У Горадні часова адмянілі ўсе квізы. Першым пра адмену гульняў абвясьціў квіз «VSпомнить VSё». За ім — «Смузи», «Мозгобойня», «Туц-Туц», «Угадай мелодию», «Матрёшка». Прычына ў тым, што горадзенскія ўлады прыраўнялі квізы да масавых мерапрыемстваў і абавязалі арганізатараў атрымліваць дазвол на іх правядзеньне. На пісьмовы адказ на заяўку ўлады маюць 15 дзён. Пры гэтым у іншых беларускіх гарадах квізаў не адмянялі, прынамсі, пра гэта не паведамлялі публічна.
Як стала вядома Свабодзе ад абазнанай крыніцы, арганізатары некаторых квізаў ужо падалі заяўкі на правядзеньне чарговай гульні. «Мозгобойня» ужо абвясьціла, што вяртаецца. Наступныя гульні пройдуць 16 і 20 жніўня.
Суразмоўцам Свабоды невядома пра нейкія інцыдэнты, якія маглі б стаць нагодай для цяперашняй адмены гульняў. У квізах удзельнічалі па 80-200 чалавек за адзін раз, расказала абазнаная крыніца.
Са словаў аднаго з былых удзельнікаў горадзенскіх квізаў Андрэя Мялешкі, гульні пачыналі сваю дзейнасьць у горадзе з 5-6 камандаў, але ў апошнія гады на іх рэгістраваліся ўжо па 20-50 камандаў. Імпрэзы праходзілі ў тым ліку ў вялікай залі моладзевага цэнтру «Галяктыка» каля аўтавакзалу ў Горадні.
Горадзенскія квізы выглядаюць як інтэлектуальна-забаўляльныя гульні накшталт «Што? Дзе? Калі?». Але ў іх зьбіраюцца адначасна па некалькі камандаў, што спаборнічаюць паміж сабой паводле прынцыпу брэйн-рынгу. Звычайна ёсьць некалькі тураў з рознымі кірункамі пытаньняў — ад гістарычных да музычных — і правіламі налічэньня балаў. На кожнае пытаньне даецца, прыкладам, хвіліна або дзьве на адказ.
Усе каманды адначасна абмяркоўваюць пытаньні і адказваюць на іх пісьмова на аркушах паперы, якія здаюць арганізатарам. Выйграе каманда, што набрала найбольш балаў па выніках усіх тураў. Часта падчас гульняў працуе бар, можна замовіць ежу і напоі. Доўжацца такія сустрэчы па 2-3 гадзіны.
«Квізы для Горадні былі месцам, куды можна было прыйсьці і выплюхнуць сваю інтэлектуальную энэргію, свае веды, якія ты назьбіраў за дзясятак гадоў. Там ты мог сустрэць айцішніка, рабацягу з завода. У мяне там былі знаёмыя з розных сфэраў. Для мяне „VSпомнить VSё“ — гэта пакаленчаская штука, бо зь людзьмі, якія яго праводзілі, мы раней гулялі ў Night City (папулярная гарадзкая гульня ў 2000-2010-х. — РС). Гэта менавіта горадзенскі праект», — пракамэнтаваў Мялешка.
«VSпомнить VSё» — адна з найстарэйшых горадзенскіх інтэлектуальных гульняў. Яе распрацавалі самі гарадзенцы, расказаў Свабодзе былы ўдзельнік гэтых квізаў Андрэй Мялешка. Цяпер «VSпомнить VSё» праводзяць у іншых гарадах Беларусі, у тым ліку ў Менску, а таксама ў Расеі. Арганізатары пішуць https://www.instagram.com/poprobui_vspomnit_vse/, што правялі ў Горадні ўжо больш за 700 гульняў, а пры рэгістрацыі каманды разьбіраюць месцы за хвіліну.
«Мозгобойня» — гэта хіба што самы вядомы і маштабны квіз. Яго стварылі ў Менску ў 2012 годзе. Ён праходзіць у больш як 200 гарадах 17 краінаў, у тым ліку ў Расеі.
«„Мозгобойня“ — гэта аблегчаны варыянт „Што? Дзе? Калі?“. Там шмат заданьняў, зьвязаных з расейскай культурай, расейскай музыкай. Але гэта ня „рускі мір“», — апісвае гульню Мялешка.
