Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ня лідэр, не палітычны актывіст». Пагаварылі зь беларусамі, якім у Польшчы адмовілі ў міжнароднай абароне

Акцыя салідарнасьці зь беларусамі ў Варшаве. 2021 год
Акцыя салідарнасьці зь беларусамі ў Варшаве. 2021 год

У чэрвені 2026 году Ўправа ў справах іншаземцаў Польшчы рэзка павялічыла колькасьць адмоваў беларусам у міжнароднай абароне. Калі раней адмову атрымалі 4% заяўнікаў, то ў мінулым месяцы — амаль 58%. У чым прычына? Паслухалі гісторыі саміх беларусаў і думкі адмыслоўцаў у легалізацыі.

Управа ў справах іншаземцаў Польшчы апублікавала сьвежую статыстыку аб легалізацыі беларусаў. З 2022 да 1 ліпеня 2026 году часовыя дазволы на жыхарства атрымалі 134 тысячы беларусаў. Большая частка — 58,8% — у рамках рэлякацыі бізнэсу (пераважна ІТ-сэктар); 30,8% атрымалі пастаянны дазвол на жыхарства паводле Карты паляка.

Міжнародную абарону атрымалі 7,4% беларусаў (9850 чалавек), статус уцекача — 0,9% (1172 чалавекі). Усяго з 2022 па ліпень 2026 году была разгледжана 14741 заява ад беларусаў на атрыманьне міжнароднай абароны. На разглядзе яшчэ 3 тысячы справаў.

Аднак ў чэрвені 2026 году доля адмоваў у агульным ліку разгледжаных справаў дасягнула рэкордных 57,8%. Для параўнаньня: у студзені–траўні 2026 году яна складала толькі 4,4%, у 2025 годзе было 5,5% адмоваў, а ў 2024-м — 5,4%.

У чэрвені 2026 году адпаведныя польскія органы вынесьлі 21 рашэньне аб наданьні беларусам статусу ўцекача і 4 — пра дадатковую абарону. Гэта тычылася і былых палітвязьняў з групы памілаваных у выніку перамоваў Лукашэнкі з амэрыканцамі. Адмоўных рашэньняў было 52, а разгляд яшчэ 13 справаў прыпынілі.

Управа ў справах іншаземцаў Польшчы, офіс у Варшаве
Управа ў справах іншаземцаў Польшчы, офіс у Варшаве

Сытуацыя стала пагаршацца ў траўні. Калі за першыя чатыры месяцы 2026 году беларусам адмовілі ў наданьні міжнароднай абароны толькі ў 14 выпадках, то ў траўні было 17 такіх рашэньняў, а ў чэрвені утрая больш, адзначаюць адмыслоўцы ў легалізацыі. Прааналізаваўшы адмовы, яны акцэнтуюць увагу на тым, што чыноўнікі ігнаруюць асобныя дакумэнты, не зьвяртаюць увагі на пэўныя доказы і паказаньні, няправільна прымяняюць заканадаўства. Але на стадыі апэляцыі часта ўдаецца падаць дадатковыя доказы або падрабязна растлумачыць акалічнасьці, якія раней засталіся без увагі.

Аднак некаторых заяўнікаў не ўдаецца пераканаць падаць апэляцыю. Свабода паспрабавала паразмаўляць зь беларусамі, якія атрымалі адмовы ў статусе міжнароднай абароны.

«Я ня буду абскарджваць рашэньне Ўправы»

Андрэй (імя зьмененае ў мэтах бясьпекі. — РС) прыехаў у Польшчу увосень 2021 году з так званай PBH-візай (візы Poland Business Harbour выдавалі ў асноўным IT-спэцыялістам і іх сямейнікам. — РС). Працаваў на замежную ІТ-кампанію, трапіў пад скарачэньне, скончыўся працоўны дазвол на жыхарства. Сябры параілі падаць заяву на міжнародную абарону, пагатоў Андрэй сапраўды выходзіў на пратэсты пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 года, нават меў фота, дзе ён з плякатам каля Парку высокіх тэхналёгіяў у Менску.

«Так, я выходзіў з калегамі на маршы, на пікеты. Ад затрыманьняў выратоўвала тое, што хутка бегаю. На сумоўі ў анкеце я нічога не выдумляў, сьціпла напісаў, што выходзіў на пратэсты, данаціў — за што шмат калег пацярпелі, адседзелі „суткі“, а двое ў калёніях. Доўга чакаў разгляду дакумэнтаў. Афіцыйна працаваць нельга, пражыць на дапамогу ў 700 злотых немагчыма. Браў разавыя праекты, падпрацоўваў на пагрузцы-разгрузцы. Нядаўна атрымаў адмову. Там шмат старонак, але сутнасьць яе ў тым, што я ня лідэр, не палітычны актывіст, у Беларусі тэрмін даўніны (за ўдзел у пратэстах. — РС) прайшоў і мне там нічога не пагражае… Неяк так», — расказаў сваю гісторыю Андрэй.

Марш да Дня Волі ў Варшаве, 28 сакавіка 2026 году
Марш да Дня Волі ў Варшаве, 28 сакавіка 2026 году

Ён катэгарычна супраць падачы апэляцыі. Спэцыялістка ў легалізацыі спрабавала пераканаць яго, указала яму на памылкі пры тлумачэньні сваёй сытуацыі, на «слабыя месцы» ў рашэньні польскіх чыноўнікаў — марна.

«Я ня буду абскарджваць рашэньня. Не хачу прыцягваць да сябе лішнюю ўвагу. Буду шукаць іншыя шляхі легалізацыі. Думаю над гэтым. І ня трэба мяне ўгаворваць падаваць апэляцыю», — Андрэй катэгарычны ў сваёй думцы.

«Магчыма, я раззлавала іх сваімі скаргамі»

Алена (імя зьмененае зь меркаваньняў бясьпекі. — РС) прыехала ў Польшчу з працоўнай візай у 2023 годзе. Яе былы муж выехаў за мяжу раней, і хоць адносіны зь ім ня складваліся, яна спадзявалася атрымаць дазвол на жыхарства ў рамках узьяднаньні зь сям’ёй. Падала дакумэнты, чакала.

«Мяне выклікалі ва „ўжонд“ на вуліцы Маршалкоўскай (Управа ў справах іншаземцаў у Польшчы. — РС), узялі адбіткі пальцаў, я здала фатаздымкі. Празь нейкі тэрмін замест станоўчага рашэньня мне прыходзіць адмова — нібыта згубіўся дакумэнт, на падставе якога можна было рабіць дазвол на жыхарства для ўзьяднаньні сям’і. А цяпер тэрмін скончыўся. Але мне ніхто не пазваніў, не напісаў. Не было ні ліста, ні апавяшчэньня, што ў мяне не хапае нейкага дакумэнту, каб я яго прынесла. У лістападзе 2024 году сканчалася мая працоўная віза. Я зьвярнулася да юрысткі, выслала ёй на электронную пошту ўсе дакумэнты, пыталася, ці магу абскардзіць. Юрыстка сказала, што не — выйшлі ўсе тэрміны. Я не разумею, навошта было браць адбіткі пальцаў, фатаздымкі… То бок адбылася апошняя працэдура перад выдачай карты. І мне не заставалася нічога іншага, як падацца на міжнародную абарону. Гэта быў лістапад 2024 году», — расказвае сваю гісторыю Алена.

Акцыя памяці Алеся Пушкіна ва Уроцлаве, архіўнае фота
Акцыя памяці Алеся Пушкіна ва Уроцлаве, архіўнае фота

Яна ўзгадвае ўсе нязручнасьці: праблемы з банкам, цяжкасьці з працай. Алене далі часовыя дакумэнт на 6 месяцаў, потым яшчэ адзін. Прыватнік-паляк узяў на працу,

«Я не магу нічога зрабіць для паляпшэньня свайго жыцьця і жыцьця свайго дзіцяці. На працы таксама праблемы — толькі часовы кантракт. Я не магу пайсьці вучыцца і атрымаць новую спэцыяльнасьць. Не кажу ўжо пра дробныя нязручнасьці: сама не магу аплаціць тэлефон — заблякаваны інтэрнэт-банкінг, бо ня маю дзейсных дакумэнтаў. Маё жыцьцё было пастаўлена на паўзу. Напісала адну скаргу — з просьбай паскорыць разгляд маёй справы, калі прайшло паўтара года з дня падачы дакумэнтаў, потым наступную. Магчыма, я раззлавала іх сваімі скаргамі. І днямі прыйшло адмоўнае рашэньне», — кажа жанчына.

На яе думку, адмова напісаная шаблённа: у Беларусі сытуацыя нармалізавалася, яна не актывістка і ня лідэрка, таму ёй нічога не пагражае. Аднак Алена з гэтымі высновамі не пагаджаецца і рашуча настроеная падаваць апэляцыю. Зараз вядзе перамовы зь юрыстам.

«У Беларусь мне ехаць небясьпечна: я выходзіла на ўсе маршы — жаночыя, нядзельныя, стаяла каля Камароўкі з кветкамі. Выстаўляла допісы, відэа. Да мяне прыходзілі дадому зь ператрусам, павезьлі на допыт у Сьледчы камітэт, не затрымалі толькі таму, што ў мяне непаўналетняе дзіця. Я зразумела, што трэба зьяжджаць. Так, удалося тады зрабіць працоўную візу. Магчыма, я сама крыху вінаватая, што ня здолела пераканаўча расказаць пра сваю сытуацыю на сумоўі. Цяпер раюся зь юрыстам, як правільна ўсё гэта аформіць. Пагатоў ня маю іншага выйсьця — мая непаўналетняя дачка атрымала „карту побыту“ (дазвол на жыхарства. — РС) дзякуючы бацьку, майму былому мужу. Я ж не пакіну тут дзіця», — апавядае Алена.

«Мая сьціпласьць мяне і загубіла»

Вадзім (імя зьмененае зь меркаваньняў бясьпекі. — РС) быў адміністратарам папулярнага ўвосень 2020-га — узімку 2021 году тэлеграм-каналу. На яго «наехалі», былі праблемы — ператрус у найманай кватэры, у бацькоў. Давялося зьехаць з гуманітарнай візай.

«Я знайшоў у Польшчы працу дызайнэрам, спачатку ўсё было добра. Віза сканчалася, зьвярнуўся па часовы дазвол на жыхарства. Але потым пачаліся скарачэньні ў кампаніі, мне не пашанцавала. Сябры параілі падаць заяву на міжнародную абарону.

Я спачатку наагул не разумеў, што гэта. І вельмі сьціпла расказаў і на сумоўі, і потым у пісьмовай анкеце, што адміністраваў тэлеграм-канал, што мы давалі проста аб’ектыўныя нэўтральныя навіны. Па-першае, я шчыра не лічыў сябе „героем“ і „рэвалюцыянэрам“, асабліва на фоне таго, што шмат людзей рэальна пасадзілі. Ну, а калі мне адмовілі, быў у шоку: я ня лідэр, не арганізатар і сам прызнаю, што публікаваў нэўтральныя навіны. І міжнародная абарона мне „не паложана“ — у Беларусі мне нічога не пагражае.

Зьвярнуўся па кансультацыю да юрысткі, тая мякка намякнула, што я, маўляў, „сам дурань“, мая сьціпласьць мяне і загубіла. Паабяцала дапамагчы. Ну што ж, будзем змагацца. Буду абскарджваць адмову», — расказвае хлопец сваю гісторыю.

Сьвятлана Ціханоўская і міністар замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі падчас сустрэчы ў Гданьску, 25 чэрвеня 2026
Сьвятлана Ціханоўская і міністар замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі падчас сустрэчы ў Гданьску, 25 чэрвеня 2026

Адмыслоўца ў легалізацыі беларусаў у Польшчы Ірына Варачкова днямі разьмясьціла на сваёй старонцы ў Фэйсбуку так званую «мэтадычку» Ўправы ў справах іншаземцаў, якая называецца «Беларусь. Сытуацыя зь бяспекай і пагрозы для цывільнага насельніцтва» на 21 старонцы.

