Новы законапраект, прапанаваны Міністэрствам унутраных справаў і адміністрацыі Польшчы, прыпыняе абавязковыя тэрміны разгляду справаў аб дазволах на жыхарства і іншых працэдурах легалізацыі. Законапраект тычыцца дапамогі грамадзянам Украіны ў сувязі з вайной на яе тэрыторыі.
Калі закон прымуць, польскія дзяржаўныя ўстановы будуць надалей прымаць і разглядаць заявы, але могуць не выконваць вызначаных тэрмінаў працы з такімі дакумэнтамі.
Такі вынятак пачаў дзейнічаць у пачатку 2022 году ў сувязі з прытокам украінскіх уцекачоў. Яго ня раз падаўжалі. Цяпер прапануецца зноў працягнуць яго, ужо да 4 сакавіка 2027 году.
Увосень 2025 году ў Польшчы замарозілі максымальныя тэрміны разгляду справаў аб міжнароднай абароне, што закранула многіх беларусаў. Прыпыненьне дзейнічае да 4 сакавіка 2026 году, але падаўжацца ня будзе.
Управа ў справах замежных грамадзян будзе прымаць рашэньні аб заявах за 6 месяцаў, а ў некаторых выпадках — за 15 месяцаў, адзначае Most.
Як паведамляе Ўправа, 2,3 тысячы беларусаў з студзеня па верасень 2025 году папрасілі міжнародную абарону ў Польшчы. 1,3 тысячы чалавек ужо атрымалі станоўчыя рашэньні, 100 чалавек — адмовы.
Грамадзяне Ўкраіны застаюцца на першым месцы па колькасьці прашэньняў аб міжнароднай абароне — 6,2 тысячы (1,5 тысячы станоўчых рашэньняў і 1,4 тысячы адмоваў). За імі ідуць грамадзяне Беларусі, потым — Расеі (500 чалавек), Афганістану і Таджыкістану — па 200 чалавек. Грамадзяне Расеі нячаста атрымліваюць міжнародную абарону ў Польшчы. Станоўчае рашэньне вынесьлі для 70 расейцаў, 300 атрымалі адмову.
Міжнародная абарона ў Польшчы — адмысловы статус для іншаземцаў, якія ня могуць вярнуцца ў сваю краіну праз пагрозу перасьледу, катаваньняў, пагрозы жыцьцю і свабодзе. Ёсьць дзьве формы абароны: статус уцекача (з выданьнем так званага «жэнэўскага пашпарту») і статус дадатковай абароны — выданьне дазволу на жыхарства тэрмінам на 2 гады, потым яго можна абмяняць на новы.
Усяго за 2021–2025 гады грамадзянам Беларусі выдалі 11 177 рашэньняў, у тым ліку 10 617 станоўчых (873 беларусы атрымалі статус уцекача, 9 744 — дадатковую абарону).
Форум