Квіз «Смузи» запусьцілі ў 2023 годзе. Ён прапанаваў тэматыку гульняў ад «рускіх гітоў 90-х» да сусьвету Гары Потэра. Квіз «Матрёшка», таксама стартаваў у Горадні ў 2023 годзе і пазыцыянуе сябе як гульні ў рэжыме «лайт». «Угадай мелодию» паўтарае назву калісьці папулярнай перадачы на расейскай тэлевізіі. Гэта адзін з самых маладых квізаў, які пачалі праводзіць у Горадні ў канцы 2024 году. Як вынікае з назвы, гэта «самы музычны квіз», дзе правяраюць веданьне песьняў.
Усе гэтыя квізы былі расейскамоўнымі, адзначыў Мялешка. Беларускамоўныя гульні, якія праводзіў у тым ліку журналіст Павал Сьвярдлоў, зьніклі ў Беларусі раней. Мялешка зьвярнуў увагу, што цяперашнія квізы не закранаюць пытаньняў палітыкі. Ён дадае, што прынамсі раней на гульні ў якасьці ўдзельнікаў хадзелі самі чыноўнікі і ідэолягі з выканкамаў, тады ў іх не было пытаньняў да зьместу імпрэзы.
«Я ня думаю, што гульні былі небясьпечнымі для ўладаў. Квізы, якія рабіў у Беларусі, напрыклад, спадар Сьвярдлоў, былі больш палітычнымі. Гэтыя ж квізы, я б сказаў, па-за палітыкай. Заданьняў, зьвязаных з палітычнымі рэчамі, там няма. Яны (арганізатары. — РС) ўсімі магчымымі спосабамі адхрышчваліся ад палітыкі, каб была магчымасьць ладзіць гэтыя імпрэзы», — мяркуе Андрэй.
Гульня «VSпомнить VSё» ужо прыпыняла сваю дзейнасьць на некалькі месяцаў напрыканцы 2025 году. Тады імавернай прычынай адмены называлі данос.
Непалітычны перасьлед?
Рэжым Лукашэнкі пасьля пратэстаў 2020 году перасьледуе ўжо ня толькі палітычных апанэнтаў, але таксама беларусаў і арганізацыі, якія непасрэдна не займаюцца палітыкай.
Сёлета сілавікі затрымалі больш за 260 чалавек, якія сабраліся каля возера пад Расонамі на фэстываль «Сям’і вясёлкі» — міжнароднага руху, удзельнікі якога імкнуцца да гармоніі з прыродай і неспажывецкага ладу жыцьця. Нагодай стала нібыта скарга мясцовых жыхароў на шум. Людзей затрымалі разам зь дзецьмі і суткі пратрымалі ў доме культуры і спартовым клюбе. Затрыманыя разам зь дзецьмі спалі на падлозе. За тое, што яны не атрымалі дазволу на свой зьезд, аднаму з удзельнікаў далі сем сутак арышту, некаторым штрафы, іншых яшчэ чакаюць адміністрацыйныя суды. Сярод удзельнікаў фэсту былі ня толькі беларусы, але і грамадзяне Расеі і грамадзянін Ізраілю.
Сёлета ў красавіку сілавікі затрымалі каля паўсотні супрацоўнікаў архітэктурнага бюро Zrobim architects у Менску. Гэта здарылася пасьля таго, як адзін з заснавальнікаў фірмы Андрэй Макоўскі (Андрусь Bezdar) зьдзівіўся ў сацыяльных сетках патрабаваньню ўладаў браць у штат прыватнай кампаніі ідэоляга: «Ох ужо гэты дзіўны новы сьвет». Пасьля большасьць работнікаў адпусьцілі. Андруся Bezdarа пратрымалі ў СІЗА амаль чатыры месяцы, кампанія выплаціла «шкоду» нібыта ад ранейшай недаплаты падаткаў. Другі сузаснавальнік Zrobim Аляксей Караблёў, які жыве за мяжой, цяпер прадае сваю долю ў кампаніі.
Сёлета ў траўні арыштавалі на 14 сутак сьпевака Аляксея Хлястова, які расказаў, што працуе ў таксі і што выступаць на сцэне яго не бяруць праз «чорныя сьпісы». «Мяне як артыста і выкладчыка ні ў якім разе нельга наймаць. Адбылася культура адмены», — казаў ён у інтэрвію.
Сёлета ў лютым-сакавіку ўлады забаранілі большасьць беларускіх кнігавыдаўцоў. Выдавецтва «Тэхналёгія» прыпыніла сваю працу ў Менску, яе супрацоўнікаў, а таксама некаторых былых кнігавыдаўцоў і кніганошаў затрымалі. Беларускія выдавецтвы Gutenberg Publisher Kamunikat.оrg, Lohvinau Publishing House, Andrei Yanushkevich Publishing, якія працуюць за мяжой, прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі». Цяпер іхнія кнігі небясьпечна ўвозіць у Беларусь.
Форум