«Мэтадычка» апублікаваная яшчэ 11 верасьня 2025 году, у ёй сьцьвярджаецца, што польскія ўлады называюць Беларусь бясьпечнай краінай, тэрміны даўніны так званых «пратэставых артыкулаў» прайшлі, а Лукашэнка правёў 6 хваляў памілаваньняў палітычных зьняволеных. Актыўна карыстацца новымі правіламі польскія ўлады пачалі ў траўні 2026 году.

На думку спэцыялісткі ў легалізацыі Ірыны Варачковай, гэта адбылося таму, што да сакавіка 2026 году справы аб міжнароднай абароне былі фактычна замарожаныя, іх амаль не разглядалі. А калі колькасьць неразгледжаных справаў дайшла да крытычнай лічбы — 3 тысячы, іх пачалі разглядаць больш актыўна. І цяпер рашэньні атрымліваюць людзі, якія падавалі заявы яшчэ ў 2024 годзе.

«Прачытаўшы дзясятак адмоваў беларусам у атрыманьні міжнароднай абароны, я ў шоку. Я лічу, што стаўленьне Польшчы да беларусаў зьмянілася. Прабачце за рэзкасьць, але некаторыя адмовы проста абсурдныя. Ужо не хапае аднаго затрыманьня і пратаколу. Трэба было некалькі разоў трапіць на „суткі“, тады б далі абарону. Альбо: „Так, вы даказалі свой удзел у пратэстах у Беларусі і тое, што пару разоў выйшлі на акцыі ў Польшчы“, але „вы не публічны чалавек, ня лідэр арганізацыі, і вам нічога не пагражае“. І амаль у кожнай адмове спасылка на „мэтадычку“, якую я разьмясьціла. Таму я пачала пра гэта актыўна пісаць і біць трывогу», — тлумачыць юрыстка.

Паводле яе, часам беларусаў абвінавачваюць, што яны, маўляў, самі вінаватыя ў тым, што польскія ўлады сталі больш жорстка ставіцца да ўсходніх суседзяў. Калі выдавалі гуманітарныя візы, беларусы езьдзілі сюды-туды, а таксама злоўжывалі візамі Poland Business Harbour. Ірына Варачкова так ня думае.

«Не лічу гэта віной, бо чалавек рэальна мог езьдзіць, пакуль яго не знайшлі, а потым хоп — і „вылічылі“ на нейкім фота і распачалі справу. Або, правяраючы тэлефон, знайшлі падабайкі пяцігадовай даўніны. І чалавек трапляе ў нейкія сьпісы. Ну і фармулёўка, маўляў, „гэта было аднойчы“, — таксама абсурд. Камусьці шанцуе, а камусьці ня вельмі», — мяркуе спадарыня Ірына.

Юрыстка настойліва раіць беларусам, што атрымалі адмовы ў міжнароднай абароне, не адчайвацца і не баяцца падаваць апэляцыі, абскарджваць рашэньні польскіх уладаў.

«Я ўсім кажу падаваць! Спадзяюся, нашыя дэмакратычныя сілы, Сьвятлана Ціханоўская, Павал Латушка і астатнія больш актыўна ўключацца і змогуць данесці да польскага боку, што няправільна падыходзіць так да пытаньня. У Беларусі сытуацыя не зьмянілася — як саджалі, так і саджаюць. І ня важна, адзін раз ты выйшаў ці пяць разоў. Калі знайшлі доказы, тады і завялі крымінальную справу», — кажа Ірына Варачкова.

Адмыслоўца ў легалізацыі беларусаў Вольга Цімкіна таксама настойвае на абскарджваньні адмоўных рашэньняў.

«Калі людзі не падаюць апэляцыю, гэта азначае, што яны пагаджаюцца: ім не патрэбная міжнародная абарона і яны могуць вяртацца дадому. І чым больш будзе такіх справаў, калі чалавек атрымлівае адмову і не падае апэляцыю, забірае пашпарт і сыходзіць — супрацоўнікі Ўправы будуць думаць: „Мы добра працуем, людзі пагаджаюцца. Навошта нам гэтыя нахлебнікі?“» — папярэджвае Цімкіна.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG