Старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна» і ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі на сайце цэнтру выступіў з рэзкай ацэнкай сытуацыі, падкрэсьліўшы, што дзяржава ладзіць адкрыты тэрор супраць нацыянальнай культуры.
«Фізычны тэрор носьбітаў беларушчыны»
Нягледзячы на спробы ўладаў схаваць інфармацыю пра рэпрэсіі, зьвесткі пра іх, а таксама жорсткасьць сілавікоў становяцца вядомымі і публічнымі, адзначае Алесь Бяляцкі:
«У Беларусі, нягледзячы на спробы ўладаў прыхаваць гэта, шырацца весткі пра расправы апошніх тыдняў над беларускімі выдаўцамі, пісьменьнікамі, музыкамі, пэдагогамі. Пры ператрусах і затрыманьнях іх жорстка б’юць. Б’юць хворых і пажылых, б’юць сыстэмна і дзяжурна. Відавочна, што атрыманы адпаведны загад ад галоўнага начальніка дзяржавы. Улады перайшлі да фізычнага тэрору супраць носьбітаў беларушчыны».
Праваабаронца зьвяртае ўвагу, што рэпрэсіі адбываюцца на фоне спробаў рэжыму наладзіць дыялёг з ЗША:
«Таму родных і блізкіх ахвяраў тэрору па-бандыцку шантажуюць, каб маўчалі. Але праваабаронцы ведаюць факты, маюць імёны пацярпелых».
«Дыскрымінацыя беларускай культуры пачалася з усталяваньня рэжыму Лукашэнкі»
Алесь Бяляцкі нагадвае, што дыскрымінацыя беларускай культуры — гэта не выпадковасьць, а пасьлядоўная палітыка, якая пачалася яшчэ ў сярэдзіне 1990-х. Паводле яго, сёньня гэты працэс выглядае як татальная зачыстка нацыянальнай прасторы:
«Сыстэмная маргіналізацыя беларускай нацыянальнай і моўнай ідэнтычнасьці, дыскрымінацыя беларускай культуры пачалася з першых гадоў усталяваньня ў Беларусі рэжыму Лукашэнкі. Пасьля гвалтоўнага здушэньня дэмакратычнай рэвалюцыі 2020 году рэжым перайшоў да зьнішчэньня інстытуцыйных асноваў беларускай самасьвядомасьці.
У апошнія гады былі закрытыя ўсе няўрадавыя арганізацыі, якія дбалі пра беларускую мову і адукацыю па-беларуску. Ліквідаваныя ўсе дэмакратычныя пісьменьніцкія аб’яднаньні. Былі зачыненыя ўсе незалежныя мэдыя, а журналісты былі выціснутыя за мяжу ці кінутыя ў турму. Кнігі многіх беларускіх творцаў, у тым ліку клясыкаў ХІХ і пачатку ХХ стагодзьдзя, аб’яўленыя «экстрэмісцкімі».
«Беларускі народ спрабуюць пазбавіць ідэнтычнасьці»
Праваабаронца прыходзіць да высновы, што мэтай рэжыму зьяўляецца поўная асыміляцыя беларусаў і падрыхтоўка глебы для імпэрскай экспансіі.
«Улады актыўна перапісваюць гісторыю беларускага народу, выдаляючы адтуль беларускіх гістарычных герояў, змагароў за незалежнасьць Беларусі. Беларускі народ спрабуюць пазбавіць ідэнтычнасьці, а тым самым — права на існаваньне і будучыню, і зрабіць яго здабычай расейскага імпэрыялізму.
Сёньня абарона беларускай культуры і мовы — гэта адстойваньне права беларускага народу мець будучыню сярод іншых эўрапейскіх народаў», — піша Алесь Бяляцкі.
Форум