Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 2 красавіка: Мінінфарм прыпыніў ліцэнзію выдавецтва «Тэхналёгія»

абноўлена
Cуд у Беларусі. Архіўнае фота
Cуд у Беларусі. Архіўнае фота

Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных матываў у Беларусі.

Мінінфарм прыпыніў ліцэнзію выдавецтва «Тэхналёгія»

Міністэрства інфармацыі прыпыніла дзеяньне пасьведчаньня распаўсюдніка друкаваных выданьняў НВК «Тэхналёгія».

«Навукова-вытворчым каапэратывам „Тэхналогія“ прапушчаны тэрмін для падачы апавяшчэньня аб зьмяненьні зьвестак, якія падлягаюць уключэньню ў Дзяржаўны рэестар выдаўцоў, вытворцаў і распаўсюджвальнікаў друкаваных выданняў, пералік якіх зацьвярджаецца Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь», — паведаміла прэс-служба Мінінфарма.

«Тэхналёгія» была заснаваная ў 1988 годзе і стала першым прыватным выдавецтвам у Беларусі. У лютым у выдавецтва прыходзілі сілавікі, там адбыліся затрыманьні — пасьля гэтага выдавецтва спыніла сваю працу.

Апошнім часам у Беларусі разгортваецца новая хваля маштабных рэпрэсій супраць грамадзкіх і культурніцкіх дзеячаў. Цэнтральнай падзеяй апошніх тыдняў стала так званая «справа кнігавыдаўцоў», у межах якой днямі быў затрыманы 75-гадовы галоўны рэдактар выдавецтва «Тэхналёгія» Зьміцер Санько, піша «Вясна».

Інжынэра з Хвойнікаў асудзілі за «экстрэмізм»

Менскі гарадзкі суд вынес вырак 29-гадоваму інжынэру Аляксандру Поваду паводле ч. 1 і 2 арт. 361‑4 Крымінальнага кодэксу («садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»). Аляксандру, імаверна, прысудзілі «хатнюю хімію», піша «Наша Ніва».

Аляксандар родам з Хвойнікаў Гомельскай вобласьці. У 2016 годзе ён скончыў Менскі дзяржаўны энэргетычны каледж, а пасьля — Міжнародны дзяржаўны экалягічны інстытут імя Сахарава БДУ, дзе ў 2021 годзе атрымаў дыплём мэдычнага фізыка.

Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі

Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.

Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.

Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.

Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.

На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.

Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».

Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG