Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Адкуль вас столькі?» Што адбываецца зь пераследам за пратэсты 2020 году, у «справе Гаюна» і ў іншых гучных гісторыях

Марш за мір і незалежнасць у Менску, жнівень 2020. Архіўнае фота
Марш за мір і незалежнасць у Менску, жнівень 2020. Архіўнае фота

Беларусаў працягваюць затрымліваць і судзіць з палітычных матываў, хоць фармальна тэрмін даўніны многіх артыкулаў скончыўся. Разьбіраемся зь юрыстамі і праваабаронцамі, чаму так адбываецца.

Сьпіс «экстрэмістаў», які вядзе МУС Беларусі, кожны тыдзень папаўняецца. Днямі быў вынесены прысуд палітвязьням Глебу Герасімовічу і Аляксандру Мількамановічу — па 6 гадоў пазбаўленьня волі, а таксама штраф 500 базавых велічыняў кожнаму. Іх абвінавацілі паводле ч. 2 арт. 361-1 Крымінальнага кодэксу — «удзел у экстрэмісцкім фармаваньні». На мінулым тыдні беларускі кінарэжысэр Андрэй Кудзіненка мусіў пакінуць краіну — улады Беларусі абвінавацілі яго ў «экстрэмізьме». У кватэры рэжысэра і ў ягонай кінашколе прайшлі ператрусы, якія доўжыліся 15 гадзін. У іх бралі ўдзел 8 супрацоўнікаў АМАПу і 2 прадстаўнікі КДБ. У Андрэя сканфіскавалі пашпарт і тэлефон, а таксама заявілі, што яму пагражае ад 8 да 12 гадоў пазбаўленьня волі.

Што адбываецца? Нібыта тэрміны даўніны так званых «няцяжкіх пратэставых артыкулаў» скончыліся ў 2025 годзе. Пра гэта сьведчыць і беларускае заканадаўства. Праваабаронца, юрыстка «Вясны» Сьвятлана Галаўнёва зьвяртае ўвагу на тое, што ёсьць выключэньне. Калі абвешчаны вышук чалавека, то лічыцца, што ён хаваецца ад сьледзтва, а тады адлік тэрміну даўніны прыпыняецца.

Так, нядаўна суд Жлобінскага раёну прызнаў Рэната Пелагейчыка, якому ў 2020 годзе было 17 гадоў, вінаватым паводле часткі 1 артыкулу 342 КК («арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх»). Хлопца затрымалі на тэрыторыі Расеі, бо яго імя было ў супольнай з Расеяй базе вышуку. Яму прысудзілі «хатнюю хімію».

«Адкуль вас столькі?»

Да жанчыны сталага веку Ганны (імя зьмененае дзеля бясьпекі. — РС) сілавікі зь ператрусам прыйшлі на пачатку вясны 2025 году. Нічога не знайшоўшы ў кватэры, яе павезьлі на допыт у Сьледчы камітэт. Там Ганьне патлумачылі, што знайшлі фота з маршаў 2020 году, якія жанчына выстаўляла ў папулярнай сацыяльнай сетцы. Адзін з фатаздымкаў з кветкамі на фоне калёны быў зроблены на праезнай частцы, хоць транспарт там ужо не хадзіў.

Пратэсты ў Менску, восень 2020. Архіўнае фота
Пратэсты ў Менску, восень 2020. Архіўнае фота

Ганна дакладна памятала, што фота даўно выдаліла — яшчэ ў 2021 годзе. Аднак на яе завялі крымінальную справу паводле артыкулу 342 КК — «удзел у масавых беспарадках». Пашанцавала, што з прычыны ўзросту і наяўнасьці «паручальнікаў», якія паабяцалі выплаціць вялікі штраф, калі яна парушыць дамову, Ганну пакінулі дома з падпіскай аб нявыезьдзе, а напачатку лета асудзілі на 2,5 году «хатняй хіміі».

«Як належыць, пасьля прысуду я ўстала на ўлік ў раённай крымінальна-выканаўчай інспэкцыі. „Хімікам“ трэба наведваць РУУС, каб слухаць штомесячныя лекцыі і адзначацца. Чарга была велічэзная. Пераважна „хатнюю хімію“ прысуджалі пэнсіянэрам і жанчынам, у якіх былі непаўналетнія дзеці. Дык вось, „старажылы“ зьдзівіліся колькасьці новага папаўненьня. Жартавалі: складваецца ўражаньне, што сілавікі стараюцца пасьпець „перавыканаць плян“», — узгадвае жанчына.

З словаў жанчыны, нават малады інспэктар, да якога яна раз на тыдзень хадзіла адзначацца, уздыхаў: «Адкуль вас столькі?» Ён выступіў з ініцыятывай падаць рапарт на ўмоўна-датэрміновае вызваленьне часткі «палітычных хімікаў», калі яны ўжо адбылі палову тэрміну.

«Калі мы пацікавіліся, ці ёсьць зрухі, інспэктар цяжка ўздыхнуў: маўляў, справы да суду нават не дайшлі — яны ня выйшлі за межы раённай інспэкцыі», — апавядае спадарыня Ганна, якая дагэтуль адбывае сваё пакараньне.

«Мы кожны месяц фіксуем затрыманьні і суды»

Калі скончыўся тэрмін даўніны паводле «народнага» артыкулу 342 КК, самымі папулярнымі сталі абвінавачаньні за «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці» (арт. 361-4 КК), сьцьвярджае праваабаронца Сьвятлана Галаўнёва.

«Мы штомесяц фіксуем затрыманьні і суды. Напрыклад, цягам мінулага месяца мы публікавалі інфармацыю пра 19 выпадках. Сярод іх зьвесткі аб прысудзе 25-гадовай выкладчыцы вакалу з Гатава Сьвятлане Каралёвай. Хутчэй за ўсё, ёй прысудзілі абмежаваньне волі. Таксама вымоўная лічба — з пачатку году ў „сьпіс экстрэмістаў“ МУС дадалі больш за 400 чалавек, асуджаных за „садзейнічаньне экстрэмізму“. Ці вось, напрыклад, адна з апошніх заяваў аб прызнаньні палітвязьнямі ад 17 ліпеня: у ёй адразу ідзецца пра 10 чалавек, якіх абвінавачваюць паводле гэтага артыкулу», — кажа Галаўнёва.

Затрыманьне ўдзельніка пратэстаў восені 2020 году ў Менску. Архіўнае фота
Затрыманьне ўдзельніка пратэстаў восені 2020 году ў Менску. Архіўнае фота

Паводле зьвестак праваабаронцаў, па-ранейшаму распаўсюджаны і перасьлед за свабоду выказваньняў — «абраза прэзыдэнта» (артыкул 368 КК), «абраза прадстаўніка ўлады» (артыкул 369) — у гэтых выпадках часьцей караюць абмежаваньнем волі, але да суду трымаюць у СІЗА.

За выказваньне думкі перасьледуюць і завочна. Прыклад — крымінальная справа супраць папулярнага рок-музыкі Сяргея Міхалка, заўважае Галаўнёва.

«Я тут яшчэ дадала б, што ў выпадках перасьледу за выказваньні ў інтэрнэце тэрмін даўніны фактычна не працуе. Лічыцца, што злачынства працягваецца, пакуль публікацыя ня будзе выдаленая, і толькі тады пачне адлічвацца тэрмін даўніны. То бок можна прыцягнуць да адказнасьці за камэнтар ці публікацыю, зробленыя 5 ці 10 гадоў таму», — тлумачыць юрыстка.

Што з справай «Гаюна»?

Амаль штомесяц папаўняецца сьпіс «экстрэмісцкіх фармаваньняў», а гэта новыя крымінальныя справы, як завочныя — на тых, хто зьехаў, так і вочныя — на тых, хто застаецца ў Беларусі.

«Мы працягваем фіксаваць перасьлед у „справе Гаюна“. Вось у мінулую пятніцу „Хрысьціянская візія“ паведамляла аб прысудзе сьвятару Аляксею Пыцько, яму прызначылі абмежаваньне волі, справа, хутчэй за ўсё, зьвязаная з „Гаюном“. Або, напрыклад, гомелец Міхаіл Вага асуджаны на 4 гады абмежаваньня волі», — узгадвае юрыстка.

Праваабарончы цэнтар «Вясна» абнаўляў агульныя лічбы апошні раз у сярэдзіне чэрвеня: вядома пра 200 асуджаных (гэта толькі вэрыфікаваныя справы — калі праваабаронцы ведаюць імёны асуджаных, прысуды, дэталі справы.

Затрыманьне ўдзельніка пратэстаў у Менску увосень 2020. Архіўнае фота
Затрыманьне ўдзельніка пратэстаў у Менску увосень 2020. Архіўнае фота

Праваабаронцы кажуць, што інфармацыю аб перасьледзе зьбіраць усё больш складана, улады робяць шмат намаганьняў, каб людзі ня ведалі аб працягу рэпрэсіяў.

Праваабаронцам «Вясны» вядома, што часам сілавікі прапануюць затрыманым спыненьне крымінальнага перасьледу ў абмен на «дабраахвотныя ахвяраваньні на карысьць дзяржаўных установаў».

Так, адзін мужчына апавядаў, што за адно паведамленьне ў бот «Гаюна» яму прапанавалі перавесьці некалькі тысяч даляраў на рахунак «Рэспубліканскага цэнтру арганізацыі мэдычнага рэагаваньня».

Можна ўбачыць спад асобных колькасных паказьнікаў. Плюс зьнізілася агульная колькасьць прызнаных палітвязьняў. Пры гэтым кожны месяц расьце колькасьць людзей, якія сутыкнуліся з палітычна матываваным перасьледам і з палітычна матываванымі прысудамі. Праваабаронцы пастаянна робяць заявы аб прызнаньні новых палітвязьняў. Сёлета ў чэрвені такімі прызналі 43 чалавекі, у траўні 32 чалавекі, у красавіку 36 чалавек.

«Мы кожны раз у штомесячных аглядах пішам, што рэпрэсіі не слабеюць, і тлумачым, чаму, гледзячы на асобныя паказьнікі, можа памылкова скласьціся іншае ўражаньне. У аглядзе сытуацыі з правамі чалавека за 2025 год мы асобна падкрэсьлівалі, як працуюць „схаваныя рэпрэсіі“. Замоўчваньне фактаў перасьледу стала часткаю дзяржаўнай палітыкі: людзей затрымліваюць па-ранейшаму рэгулярна, але безь вялікіх крымінальных справаў у судзе, бяз гучных прысудаў і паказальных справаў», — канстатуе юрыстка «Вясны» Сьвятлана Галаўнёва.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG