Пісьменьнік, былы дырэктар беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук шмат дасьледаваў сталінскія рэпрэсіі супраць дзеячаў культуры (кнігі «Зьдзек» (1988), «Філістовіч. Вяртаньне нацыяналіста» (1997), «За кіпучай чэкісцкай работай» (1997)).
— Перш за ўсё існуюць структурныя падабенствы. Супадае галоўная мэта — кантроль над культурай і словам. Супадаюць і спосабы яе дасягненьня: крыміналізацыя культурнай дзейнасьці; удар па нацыянальнай інтэлігенцыі; выкарыстаньне гістарычнай навукі як інструмэнту ідэалёгіі. Усё гэта мы бачылі ў сталінскай сыстэме і бачым цяпер у Беларусі.
Усякая барацьба супраць свабоды пачынаецца з барацьбы супраць слова. Кантроль над думкамі, як у рамане Оруэла «1984», пакуль немагчымы, але ён магчымы над культурай і словам. У Беларусі завяршаецца фармаваньне таталітарнага рэжыму, а пачалося яно ў 1994 годзе, калі выйшлі газэты зь белымі плямамі. За Сталінам дзяржава кантралявала літаратуру, мастацтва — ад кіно да цырку — і навуку. Усякая ідэя, якая не адпавядала дзяржаўнай ідэалёгіі, магла ўважацца за «варожую». Здавалася б, што ўладзе да фармалізму ці абстракцыянізму. Фармалісты 1920–30-х былі якраз за новы час, за новы быт, за новую літаратуру, за рэвалюцыю. Але ў іх была іншасьць. Значыць — варожасьць.
Здавалася б, якую пагрозу рэжыму нясе кніганоша Яўдаха ці кіраўнік якога-небудзь малога выдавецтва, дзе кнігі выходзяць накладам па 100 асобнікаў. Іх караюць не за тое, што яны робяць, а за тое, якія яны. Сёньня гэтым сталінскім практыкам адпавядаюць пагромы выдавецтваў, прызнаньне кніг «экстрэмісцкімі матэрыяламі», затрыманьні выдаўцоў і распаўсюднікаў. Мэта ў абодвух выпадках падобная: манаполія дзяржавы на інтэрпрэтацыю гісторыі і ідэнтычнасьці.
У 1930-я гады ў СССР многіх літаратараў і навукоўцаў абвінавачвалі ў «нацыяналізьме», «шпіянажы» або «антысавецкай дзейнасьці». У Беларусі сёньня падобную ролю могуць выконваць артыкулы пра «экстрэмізм», «дыскрэдытацыю дзяржавы», «распальваньне варожасьці». Так культурная дзейнасьць ператвараецца ў крымінальную справу. За Сталінам была зьнішчана значная частка беларускай інтэлігенцыі — пісьменьнікаў, навукоўцаў, выдаўцоў. Сучасныя рэпрэсіі таксама закранаюць людзей культуры, выдаўцоў беларускіх кніг, гісторыкаў і дасьледнікаў.
— А ў чым розьніца паміж сталінскімі і сучаснымі рэпрэсіямі супраць дзеячоў культуры?
— Розьніца найперш у маштабе. За Сталінам адбывалася масавае фізычнае зьнішчэньне людзей, у тым ліку нацыянальнай інтэлігенцыі. Сёньня такога маштабу няма. Але ціск на людзей культуры, выдаўцоў, гісторыкаў, дасьледнікаў — відавочны. І мэта тая ж самая: манаполія дзяржавы на інтэрпрэтацыю гісторыі, культуры і нацыянальнай ідэнтычнасьці. Ёсьць і яшчэ адзін важны фактар — расейскі імпэрыялізм і ўплыў расейскіх спэцслужбаў, якія фактычна кіруюць беларускімі сілавымі структурамі.
— Ці можна сказаць, што гэтая хваля рэпрэсіяў — рэха падзеяў 2020 года?
— Прычыны таго, што адбываецца, сапраўды знаходзяцца ў мінулым. Але ня толькі ў падзеях 2020 году. Яны значна глыбейшыя — у савецкім і імпэрскім мінулым. Ціхаўноўскую абралі не за яе беларускую мову ці ўклад ў культуру, а таму, што рэжым абрыдзеў, немагчыма было трываць зьнявагі. Прычына — вайна Расеі супраць Украіны. Напачатку 2021-га Лукашэнка спрабаваў адкруціць назад, як звычайна было пасьля задушэньня пратэстаў, але, уведаўшы пра рыхтаваньне вайны, ужо ня мог. 2022 год у Беларусі пачаўся ў 2021-м. Спэцыфіка моманту — рэпрэсіямі супраць нацыянальнай культуры кіруюць расейскія спэцслужбамі, які кантралююць беларускіх сілавікоў.
— Як вы бачыце далейшае разьвіцьцё сытуацыі?
— Рэжымы пáдаюць або ад вонкавай сілы, як гітлераўскі ці іранскі, або пасьля зыходу лідэра, як было пасьля Франка, Сталіна. Культура мае магутную перавагу — яна не перарываецца і працягваецца. Трэба падтрымліваць выдавецтвы ў замежжы, разьмяшчаць творы на дыгітальных плятформах, каб быў доступ зь Беларусі. Незалежныя мэдыя маглі б да максымуму павялічыць сэгмэнт культурніцкай тэматыкі ў сваёй працы. І варта памятаць, што людзі культуры — разам з палітычнай апазыцыяй і праваабаронцамі — знаходзяцца на самым вастрыі барацьбы за Беларусь будучыні.
- У сьпіс так званых «экстрэмісцкіх фармаваньняў» КДБ Беларусі 9 сакавіка ўнёс «кааліцыю друкаваных выдавецтваў», куды ўключылі не зьвязаныя паміж сабой выдавецтвы і асобных распаўсюднікаў кніг. Гэта выдавецтвы, якія друкуюць кнігі па-беларуску: Kamunikat. org, Lohvinau Publishing House, Andrei Yanushkevich Publishing. А таксама 6 канкрэтных асобаў — выдаўцоў, распаўсюднікаў. Адны працуюць у Польшчы, хтосьці ў Літве, выдавецтва «Зьміцер Колас» у Беларусі, але было зьліквідаванае ў 2024 годзе. У канцы лютага ў Менску прайшлі затрыманьні выдаўцоў і распаўсюднікаў кніг. Паводле інфармацыі «Вясны», агулам затрымалі як мінімум 10 чалавек, частку зь іх спачатку адправілі на «содні».
Форум