў украінец адбыў амаль палову ў цяжкіх умовах у берасьцейскім СІЗА і віцебскай калёніі. Там яго пэрыядычна зьмяшчалі ў карцары ды штрафныя ізалятары. За гэты час мужчына атрымаў толькі адну перадачу — у жонкі атрымалася прывезьці з Украіны, але пасьля допытаў ёй забаранілі ўезд у Беларусь.
Сталярчук адзначыў, што яго, каб ён падпісаў абвінавачваньне, білі.
Форум